Вернісаж па мабільным, або “Я не згодзен з Мацісам…”

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Так здарылася, што на адкрыццё сваёй персанальнай выстаўкі ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава Арлен Кашкурэвіч прыехаць не змог. А прыхільнікаў яго цудоўнага таленту сабралася шмат. Ці трэба казаць, што яны ўсё ж спадзяваліся пабачыць слыннага народнага мастака Беларусі? І тады я вырашыў хоць неяк суцешыць іх. Нагадаў, што жывём мы ў ХХІ стагоддзі і можам выкарыстаць яго тэхнічныя перавагі. Набраў на мабільным тэлефоне знаёмы нумар і павіншаваў мастака ад імя ўсіх прысутных. З’явілася і ў Арлена Міхайлавіча магчымасць сказаць некалькі слоў светлагорцам.

/i/content/pi/cult/296/4941/8-5.jpg

Вось тут мы, між іншым, і пачулі, што Арлен Міхайлавіч не згодзен з Анры Мацісам, які нібыта аднойчы заўважыў, што хацеў бы, каб яго творы былі для гледачоў чымсьці накшталт утульных крэслаў. "Для мяне важна, каб мае творы, наадварот, перашкаджалі гэтай уяўнай утульнасці, заклікалі да эмацыйнага роздуму", - зазначыў ён.

І сапраўды, усе 26 графічных твораў Кашкурэвіча, прадстаўленых на выстаўцы, робяць нас пэўным чынам яго сааўтарамі, аднадумцамі. Яны прасякнуты глыбінным адчуваннем нашай драматычнай гісторыі, філасофскім асэнсаваннем не толькі мінулага, але і сучаснага жыцця. Гэта назіраецца нават у серыі, так бы мовіць, замалёвак з натуры "Гэтае мілае гарадское жыццё...". Але самі творы адразу ж выяўляюць іранічнасць падтэксту назвы цыкла. Не такім ужо і мілым аказваецца гэтае жыццё, калі разглядваеш карціны "Людзі ў тумане", "Мы - толькі прахожыя", "Сабачая пляцоўка", "Сустрэча", "Сон старога музыканта". Толькі зрокавага ўспрымання для іх вельмі і вельмі мала - вачыма пачынае глядзець душа...

Арлен Кашкурэвіч вядомы, перш за ўсё, графічнымі серыямі "Партызаны", "Купаліяна", "Асветнікі", "Святыя зямлі Беларускай", "Прысвячэнне В.Быкаву"... Ён з пранікнёнай талена/i/content/pi/cult/296/4941/8-4.jpgвітасцю графічна аздобіў кнігі "Курган" Янкі Купалы, "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага, "Каласы пад сярпом тваім" і "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча, "Снежныя зімы" Івана Шамякіна, "Хатынская аповесць" Алеся Адамовіча, "Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае" Алега Лойкі, "Фаўст" Іагана Вольфганга Гётэ...

Светлагорцы маюць унікальную магчымасць пабачыць, скажам, прасякнутую гістарычнай веліччу карціну "Паляванне ў Вялікім Княстве Літоўскім" і славуты трыпціх "У часы Ірада". Дарэчы, творы такога кшталту патрабуюць пэўных ведаў рэалій і міфаў старажытнасці.

Зрэшты, выстаўка - тэматычна разнастайная. Побач з гістарычнымі- творы ўжо зусім з іншага часу (серыя "Гульцы"). Цяжка зразумець, як дасягае мастак такой пластычнай эмацыйнасці. Асабліва ўражвае гэтым цыкл "Журботны канцэрт": вось дзе выяўляецца фантастычная таямнічасць графічнага майстэрства! І калі вялікі француз Анры Маціс вызначаўся ў графіцы тонкай, перарывістай, нібыта пульсуючай, лініяй, то Кашкурэвіч, здаецца, піша ўвесь малюнак увогуле адной суцэльнай лініяй. І толькі потым акцэнтуе таніраваннем яго аб'ём і прастору. Вось і ў сюжэтах "Журботнага канцэрта" эмацыянальнасць зліцця музыканта з віяланчэллю быццам не мае межаў. Мастак піша пачуцці і не хавае ад нас гэтага. Назвы твораў, напісаныя па-італьянску, у перакладзе гучаць менавіта так: "Павольна, з пачуццём", "Тужліва", "Жаласна, з горыччу", "Ласкава, пяшчотна", " З глыбокай пашанай"... Зрэшты, каб нават і не было гэтых назваў, работы самі іх падказалі б...

Цяпер і ў Светлагорску многія ці не ўпершыню змаглі пераканацца, што Беларусь мае мастака, якім ганарацца сучаснікі і будуць ганарыцца нашчадкі. А мясцовая галерэя зноў пацвердзіла высокі ўзровень сваіх экспазіцый.

 У час прыгаданай намі тэлефоннай размовы са светлагорцамі Арлен Кашкурэвіч паабяцаў паказаць ім і свае ілюстрацыі да "Фаўста". Удзячныя апладысменты, якія прагучалі ў зале, былі чутныя і ў Мінску.

 Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск