І галерэя для віртуозаў...

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Дзвюхгадзінным канцэртам адсвяткавала Бярэзінская дзіцячая школа мастацтваў 50-годдзе. Свята педагогаў і дзяцей, якія заўзята дэманстравалі свае таленты, дапоўніла ўвага да ўстановы з боку мясцовых улад. Бярэзінскі райвыканкам падарыў школе новы камп’ютар, юбіляраў павіншавала ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама.

/i/content/pi/cult/296/4940/Clip_9.jpgДырэктар школы мастацтваў Мікалай Міхайлоўскі творчай справаздачай застаўся задаволены. "Наша школа можа ганарыцца сваім калектывам: шмат тых, хто мае вялікі стаж, прыходзяць і маладыя спецыялісты. 75% выкладчыкаў - колішнія выпускнікі. Два маладыя педагогі прыйшлі ў 2008-м, ужо дзесяць гадоў працуе энергічны выкладчык і паспяховы музыкант-баяніст Андрэй Галуза. Яго працу і творчасць ухваліў прафесар кафедры баяна і акардэона факультэта народных інструментаў Акадэміі музыкі Мірон Була, які ўжо шмат часу назірае за нашымі баяністамі і завітаў на канцэрт".

 Амаль усе педагогі маюць вышэйшую адукацыю (праз некалькі гадоў гэтая лічба дасягне 100%). На конкурсе выкладчыкаў дзіцячых школ мастацтваў Міншчыны, прысвечаным памяці музыканта Анатоля Новікава, які ўпершыню адбыўся ў студзені гэтага года, калектыў атрымаў дыплом II ступені. Не адстаюць ад педагогаў і дзеці: яны таксама ўдзельнічаюць і перамагаюць у абласных і гарадскіх конкурсах.

Мікалай Міхайлоўскі адзначае, што літаральна месяц таму, пад час наведання ўстановы начальнікам упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатолем Акушэвічам, было вырашана перадаць ДШМ адзін паверх былой школыінтэрната. Пры гэтым сёння школа мастацтваў мае свой, даволі прасторны, двухпавярховы будынак. Аднак для шасці аддзяленняў (інструментальнага з сямю накірункамі, харавога, эстраднага, мастацкага, харэаграфічнага і тэатральнага) і больш чым трох соцень вучняў месца папраўдзе малавата. Дадатковыя 350 кв. м. дадуць магчымасць працаваць больш зручна. "Там размесцяцца тэатральнае і мастацкае аддзяленні, выставачная зала ды інструментальныя класы", - адзначае дырэктар.

У Беразіне карэспандэнта "К" сустрэў выкладчык Андрэй Галуза. /i/content/pi/cult/296/4940/Clip_10.jpgЗ такім імпэтам і гонарам распавядаць пра сваю школу могуць нямногія. Амаль пятнаццаць гадоў таму ён на "выдатна" скончыў Бярэзінскую, тады яшчэ музычную школу па класе баяна, потым - Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Пасля вярнуўся выкладаць - ужо ў школу мастацтваў (яна атрымала гэты статус на пачатку новага стагоддзя).

"Я магу назваць сябе фанатам,- кажа ён. - Вельмі прыемна, што многія мае калегі гэтак жа ставяцца да сваёй працы: яны праводзяць тут увесь час, укладаюць у гэта душу. Дзецям патрэбна аддаваць усё, што ведаеш сам. Таксама неабходна размаўляць з бацькамі".

Ужо дзевяць гадоў Андрэй акампануе дзіцячаму ўзорнаму танцавальнаму ансамблю танца "Вясёлка", таксама з'яўляецца салістам і аранжыроўшчыкам ансамбля выкладчыкаў школы мастацтваў, акампаніятарам у народным харавым калектыве "Лявоніха". Пра яго кажуць: "Ён грае віртуозна!"

 З Бярэзінскай школай ужо даволі доўга супрацоўнічаюць прафесійныя музыканты. Клас баяна і акардэона курыруе прафесар Акадэміі музыкі Мірон Була. Ён адбірае самых таленавітых дзяцей, дапамагае ім удасканальвацца, дае майстар-класы. Дапамагае і педагогам: з метадычнымі распрацоўкамі, рэпертуарам, сучаснымі спосабамі выкладання. Адбываецца таксама супрацоўніцтва з абласнымі філармоніямі краіны: музыканты, артысты прыязджаюць з выступленнямі ў Бярэзінскую дзіцячую школу мастацтваў.

 А яшчэ школе пашанцавала абменьвацца досведам і са сваімі калегамі з Германіі. Больш за дзесяць гадоў вучні школы разам з выкладчыкамі выязджаюць адпачываць і паказваць сваю творчасць у нямецкі горад Худэ, што за трыццаць кіламетраў ад Брэмена. А дэлегацыя адтуль наведвае ў адказ Беразіно. І вопыт такіх узаемаабменаў - сапраўды плены

 На здымках: Бярэзінская ДШМ; Андрэй Галуза.