Аўтографы Рыцара

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

22 лістапада ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца прэзентацыя выстаўкі “Рыцар зямлі беларускай” да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

 

Як паведаміла карэспандэнту "К" загадчык сектара рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў установы Таццяна Жук, экспазіцыя нагадвае своеасаблівую мазаіку, кожны з элементаў якой распавядае пра асобны этап творчай дзейнасці майстра літаратурнага слова.

Наведвальнікі пабачаць аўтограф культавых раманаў "Каласы пад сярпом тваім", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Чорны замак Альшанскі", а таксама чарнавікі шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, эсэ і казак. Частка раздзелаў выстаўкі дае ўяўленне пра Караткевіча як драматурга, перакладчыка, кінасцэнарыста. Аб тэатральных работах класіка раскажа аўтограф лібрэта оперы "Сівая легенда", афіша прэм'ернай пастаноўкі "Кастусь Каліноўскі" з аўтографамі занятых у спектаклі акцёраў.

Асобным стэндам прадстаўлены цыкл фатаграфій, дзе адлюстраваны адпачынак Уладзіміра Караткевіча ў Піцундзе разам з Васілём Быкавым і Алесем Савіцкім. Караткевіч да кожнага здымка рабіў жартаўлівы надпіс, але да гэтай пары подпісы захоўваліся ў фондах асобна. Упершыню шырокая публіка пабачыць фотасерыю ў такім выглядзе, як яе задумваў пісьменнік.

Сярод экспанатаў - і першая публікацыя вершаў "Якубу Коласу" і "Здесь будет канал" у газеце "Ленінскі прызыў", а таксама апошні верш - "Васілю Быкаву", напісаны незадоўга да смерці. "Напэўна, прыхільнікаў творчасці славутага земляка зацікавяць рукапісы вершаў 1950-х гадоў з арыгінальнымі малюнкамі аўтара", - дадае Таццяна Жук. На выстаўцы прадстаўлены і дакументы часоў навучання У.Караткевіча ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце, запісныя кніжкі пісьменніка...

Своеасаблівы падмурак экспазіцыі склалі матэрыялы, якія ў 2000 годзе Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа перадала сястра Уладзіміра Караткевіча Наталля Кучкоўская. Гэтых дакументаў аказалася ў шмат разоў болей за архіўны фонд, што ў свой час набыла бібліятэка з рук самога аўтара.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"