Да Мінска з любоўю і… без любові?

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Тут нават булачкі пахнуць лепей...

/i/content/pi/cult/297/4951/Clip_3.jpgЯшчэ зусім нядаўна, усяго толькі пару месяцаў таму, Сучасны мастацкі тэатр абвясціў аб пачатку рэалізацыі амбіцыйнага праекта пад назвай "Мінск, я люблю цябе!": трылогіі з міні-спектакляў, у якіх сучасныя драматургі і рэжысёры прызнаюцца ў сваіх пачуццях да беларускай сталіцы. Задачы, якія паставілі перад сабой стваральнікі гэтага праекта, таксама не падаюцца сціплымі: стварыць адмысловы тэатральны прадукт, што станецца актуальным для сучаснага гледача, адчуць і выявіць тыя адметнасці, якія характарызуюць сталічны горад, урэшце, упісаць Мінск у еўрапейскую плынь творчых "прызнанняў" (тут будзе дарэчы ўзгадаць фільмы "Парыж, я люблю цябе!" і "Масква, я люблю цябе!"). Наколькі ж удалося тэатру ажыццявіць свае творчыя планы і якім атрымалася прызнанне?

Праблема стварэння новага тэатральнага прадукту на Беларусі існуе даўно. Час ад часу ўзнікаюць дыскусіі аб тым, што ж варта лічыць насамрэч сучасным тэатрам і якім чынам творцы павінны адгукацца на патрабаванні гледача? Адны сцвярджаюць, што ў пошуку гэтай сугучнасці тэатрам варта звяртацца да твораў з "вечнай" тэматыкай, актуальнай ва ўсе часы. Гэта значыць - да класікі. Іншыя ж перакананы, што вострыя і актуальныя для сучаснага чалавека тэмы ў поўнай ступені адчуць і асвятліць можа толькі драматург сучасны. Аднак пры гэтым галоўнымі папрокамі да тых новых п'ес, што з'яўляюцца з-пад пёраў гэтых аўтараў "на злобу дня", як правіла, станавіліся адносна неглыбокае, павярхоўнае "здыманне" той або іншай тэмы і навязлівае імкненне да "заігрывання" з гледачом. І ў гэтым сэнсе аўтарам усіх трох міні-п'ес, якія ляглі ў аснову спектакля "Мінск, я люблю цябе!", не ўдалося абмінуць ніводнай з дзвюх названых "характэрных рыс".

Разабраць на складнікі старую "міфалогію" Мінска і стварыць на іх аснове новую, сваю, - гэтая задача аказалася не пад сілу стваральнікам спектакля. І прычын тут шмат. Першая з іх - адсутнасць якіх-кольвечы устойлівых стэрэатыпаў адносна беларускай сталіцы, што характарызавалі б Мінск па-за яго межамі. Па сутнасці, драматургам удалося "вычапіць" толькі дзве адметнасці: тэму "чыстага горада", раскрытую Мікалаем Рудкоўскім, ды тое назіранне, што мінчане ніколі не пераходзяць вуліцу на чырвонае святло, абыграную Дзіянай Балыка. Аднак абедзве яны засталіся на ўзроўні "фіксацыі факта наяўнасці", сюжэтнай экспазіцыі, ніякім чынам не раскрыўшыся ў драматургічным матэрыяле.

Яшчэ адзін падводны айсберг, з якім так ці інакш сутыкнуліся ўсе тры драматургі: жаданне паказаць беларусаў, а дакладней - стварыць пэўны злепак-маску, выцягнуўшы на паверхню самыя яркія рысы нацыянальнага характару. І ў гэтым імкненні "лідарства" варта прыпісаць драматургічнай частцы, напісанай Андрэем Курэйчыкам. Аўтар шчыльна напаўняе тэкст персанажаў пафаснымі выказваннямі кшталту таго, што ў Мінску, у параўнанні з Масквой, усё лепшае, і нават булачкі пахнуць лепей, чым маскоўская шаўрма. Гэта нецвярозай дзяўчыне-правінцыялцы пацвярджае і скульптура маладога чалавека ў Міхайлаўскім скверы, што спецыяльна дзеля падобнай "дыскусіі" ажывае сярод ночы і нават чытае вершы Багдановіча.

І рэжысёр "Мінск. love" Сяргей Кавальчык, які, можна сказаць, спецыялізуецца на пошуку тэатральнага вобраза беларуса (варта ўзгадаць хаця б яго надзвычай удалы беларуска-сербскі праект "Шлях у Царград" па п'есе З.Косціча на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі), не знайшоў таго самага драматургічнага "шкілету", на які ён здолеў бы начапіць увесь аўтарскі пафас. Праз тое структура першай часткі, пабудаваная па прынцыпе "селі і пагутарылі кожны пра сваё", прадэманстравала непрыдатнасць тэксту ў справе пошуку і стварэння характараў- тут, як вядома, усё вырашае такое тэатральнае па/i/content/pi/cult/297/4951/Clip_2.jpgняцце, як падзейны шэраг.

У якасці своеасаблівага "працягу" шлюбнай тэмы Дзіяна Балыка ў сваёй частцы пад назвай "Вяселля не будзе..." "садзіцца" на свайго любімага "канька" ды заводзіць сюжэтныя падзеі ў сямейна-побытавую плоскасць. І хаця, як і ў іншых сваіх п'есах, яна шчодра сыпле разнастайнымі "народнымі мудрасцямі", пачэрпнутымі з гламурных часопісаў, ды ўзорамі так званай сучаснай псіхалогіі, дзякуючы ўдала знойдзенай акцёрамі і рэжысёрам Венедзіктам Расстрыжэнкавым інтанацыі лёгкай іроніі, гэтая гульня сучаснымі стэрэатыпамі выглядае вясёлай ды нязмушанай забавай. На жаль, як і на мінулай прэзентацыі сваёй папярэдняй мініп'есы - у рамках праекта "Оn-line" на "Панараме", - Дзіяна Балыка не здолела выруліць на які-кольвек пэўны фінал, абмежаваўшыся тым, што "ў тэмпе алегра" запрэсавала сцэнічную сітуацыю ў фармальны хэпі-энд для ўсіх.

Бадай, глыбей за іншых улавіў асноўную задачу Мікалай Рудкоўскі, які ў сваім "Самым чыстым горадзе" паспрабаваў паразважаць, якім жа чынам стэрэатыпы адносна Мінска і яго сталічных "брэндаў" кшталту Аляксандраўскага скверу або абноўленага Опернага тэатра ўплываюць альбо не на характар саміх мінчан. Аднак, апынуўшыся ў агульным спісе трэцім, драматургічны матэрыял Рудкоўскага, які заўсёды вылучаецца акварэльнасцю, тонкасцю літаратурнай мовы і сэнсава-эмацыйнай важнасцю кожнага слова, стаўся заложнікам яркай камедыйнай формы двух папярэдніх выказванняў. У выніку рэжысёр Сяргей Кулікоўскі вырашыў не ісці за аўтарскімі разважаннямі, а "нажывіць" іх на дынамічна-тусовачную форму ў стылістыцы КВЗ-шных жартачак. Ды ўсё ж аўтарскаму лірызму ўдалося-такі прарвацца праз "sexual revolution" у самым фінале спектакля: у сцэне, дзе маладыя героі прызнаюцца адно аднаму ў каханні... з дапамогай алфавіту.

Разважаючы пра "формы і разнавіднасці" любові, якія дэманструюць усе тры сцэнічныя гісторыі, міжволі прыходзіш да высновы, што для сучасных аўтараў гэтае пачуццё атаясамліваецца, на жаль, адно толькі з сексуальнымі стасункамі. І ў гэтым святле ў выйгрышным становішчы аказваюцца тыя акцёры, якім не даводзіцца паводле сюжэту "іграць каханне", - Вікторыя Кавальчык, чыё дакладнае адчуванне жанру ў кожнай з трох частак ажыўляла сюжэтную "любовь-морковь", надаючы жывасці і лёгкай іроніі ў адносінах да таго, што адбываецца на сцэне, ды Яўген Булка, які ўдала знайшоў інтанацыі для ажылага помніка і прадэманстраваў у сваёй ролі насамрэч тэатральнае ўменне працаваць з тэкстам і партнёрам. А таксама - Максім Брагінец, чыя жывая арганіка сцэнічнага існавання здолела апраўдаць і "ўлюбіць" гледачоў і ў яго прыдзірлівага міліцыянера-правінцыяла з другой часткі, і ў рамантычнага юнака - з трэцяй.

Пасля спектакля Сучаснага мастацкага тэатра раптам разумееш, што больш за ўсё яму не хапае... менавіта любові, шчырага прыняцця гэтага мегаполіса не як "істоты", вартай адно толькі іранічнага да сябе стаўлення, а- самастойнага і самадастатковага складанага арганізма, што дае магчымасці для жыцця і самавыяўлення ўсім і кожнаму, у тым ліку - і стваральнікам гэтага спектакля.