“Унутраная раўнавага” Льва Гумілеўскага

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Леў Гумілеўскі ўварваўся ў беларускую скульптуру імкліва, нястрымна і, здавалася, цалкам сфарміраваным творцам. БДТМІ ён скончыў у 1961 годзе, але праз кароткі час яго кампазіцыі, прысвечаныя беларускім партызанам, а таксама партрэты М.Багдановіча і С.Рахманінава паказалі, што іхні аўтар стаў у шэраг вядучых майстроў разца. А ў 42 гады Леў Мікалаевіч быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР за помнік Янку Купалу ў Мінску (у сааўтарстве).

 

Ішоў час. І практычна кожны год Гумілеўскі "ўзрываў" мастацкую прастору сваімі арыгінальнымі і нязвыклымі творамі - як у галіне станковай, так і манументальнай пластыкі. Сярод іх - цудоўная алегарычная "Крылатая", "Экалогія" і "Чорная быль", "Ценям Тадэвуша Касцюшкі", "І толькі Бог вянчае нашы душы (А.Міцкевіч)", серыя кампазіцый, прысвечаная жыццю і смерці Янкі Купалы, цыкл вострых выразных партрэтаў дзеячаў беларуск/i/content/pi/cult/296/4938/8-1.jpgай гісторыі і культуры дня мінулага і дня сённяшняга, а таксама бронзавы рэльеф-трыпціх "Сказ аб Нясвіжы" бацькі і сына Гумілеўскіх у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі...

Мне здаецца, што скульптура жыве на ўласнай восі, як карціна ў раме. Аўтар можа адлюстроўваць моцны рух, але павінен памятаць, што яму патрэбна і "ўтрымаць" рэч, каб знайсці ўнутраную раўнавагу. І вось гэтая "ўнутраная раўнавага" - галоўная рыса большасці работ Гумілеўскага. Такая "класічнасць" пластыкі мыслення творцы - з'ява не выпадковая. Магчыма, яна зыходзіць з вопыту стасункаў з яго інстытуцкімі настаўнікамі Аляксеем Глебавым і Андрэем Бембелем, з калегамі па разцы Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім, з уважлівага прыглядвання ў сусветную мастацкую класіку, з прыроднай інтуіцыі, што, дарэчы, была ў ягонага першага настаўніка - Міхася Сеўрука з Нясвіжа. Дарэчы, летам гэтага года Леў Мікалаевіч, адкрываючы ў Нясвіжы пленэр юных мастакоў, падарыў гораду скульптурны партрэт цудоўнага жывапісца, які ён спецыяльна стварыў у знак любові да свайго настаўніка.

Дык вось, пра "ўнутраную раўнавагу". Што яна ўключае ў сябе ў творах мастака? Выразную рытміку ў актыўным прасторавым сілавым полі, узвышаны лірызм і яркую алегорыю, што цудоўна бачна, напрыклад, у помніках Янку Купалу ў Маскве або Францішку Багушэвічу ў Смаргоні (у сааўтарстве з Сяргеем Гумілеўскім). І што цікава: у адрозненне ад іншых тэндэнцый, я к і я імкну/i/content/pi/cult/296/4938/8-2.jpgцца ўзбагаціць м а г ч ы масці суч а с н а й скульптуры б ы ц ц а м знутры, Гумілеўскі зыходзіць як бы з супрацьлеглага, у многім адм а ў л я ю ч ы традыцыйныя прынцыпы. Замест прастаты ён асмельваецца на складанасць, замест замкнёнай маналітнай тэктанічнасці прыўносіць разгорнутасць у прастору кампазіцыйнага рашэння, лінеярны механізм замяняе ажурнай экспрэсіяй...

У ягонай манеры лепкі немалаважную ролю адыгрывае жывапіснасць фактур. Гумілеўскі паэтызуе манументальнасць руху, пафас разняволенага ў прасторы палёту або таго ж палёту, толькі глыбока схаванага ўнутры. У гэтым ён- чалавек сённяшніх нястрымных рытмаў. Духоўная пераемнасць традыцыі праяўляецца ў майстра імкненнем да рамантычнага, заўсёды прыўзнятага над паўсядзённасцю вобраза. Дастаткова ўзгадаць яго вобразы М.Гусоўскага, К.Каліноўскага, А.Пушкіна, У.Караткевіча, М.К. Радзівіла (Сіроткі), М.Багдановіча. А яшчэ ён з натхненнем ляпіў актрыс А.Клімаву і А.Бендаву, мастака М.Савіцкага. Ёсць у яго і дэкаратыўна-паркавая скульптура (у Нясвіжы, напрыклад), і "эксперыментальная" пластыка, што "набіраецца сіл" у майстэрні па вуліцы Арлоўскай. Словам, творчасць Льва Гумілеўскага вельмі цікавая ў многіх адносінах. Яна прыцягвае і навізной вобразаў, і асаблівым ракурсам аўтарскага бачання, і пошукам складаных структур вобразаў-сімвалаў, у якіх нацыянальная гісторыя і сучаснасць адлюстроўваюцца ва ўсёй сваёй паэтычнай або драматычнай дынаміцы.

Сваё 80-годдзе Леў Мікалаевіч сустрэў на вялікім духоўным і душэўным уздыме. І мы, "культура"ўцы, сардэчна жадаем народнаму мастаку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі і Прэміі Саюзнай дзяржавы, выдатнаму педагогу і проста цудоўнаму, прыгожаму чалавеку добрага здароўя ды новых твораў!

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"