“Напалеонаўскія” праекты

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з прэзідэнтам Нацыянальнай бібліятэкі Францыі Бруна Расінам паклала пачатак новым праектам у культурным супрацоўніцтве дзвюх краін.

 

Мяркуецца, што Беларусь і Францыя разам створаць віртуальную бібліятэку мецэната Івана Каладзеева, які быў знаўцам вайны 1812 года і сабраў шмат дакументаў па яе гісторыі. Цікавасць да гэтага праекта абумоўлена падрыхтоўкай да мерапрыемстваў, прысвечаных 200-годдзю вайны. Іван Каладзееў, знакаміты вучоны з Барысава, які даследаваў гэтую тэму на мяжы XIX - XX стагоддзяў, сабраў каля 15 тысяч кніг па тэматыцы напалеонаўскіх войнаў. Ён жа арганізоўваў і раскопкі на Міншчыне, знайшоў шмат рэчаў, што засталіся з часоў баявых дзеянняў. Частка гэтых кніг і дакументаў знаходзіцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Бруна Расін пагадзіўся з прапановай Паўла Латушкі стварыць і перадаць Беларусі лічбавыя копіі дакументаў Вялікага Княства Літоўскага з ліку тых, якія ёсць у французскай бібліятэцы. Несумненна, яны будуць вельмі каштоўнымі для айчынных даследчыкаў гэтай тэмы.

 Таксама бакі абмеркавалі ўзаемнае вывучэнне фондаў нацыянальных бібліятэк дзвюх краін.