Аграгарадок са статусам… вёскі

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Ці абслужыш без “бібліятэкі на колах” 420 паселішчаў?

/i/content/pi/cult/296/4944/Clip_17.jpgПастаўшчына займае не апошняе месца сярод "раскручаных" рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Пэўна, кожны пры згадцы аб Паставах адразу ўспомніць і Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", і дыхтоўны палац Тызенгаўза, і знакаміты Парыж з "Эйфелевай" вежай, і вытанчаны старадаўні касцёл у Камаях... Пра гэтыя цікавосткі краю наша газета пісала ўжо неаднойчы.

Але гэткая знакамітасць і пазнавальнасць рэгіёна накладае, натуральна, і вялікую адказнасць на кіраўніцтва мясцовага аддзела культуры. Бо тым, хто пастаянна навідавоку і, як кажуць, у першых шэрагах, даводзіцца зноў і зноў пацвярджаць сваё ўменне і права заставацца ў лідарах. Таму і сёння клубнікі ды бібліятэкары Пастаўшчыны працягваюць шчыраваць на іміджаўтваральнай "глебе" свайго рэгіёна. А гэта значыць - ствараюць новыя турыстычныя аб'екты, фарміруюць уяўленні аб Пастаўшчыне ў замежнага, а не толькі айчыннага, турыста, і зацікаўліваюць сваёй працай новых і новых спажыўцоў...

Да таго ж, не варта забывацца на тое, што кожнаму раёну Віцебшчыны ў 2010 годзе даведзены 200-працэнтны паказчык выканання плана платных паслуг. І таму без крэатыўнасці і творчых задумак пастаўскім культработнікам цяпер проста немагчыма.

Зрэшты, з выкананнем даведзеных паказчыкаў, нягледзячы на даволі паспяховую работу ў развіцці пазабюджэтнай дзейнасці і ўвядзенне новых відаў платных паслуг, мясцовы аддзел культуры пакуль не спраўляецца.

Ёсць пытанні з матэрыяльна-тэхнічнай базай у некаторых СК і СДК, востра стаіць кадравая праблема... Ды і з выкананнем Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла таксама пакуль не ўсё атрымліваецца...  

 

Народ пытаецца і прапануе

"Адзін камп'ютар - гэта вельмі мала"

Установы культуры Пастаўшчыны маюць шэраг праблем, якія ў нечым падобныя да тых, што існуюць і ў іншых рэгіёнах Беларусі. І, натуральна, менавіта на вырашэнні гэтых пытанняў засяроджвалі ўвагу мясцовыя жыхары, калі карэспандэнт "К" праводзіў невялікае сацыялагічнае апытанне.

Сяргей Фёдаравіч, настаўнік, г. Паставы:

- Наша Цэнтральная раённая бібліятэка даволі добра ўкамплектавана: заўсёды знаходжу там усе патрэбныя для сябе і сваёй працы кнігі. Засмучае адно: для таго, каб пакарыстацца Інтэрнэтам, даводзіцца запісвацца ў чаргу. А ўсё з-за таго, што ва ўстанове - толькі адзін камп'ютар, дзе наведвальніку можна пасядзець у Сеціве. Адзін камп'ютар - гэта, пагадзіцеся, для раённай бібліятэкі вельмі мала. Ці ёсць магчымасць закупіць яшчэ некалькі?

Алена, школьніца, жыхарка аграгарадка "Навасёлкі":

- Няблага было б у нашу музычную школу набыць сёе-тое з тэхнікі: тэлевізар, DVD, сучасную апаратуру... Бо складваецца ўражанне, што цяпер зусім не XXI стагоддзе... Усё-такі, жывём мы не ў вёсцы, а ў аграгарадку, таму, як кажуць, трэба адпавядаць статусу.

Раіса Іванаўна, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка "Навасёлкі":

- Ведаю, што наша бібліятэкар абслугоўвае ці не дзесятак суседніх вёсак. У любы час і ў любое надвор'е едзе або ідзе з кнігамі да чытачоў. Ці магчыма для гэтага прыстасаваць машыну?

Святлана Пятроўна, жыхарка аграгарадка "Андроны":

- Клуб у нас цяпер выглядае вельмі добра, і яго нават не параўнаць з тым, што было. Праўда, хочацца, каб да нас часцей прыязджалі артысты, ды і больш гурткоў было ў клубе, бо пакуль маем толькі адзін. А створаць яшчэ які цікавы, можа, і я туды з задавальненнем запішуся.

 

Вёска=аграгарадок?/i/content/pi/cult/296/4944/Clip_16.jpg

Сельскі клуб і бібліятэка ў Андронах атрымалі статус аграгарадоцкіх у 2008 годзе. Пад час рамонту ў будынку, дзе месцяцца ўстановы культуры, заменены дах, адрамантаваны фасад і ўнутраныя памяшканні. На гэтых работах было асвоена прыкладна пяцьсот мільёнаў рублёў. Сума, пагадзіцеся, не малая.

Едучы ў Андроны, хацеў, натуральна, пабачыць на свае вочы не толькі адрамантаваны фасад сельскага клуба, а і тое, наколькі якасна змянілася праца мясцовых культработнікаў.

Але, на жаль, новае ў Андронах пакуль - гэта менавіта будынак клуба. У прыгожых кабінетах і адрамантаванай глядзельнай зале, як кажуць, ёсць дзе разгарнуцца. Але як былі да 2008 года ў клубе адзін народны фальклорны гурт аўтэнтычнай песні ды гурток вакальных спеваў, так і засталіся. Вось такі "крэатыў" коштам у паўмільярда рублёў.

Загадчык клуба Ніна Буйла - яна, дарэчы, з'яўляецца кіраўніком таго самага народнага калектыву,- спрабуе цяпер у адным з памяшканняў установы зрабіць гурток для аматараў здаровага ладу жыцця: аддзел спорту і турызму райвыканкама перадаў ёй некалькі трэнажораў. З цягам часу кіраўніцтва СК мяркуе браць плату з тых, хто хоча пазаймацца і пакачаць "жалеза". Але пакуль задуманы гурток не працуе.

Адзначу толькі адно: у іншых аграгарадоцкіх клубах бачыў па пяць- шэсць аматарскіх аб'яднанняў, якія- бывае і так - вядзе адзін чалавек. Чаму ж нельга стварыць яшчэ некалькі гурткоў у Андронаўскім СК? Напрыклад, па кветкаводстве (балазе раслінамі застаўлены ўсе пакоі сельскага клуба)? Або вырошчваць ці збіраць лекавыя травы, а, магчыма, іх і прадаваць? Думаецца, раённы метадычны цэнтр з задавальненнем дапамог бы кіраўніку ў наладжванні падобнай дзейнасці...

Падзялюся вопытам з нашых паездак па Беларусі. Напрыклад, у Іванаўскім раёне, што на Брэстчыне, прапануюць у якасці платнай паслугі... набыць насенне кветак, а ў некаторых сельскіх клубах можна пакаштаваць гарбату або купіць зборы лекавых зёлак... Тое самае робяць і на Расоншчыне, калі весці гаворку пра Віцебскую вобласць... Чаму б гэты вопыт не пераняць і на Пастаўшчыне? Не кажу ўжо пра арганізацыю іншых тэматычных гурткоў... Натуральна, выказаў свае меркаванні і загадчыцы клуба, якая паабяцала падумаць над прапановамі і ў хуткім часе паспрабаваць сябе ў новай дзейнасці... Усё ж хацелася б, каб сучасны аграгарадок не быў роўны ў сваёй клубнай дзейнасці вёсцы...

 

З камп'ютарам. Але і без...

Фонд сельскай бібліятэкі ў Андронах - больш за восем тысяч экземпляраў, ёсць шэсць найменняў газет і дзесяць - часопісаў... Пры ўстанове працуе аматарскае аб'яднанне "Самаробкін", куды ўваходзяць пяць чалавек.

Усё, падаецца, няблага. Але план платных паслуг у бібліятэцы пакуль не выконваецца. І гэта - нягледзячы на тое, што ва ўстанове ёсць камп'ютар. Відаў платных паслуг, па праўдзе кажучы, не багата: здымкі старонак дакументаў, выдача кніг з камерцыйнага фонду, карыстанне Інтэрнэтам і набор тэксту. Прычым на сёння рэальна дзейнічае і прыносіць прыбытак толькі першая з іх, на астатнія попыту чамусьці няма. Па словах бібліятэкара Людмілы Валадзько, якая, на жаль, не мае спецыяльнай адукацыі (па спецыяльнасці яна - інжынер-гідратэхнік), ёй, хутчэй за ўсё, не стае арганізатарскіх здольнасцей. Вось таму і не ўдаецца зацікавіць жыхароў Андронаў і навакольных вёсак усімі тымі паслугамі, што мае ўстанова. Ды і з тэхнікай супрацоўніца пакуль што не надта "сябруе". Да таго ж, камп'ютар - без сканера, прынтара і ксеракса, што, вядома, таксама не надта спрыяе "загружанасці" вылічальнай машыны.

І апошняе. У сферы абслугоўвання бібліятэкаркі - 12 вёсак. У любое надвор'е яна ездзіць з кнігамі на аўтобусе ці веласіпедзе або разносіць іх пехатой па ўсім наваколлі. Прычына адна: у аддзела культуры няма ні аўтаклуба, ні бібліобуса, таму ўсе калегі Людмілы Валадзько вымушаны рабіць тое ж самае.

 

Перспектывы Цэнтра

Наступны аграгарадок Пастаўшчыны, які наведаў цягам камандзіроўкі, - "Навасёлкі". Пазалетась у былой танцавальнай зале мясцовага СПК размясціўся Навасёлкаўскі цэнтр культуры. Тады ж, у 2008 годзе, установа была адрамантавана ў рамках Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла.

Як распавяла мастацкі кіраўнік ЦК Ірына Кузьміч, на сённяшні дзень тут існуе шэсць аб'яднанняў. Але гэтага, на яе думку, вельмі мала, асабліва калі ўлічыць той факт, што Цэнтр культуры абслугоўвае 24 навакольныя населеныя пункты. Ды і з дыскатэчным абслугоўваннем насельніцтва ёсць пэўныя цяжкасці: на танцы ў сельскую ўстанову культуры прыходзіць прыкладна 40 - 50 чалавек кожную суботу, што, натуральна, не спрыяе выкананню плана платных паслуг. А ён не такі ўжо і маленькі: звыш дзесяці мільёнаў рублёў. Па стане на 1 лістапада культработнікі зарабілі менш за палову гэтай сумы.

 Як распавяла начальнік аддзела культуры Пастаўскага райвыканакама Наталля Булавінцава, галоўная прычына недасканалай работы Навасёлкаўскага ЦК - кадравая праблема. Справа ў тым, што год таму на пасаду дырэктара ўстановы быў размеркаваны малады спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, але, па словах Наталлі Мікалаеўны, дзяўчына не надта добра спраўлялася са сваімі абавязкамі. Ды і мастацкі кіраўнік, які працаваў у ЦК, не меў спецыяльнай адукацыі і нічым дырэктару дапамагчы не мог.

Сітуацыя змянілася толькі месяц таму. На месца дырэктара прыйшла Вікторыя Ясюковіч, і за невялікі час яе працы ў Навасёлкаўскім ЦК выкананне плана платных паслуг адразу ўзрасло. Таксама змяніўся ва ўстанове і мастацкі кіраўнік. Ірына Кузьміч - чалавек вопытны, у сферы культры, як кажуць, не навічок, мае спецыяльную адукацыю і гатова дзяліцца сваімі напрацоўкамі, прымяняць іх на практыцы.

Таму цяпер у супрацоўнікаў ЦК - сапраўды "напалеонаўскія" планы: стварыць яшчэ два танцавальныя гурткі для дарослых і дзяцей, актывізаваць працу з выязнымі канцэртамі, ладзіць дзіцячыя ранішнікі, а таксама экскурсіі да народных майстроў аграгарадка ды шмат чаго яшчэ. І, натуральна, выканаць у наступным годзе даведзены план платных паслуг.

 

Мікрафоны - справа патрэбная

Таксама завітаў у Навасёлкаўскую дзіцячую музычную школу. Ва ўстанове навучаюцца 59 дзяцей, якія займаюцца ігрой на баяне, акардэоне і фартэпіяна. Пры ДМШ працуюць сем танцавальных груп, дзіцячы баянны аркестр, а таксама народны ансамбль беларускай песні "Маладзіца", вядомы не толькі на Пастаўшчыне і Беларусі, але і ў Расіі, Літве, Польшчы... Ёсць у Навасёлкаўскай ДМШ і свой філіял, размешчаны ў вёсцы Стары Двор.

 Праблемы ў гэтай установе культуры датычацца ў асноўным тэхнічнай базы. Дырэктару Навасёлкаўскай ДМШ Алене Салавей вельмі хацелася б набыць для школы некалькі радыёмікрафонаў, камп'ютар, тэлевізар, DVDпрайгравальнік, каб мець магчымасць праглядаць выступленні калектываў, створаных пры ўстанове, і паказаць вучням запісы знакамітых ансамбляў.

Але ж, як пракаменціравала словы дырэктара школы начальнік аддзела культуры Наталля Булавінцава, радыёмікрафоны на сёння ёсць толькі ў Пастаўскім раённым цэнтры культуры. І пакуль што купіць іх для Навасёлкаўскай ДМШ няма магчымасці. А вось камп'ютарная праблема школы, магчыма, вырашыцца ў наступным годзе. Вядома - пры наяўнасці грашовых сродкаў.

/i/content/pi/cult/296/4944/Clip_18.jpg

Праблемныя пытанні ў развіцці культурнай сферы Пастаўшчыны былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай лятучцы, ініцыяванай "К". Намеснік старшыні Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта па сацыяльных пытаннях Ала КЕЙЗІК і начальнік аддзела культуры Наталля БУЛАВІНЦАВА працуюць на пасадах не адзін дзясятак гадоў, таму да драбніц ведаюць усе нюансы сацыякультурнага жыцця рэгіёна. Натуральна, гэта вельмі дапамагае пры вырашэнні ўсіх набалелых пытанняў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Першае маё пытанне, натуральна, датычыцца аграгарадкоў. У хуткім часе завершыцца Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла. А, наколькі я ведаю, цяпер на Пастаўшчыне вядуцца работы на трох аграгарадках. Ці паспееце ўсё зрабіць?

Ала КЕЙЗІК:

 - Два аграгарадкі, якія распачалі сёлета, сёлета і скончым. А вось аграгарадок "Хацілы", які застаўся "пераходным" яшчэ з мінулага года, будзе здадзены толькі ў 2011-м.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Атрымліваецца, паказчыкі Дзяржпраграмы выканаеце не поўнасцю?

Ала КЕЙЗІК:

- Дзяржпраграма будзе дзейнічаць і ў наступным годзе. Так што я не бачу ў гэтым праблемы. І мы нават рады, што ўстанова культуры ў аграгарадку "Хацілы" з'яўляецца "пераходнай" і будзе рамантавацца яшчэ і ў__ наступным годзе, бо пад яе нам сёлета таксама выдаткавалі грошы. Раней клуб і бібліятэка ў Хацілах месціліся ў прыстасаваным драўляным будынку пасляваеннай пабудовы, была невялічкая зала прыкладна на пяцьдзясят месцаў. А цяпер там з'явяцца зала для пасяджэнняў, памяшканне для працы гурткоў ды танцавальная зала. Да вясны будучага года мы гэтую ўстанову культуры аграгарадка здадзім.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якія цяпер стаяць задачы перад аддзелам культуры? У першую чаргу, вядома ж, на сяле...

Ала КЕЙЗІК:

- Найпершая задача - атрымаць аддачу ад тых сродкаў, якія ўкладзены ў аграгарадкі. Усе культработнікі павінны працаваць на якасна новым узроўні, кардынальна змяняць свае падыходы да працы. Таму што мы вельмі многа зрабілі за гады дзеяння Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пабывалі ў Андронах, дзе ў СК былі ўкладзены вялікія грошы, але праца мясовых культработнікаў там не на надта высокім узроўні...

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- Загадчык клуба там, дарэчы, стварыла калектыў са званнем "народны". План платных паслуг яна выконвае. Хаця не скажу, што ўсё ў Андронах вельмі добра. Мы ўжо неаднойчы заўважалі загадчыцы, што неабходна актывізаваць працу, стварыць яшчэ некалькі гурткоў...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не выконваецца план платных паслуг у Андронаўскай сельскай бібліятэцы, нягледзячы на тое, што там усталяваны камп'ютар. Ды і ў шматлікіх установах культуры Пастаўшчыны, наколькі мне вядома, таксама праблема з выкананнем плана...

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- У Андронаўскай бібліятэцы працуе неспецыяліст, таму і ёсць пэўныя цяжкасці з выкананнем даведзеных паказчыкаў. Што да плана платных паслуг, дык аддзел культуры шчыльна ім займаецца. За дзевяць месяцаў бягучага года зарабілі 244 мільёны. А план - 560 мільёнаў. Гэта 114 працэнтаў у супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Такім чынам, не выходзіце пакуль што не толькі на 200-працэнтны план, даведзены Віцебскім аблвыканкамам, але і на паказчыкі, устаноўленыя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь: 119 працэнтаў у супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года.

Ала КЕЙЗІК:

- Але я ўпэўнена, што на Саўмінаўскі рубеж да канца года мы выйдзем.

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- Абавязкова. У нас па аддзеле культуры - 88 відаў платных паслуг, 39 з іх уведзены ў гэтым годзе. Я думаю, адно гэта сведчыць: мы не сядзім склаўшы рукі. Іншая справа, што наш план- вельмі вялікі...

Ала КЕЙЗІК:

- Так, бо ў мінулыя гады мы вельмі добра працавалі па выкананні плана платных паслуг. А ўсё таму, што ў 2004 зрабілі капітальную рэканструкцыю Пастаўскага дома культуры. У нас там зала на 520 месцаў, і ў ёй ужо хто толькі ні выступаў: і трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, і Нацыянальны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, і многія беларускія артысты... Таму летась аддзел культуры зарабіў прыкладна 300 мільёнаў. Гэта сапраўды вельмі вялікая лічба. А цяпер, калі трэба зарабіць удвая больш, ёсць пэўныя цяжкасці...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У іншых раёнах ствараюць філарманічныя пляцоўкі ў аграгарадках, запрашаюць туды выступаць артыстаў эстрады. Гэта таксама дапамагае выконваць план платных паслуг...

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- Мы таксама пайшлі па гэтым шляху. Стварылі ў чатырох аграгарадках філарманічныя пляцоўкі на базе Дунілавіцкага, Парыжскага і Камайскага СДК, Варапаеўскага ГПДК.

Ала КЕЙЗІК:

- Сапраўды, Дом культуры ў Паставах ужо вычарпаў свае магчымасці, таму зоркі беларускай эстрады ў нас цяпер працуюць і ў аграгарадках. Так, ёсць і тут цяжкасці, бо распаўсюдзіць білеты ў сельскай мясцовасці агульным коштам у два-тры мільёны даволі складана. Але, разам з тым, у гэтым зацікаўлены і супрацоўнікі СК і СДК, бо такім чынам яны выконваюць план платных паслуг.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Прафесійныя кадры для сельскіх устаноў культуры - надзённая тэма для кожнага рэгіёна Беларусі, не толькі для Пастаўшчыны. Якім чынам вырашаеце кадравы голад?

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- З дапамогай раённай праграмы "Кадры культуры". Павышаем кваліфікацыю нашых супрацоўнікаў: летась на абласных і рэспубліканскіх курсах пабывалі 16 культработнікаў. За дзевяць месяцаў бягучага года - яшчэ дзевяць. 16 чалавек вучацца завочна ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах Беларусі, на дзённым аддзяленні- 15 чалавек... Але кадравы голад сапраўды адчуваем. Напрыклад, чакалі сёлета двух харэографаў, але яны да нас не "даехалі" па ўважлівых прычынах. А харэограф у Пастаўскі дом культуры вельмі патрэбны...

Ала КЕЙЗІК:

- Трэба рабіць стаўку на мясцовыя кадры. А яшчэ - выязджаць на размеркаванні ў навучальныя ўстановы сферы культуры, шукаць людзей. Гэта яшчэ адна наша задача.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Напэўна, ёсць і іншыя задачы, актуальныя для аддзела культуры...

Ала КЕЙЗІК:

- Так. І пра адну з іх я хацела б абавязкова сказаць: гэта стварэнне калектываў са званнем "народны" і "ўзорны" ва ўсіх аграгарадоцкіх СК і СДК.

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- Так, і мы ўжо гэтую працу праводзім: у нас практычна ў кожнай музычнай школе ёсць народныя калектывы, а ў Варапаеўскай ДМШ- нават два...

Ала КЕЙЗІК:

- Упэўнена, што толькі такім чынам, стварыўшы базу,- маю на ўвазе народныя калектывы, з якімі можна працаваць, і якія могуць выехаць на любое мерапрыемства ў любы час,- мы зможам актывізаваць нашу працу па культурным абслугоўванні насельніцтва. Бо гэта адзінае выйсце для нашага вялікага раёна: у нас прыкладна 420 населеных пунктаў, больш за трыста з іх - гэта тыя, дзе пражывае менш за дваццаць жыхароў, так званыя маланаселеныя вёскі.

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- На сённяшні дзень у нас няма народных калектываў толькі ў трох аграгарадках...

Ала КЕЙЗІК:

- Так. Таму і ў 2011 - 2013 гадах будзем працаваць над гэтым, бо стварыць народны калектыў - справа цяжкая, не хуткая. Да таго ж, Дзяржпраграма адраджэння і развіцця сяла працягнецца і ў наступных гадах, таму будзем імкнуцца, каб народныя калектывы былі і ў новых аграгарадках Пастаўскага раёна.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Напэўна, народныя калектывы павінны дапамагаць і ў развіцці турызму. Пастаўскі рэгіён вельмі ўдала размешчаны: побач Літва, Латвія, Польшча...

Ала КЕЙЗІК:

- Так, і мы абавязкова будзем развіваць турызм. Створым турыстычныя аб'екты ў некаторых аграгарадках. Напрыклад, збіраемся "раскруціць" наш Парыж - аграгарадок мінулага года. Там ужо ёсць "Эйфелева" вежа, будзем арганізоўваць у паселішчы народныя калектывы, створым аб'яднанне народных майстроў. Дарэчы, развіццё народных рамёстваў на базе Пастаўскага РДР - гэта яшчэ адна наша задача на будучае. Варта развіваць усе тыя накірункі, што характэрныя для нашага рэгіёна: кавальства, вышыўка, саломкапляценне...

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Вось вы сказалі, што ў раёне прыкладна 420 населеных пунктаў, з іх большая частка - маланаселеныя. А ні аўтаклуба, ні аўтабібліятэкі аддзел культуры не мае. Хаця, згодна з той жа Дзяржпраграмай адраджэння і развіцця сяла, мабільныя ўстановы культуры павінны быць створаны ў кожным раёне Беларусі. Ды і пра ідэалагічны фактар забывацца не варта...

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- Яшчэ ў 2008 годзе мы думалі закупіць аўтаклуб. Абласное ўпраўленне культуры нават выдаткавала тады палову патрэбнай сумы, але, на жаль, у раёна другой паловы грошай не знайшлося. Вось цяпер таксама з вобласці прыйшлі грошы: 46 мільёнаў на аўтабібліятэку. Гэтым разам мы яе абавязкова закупім, і будзем, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваць гэты транспарт як бібліобус і аўтаклуб. Гэтак робяць у іншых рэгіёнах Беларусі, на той жа Глыбоччыне...

Ала КЕЙЗІК:

- Набыццё аўтаклуба або аўтабібліятэкі - гэта добра, але гэта, як я лічу, не вырашае ўсіх праблем па культурным абслугоўванні сельскага насельніцтва. Для гэтага мы маем сельскія клубы, клубы-бібліятэкі ў невялікіх паселішчах. Кожны год ладзім 60 - 70 святаў вёсак, што, думаецца, лепей за прыезд аўтаклуба. Але, канешне, раёну патрэбна мабільная ўстанова культуры, і мы яе закупім.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Шмат дзе ў сельскіх установах культуры пыталіся пра належнае тэхнічнае абсталяванне, пра ноўтбук для Навасёлкаўскага цэнтра культуры, пра DVD, тэлевізар, мікрафоны для Навасёлкаўскай ДМШ. Таксама не стае камп'ютараў Цэнтральнай раённай бібліятэцы: да адзінага ПК з Інтэрнэтам выстройваюцца чэргі...

Наталля БУЛАВІНЦАВА:

- Я не згодна, што камп'ютараў у ЦРБ не стае: іх там дзевяць. Можна тры пакінуць на абанеменце, тры - у чытальнай зале, а яшчэ тры - прыстасаваць пад аказанне інтэрнэт-паслуг. Што да Навасёлкаўскай ДМШ, дык там, на маю думку, на сёння створана вельмі добрая база. Іншая справа, што чалавеку заўсёды нечага не стае. Але бюджэт жа не гумовы. Мы таксама шмат чаго хочам, і, канешне, жадаем, каб сельскія ўстановы культуры былі абсталяваны, як кажуць, ад "А" да "Я".

Ала КЕЙЗІК:

- Удзельная вага культуры ў раённым бюджэце - прыкладна пяць шэсць працэнтаў, а раней было толькі два тры. Гэта добры паказчык, асабліва, калі ўлічыць, што наш раён датацыйны прыкладна на палову. Канешне, тэхніка старэе, і хочацца яе замяніць, і мы будзем па магчымасці закупляць больш сучаснае абсталяванне ў сельскія ўстановы культуры. Але і жаданне новага - гэта таксама вельмі добра. Бо калі кіраўнік клуба або музычнай школы хоча нечага - значыць, ён не спыняецца ў сваім развіцці, думае пра больш высокія дасягненні, пра перспектывы. І гэта не можа не радаваць.

 

■ ■ ■

Не магу не адзначыць, што наша размова ў райвыканкаме атрымалася вельмі шчырай і нязмушанай. Заўважу таксама: да гонару кіраўніцтва аддзела культуры, цягам камандзіроўкі пабачыў не "пацёмкінскія" вёскі, а тыя аграгарадкі, дзе ёсць пэўныя праблемныя моманты... І вельмі добра, што намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Ала Кейзік і начальнік аддзела культуры Наталля Булавінцава бачаць мэтазгоднасць у іх абмеркаванні. Упэўнены, на Пастаўшчыне "К" будзе яшчэ не аднойчы, бо нагода пісаць пра гэты рэгіён - які, як згадаў на пачатку артыкула, з'яўляецца адным з лепшых па культурным абслугоўванні насельніцтва, - будзе заўсёды.

Фота аўтара 

 

Дэталь да агульнай карціны

"Важкая" бібліятэка

Выкананне плана платных паслуг прымушае пастаўскіх крэатыўшчыкаў ад культуры працаваць не на сто, а на ўсе дзвесце працэнтаў. І прыдумваць усё новыя віды паслуг.

Напрыклад, у Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы такіх відаў ажно дваццаць два, прычым дванаццаць з іх уведзены мясцовымі бібліятэкарамі сёлета. Сярод іх ёсць і даволі цікавыя ды арыгінальныя: фотаздымкі фрагментаў дакументаў з фондаў бібліятэкі на абсталяванні карыстальніка, афармленне бэйдж-карты, выраб візітовак, віншаванне праз Інтэрнэт і галасавое віншаванне з запісам на СD, выраб віншавальнага адрасу... Але самая цікавая паслуга - гэта ўзважванне на напольных лічбавых вагах. Сёлета бібліятэкары закупілі гэтую "важкую" тэхніку за 270 тысяч рублёў і ўсталявалі яе ў зале абанемента ЦРБ. Любы чытач цяпер можа за 500 рублёў даведацца, колькі ж ён важыць. І, па словах дырэктара Пастаўскай ЦБС Людмілы Касцень, паслуга карыстаецца попытам у наведвальнікаў.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"