Човен Чэслава

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Нэмэн спяваў і на беларускай мове!

/i/content/pi/cult/296/4948/pic_34.jpg

Ужо не першы раз на старонках "Культуры" даводзіцца распавядаць пра выпадковыя, але, разам з тым, зусім невыпадковыя сустрэчы... Вось і гэтая, што прыадкрыла адну з найбольшых загадак для мяне і, мусіць, многіх айчынных прыхільнікаў творчасці знакамітага ўраджэнца Беларусі - польскага рок-музыканта Чэслава Нэмэна, магла не адбыцца...

Пра тое, што ў Мінск прыехалі нэмэнолагі з Беластока і Варшавы, паведамілі калегі. На вячэрняй імпрэзе ў сталічным Палацы мастацтва з журналістам, а таксама адным з найбольш аўтарытэтных біёграфаў артыста Тадэвушам Скліньскім, радыёжурналістам Эдвардам Хомічам і тэлерэжысёрам Эўгеніюшам Шпакоўскім дамовіліся сустрэцца наступным днём. Маёй мэтай было прыадкрыць некаторыя невядомыя старонкі па тэме, якую можна ўмоўна назваць "Нэмэн і Беларусь", развеяўшы колькі міфаў, што склаліся вакол асобы нашага земляка.

 

Забыўся пра Васілішкі?

У 1979-м Чэслаў Нэмэн другі - і апошні- раз наведаў з канцэртамі Савецкі Саюз. Пабываў у Старых Васілішках, зняў цэлую плёнку на сваю фотакамеру, але, расплакаўшыся, засвяціў яе. З'яўляліся розныя трактоўкі ягонага ўчынку...

Тадэвуш Скліньскі: "У сярэдзіне 1980-х, пад час аднаго з інтэрв'ю канадскай прэсе, Нэмэн у маёй прысутнасці сказаў: "Старыя Васілішкі - гэта адзін з найпрыгажэйшых успамінаў у маім жыцці". Ён ніколі не саромеўся, прыехаўшы ў Польшчу, сваёй малой радзімы. Заўжды падкрэсліваў, што ён паходзіць не з Васілішак, а- са Старых Васілішак!" Так, у 1979-м Нэмэн наведаў СССР у рамках Дэкады польскай культуры. Паміж канцэртамі ў Гродне і Пінску артыст наведаў малую радзіму... Чаму засвяціў тую плёнку? Ён некалі патлумачыў так: "Нават дошчачка, што падпірала фортку ў маім спусцелым доме, засталася, за два з паловай дзесяткі гадоў, на тым жа самым месцы..."

Эдвард Хоміч: "Ён неаднойчы распавядаў, як выглядалі дрэвы, рака, камень, дзе любіў сядзець. Усяму, што ўмеў рабіць сваімі рукамі, навучыўся ад бацькі".

Зямля беларуска/i/content/pi/cult/296/4948/pic_33.jpgя яго ўзгадавала...

 

Сустракаўся з "Песнярамі"? 

Прынамсі, пра гэта колькі разоў казалі ўдзельнікі "залатога складу" нашага славутага ансамбля. Вось што прыгадвае ў адным з інтэрв'ю ўдзельнік тых падзей, заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч: "Неяк у Сопаце мы гутарылі з Чэславам Нэмэнам. Аказалася, што ў яго біяграфіі шмат агульнага з Мулявіным: Нэмэн таксама не скончыў музвучылішча, але стаў вялікім музыкантам". Сустрэча магла адбыцца ў 1971-м, калі на Міжнародным фестывалі песні ў Сопаце "Песняры" прадстаўлялі кружэлку, дзе на адным баку гучала "Ой, рана на Йвана", а на другім- "Алеся".

Эдвард Хоміч: "Пра такі факт не ведаем, але паглядзець на сумеснае выступленне Нэмэна і "Песняроў" было б цікава. Скажу так: Нэмэн - такая "фірма", якая мела сваю марку. Таксама мы ў Польшчы добра ведаем, якімі папулярнымі былі на той час "Песняры" ў Савецкім Саюзе, таму... Усё магчыма!"

 

Не спяваў беларускіх песень?

Прынамсі, пра гэта сведчыць трэк-ліст альбома "Рускія песні". Там- рускія народныя песні, адна - украінская, а вось беларускіх - ніводнай. Не вядомы яны і ўвогуле ва ўсім рэпертуары Чэслава Нэмэна, хаця родныя прыгадвалі: у юнацтве ён упадабаў твор пра "бацьку-Нёман".

Тадэвуш Скліньскі: "Так, беларускіх народных песень у яго рэпертуары няма, калі казаць пра запісаныя ім творы. А па жыцці ён, прыгадваю, спяваў адну беларускую песню: "Вей, ветрык, вей, гані жвавей човен мой..."

 

■ ■ ■

У падораным Тадэвушам Скліньскім каталогу артыста на адной са старонак пабачыў... выяву паласы "Культуры" з успамінамі пра Нэмэна яго сакурсніка па Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы Мікалая Шышыгіна. Як жа трапіла ў выданне наша газета за 2004 год?

Тадэвуш Скліньскі: "Копія артыкула трапіла да мяне ў папраўдзе жахлівым стане: гэта, відаць, быў дваццаты адбітак! Атрымалі мы яго, наколькі памятаю, з папкі выразак ад родных Чэслава ў Старых Васілішках. Каб паставіць старонку ў кнігу, давялося нямала папрацаваць дызайнеру над той копіяй, а здымкі ўзялі са сваіх архіўных арыгіналаў. Гэта вельмі цікавы артыкул! Папросту не маглі абмінуць яго". Зазначу, што ў 430-старонкавым фаліянце адсканіраваных газетных і часопісных артыкулаў усяго колькі дзесяткаў, беларускіх - два, адзін з іх - "культура"ўскі. І як тут яшчэ раз не згадаць пра выпадковыя невыпадковыя сустрэчы...

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах