Помнік Купалу і Коласу: конкурс прадоўжаны

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Як паведамілі “К” у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, у сувязі з прапановамі прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” і ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”, конкурс на стварэнне эскізнага праекта помніка Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве прадоўжаны да канца 2010 года.

/i/content/pi/cult/297/4958/2-1.jpg

Адпаведны загад № 167 падпісаны міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам. Згодна з дакументам, уносяцца некаторыя карэктывы ў Палажэнне аб парадку правядзення конкурсу на стварэнне эскізнага праекта помніка Янку Купалу і Якубу Коласу, зацверджанага загадам міністра культуры № 145 ад 12 кастрычніка 2010 г. Дакумент быў апублікаваны ў "К" № 42 за 2010 г.

У прыватнасці, тэрмін правядзення конкурсу прадоўжаны да 30 снежня бягучага года, а да 30 лістапада патэнцыйныя ўдзельнікі маюць магчымасць падаць заяўку на творчае спаборніцтва. Акрамя ранейшых патрабаванняў да заяўкі, выкладзеных у папярэдняй рэдакцыі Палажэння, пункт 7 папоўніўся наступным абзацам: "Да заяўкі неабходна дадаць на вышэйназваны электронны адрас не пазней за 27 снежня 2010 г. фота мадэлі помніка, якое выканана ў фармаце jpg, памерам не больш чым 800- 600 dpi, з паметкай "Фота да конкурснай заяўкі №_____".

Паводле новага загаду, "з улікам архітэктурна-ландшафтнага асяроддзя месца размяшчэння помніка, вышыня фігур павінна складаць ад 2 да 3 метраў".

Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены на цвёрдым планшэце памерам 1х1 м, а мадэль помніка мусіць мець маштабныя суадносіны з арыгіналам 1:10.

Таксама, паводле загаду, конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены аўтарамі 27 снежня 2010 г. не пазней за 17.00 па адрасе: г.Мінск, пр. Незалежнасці, 81, галерэя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацваў. Матэрыялы разглядаюцца членамі камісіі на закрытым пасяджэнні 29 снежня. Арганізатары маюць права змяніць дату правядзення конкурсу, але не раней за 29 снежня, а таксама месца яго правядзення.

 ■ ■ ■

У гэтым нумары мы друкуем новы варыянт дадатку да Палажэння аб конкурсе, а таксама спадарожнікавы здымак той тэрыторыі, дзе мяркуецца ўстанавіць помнік класікам беларускага слова ў Варшаве - у парку "Марское вока". Прыкладнае месца яго будучага размяшчэння абведзена колерам.