Каменны век у Стаўповісках

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Падарожжа па шляху першабытнага чалавека

/i/content/pi/cult/296/4936/Clip_7.jpgАдным з важных элементаў турыстычнай інфраструктуры Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" ў бліжэйшы час мусіць стаць новая акружная аўтатраса, даўжыня якой складзе звыш 180 км, а яна сама пройдзе па тэрыторыі Камянецкага і Пружанскага раёнаў Брэсцкай і Свіслацкага раёна Гродзенскай абласцей.

Адной з тэм нядаўняй рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Пружанскі раён стала якраз будаўніцтва аб'язной дарогі вакол Нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што неабходна не толькі якасна пабудаваць саму дарогу, але і добраўпарадкаваць прылеглыя да яе тэрыторыі і аб'екты, абсталяваць з'езды. Беларускі Лідар нагадаў, што неабходна развіваць дарожную інфраструктуру не толькі вакол Белавежскай пушчы, але таксама паблізу ўнікальных прыродных аб'ектаў на Нарачы, Прыпяці, у рэгіёне Браслаўскіх азёр і па ўсёй краіне ў цэлым. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

 Зразумела, будаўніцтва шашы закранае не толькі існуючыя прасёлачныя дарогі, - пракладваюцца і цалкам новыя. Менавіта іх будучую тэрыторыю надзвычай важна даследаваць гісторыкам на прадмет выяўлення яшчэ не ўлічаных аб'ектаў археалогіі, рэштак жыццядзейнасці першабытнага чалавека на тэрыторыі Пушчы. Як распавёў загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, сёлета пасля ўзгаднення з Дзяржпрадпрыемствам "Белгіпрадар" і Нацыянальным паркам распачалася разведка новых і даследаванне вядомых помнікаў, а таксама "выратавальныя" раскопкі ў месцах, дзе немагчыма было змяніць трасу. Правесці навуковую частку даследаванняў было даручана аспіранту Інстытута гісторыі Алег Ткачоў, які ўжо больш за год працуе над тэмай кандыдацкай дысертацыі, звязанай са старажытнасцямі каменнага веку на тэрыторыі Пушчы.

 Да таго ж, у сёлетніх даследаваннях удзельнічалі і больш вопытныя археолагі. У прыватнасці - Вадзім Лакіза, які займаецца познім неалітам і бронзавым векам, Вадзім Белявец, якому пашанцавала знайсці помнікі жалезнага веку, а т а к с а м а А л я к с а н д р Б а ш к о ў , спецыяліст па п е р ы я д з е Сярэднявечча.

 Як жа вызначылі месцы жыццядзейнасці нашых продкаў? Па словах Вадзіма Лакізы, вынікам маштабнага даследавання Нацыянальнага парку ў 2007 - 2008 гг. стала стварэнне археалагічнай карты, дзе былі пазначаны помнікі, іх памеры, вызначана папярэдняя храналогія. Так склалася, што каля вёскі Стаўповіскі Камянецкага раёна траса закранала ўнікальныя помнікі археалогіі, у тым ліку паселішчы каменнага, жалезнага і бронзавага вякоў. Вырашалася пытанне: ці змяняць маршрут дарогі, ці аператыўна праводзіць раскопкі? Пасля перамоў з будаўнікамі было вырашана дзейнічаць паводле другога варыянту. А таму цягам літаральна ўсяго лета вяліся археалагічныя работы, плошча якіх перавысіла 800 кв. м.

Таксама Вадзім Лакіза распавёў, што пад час сёлетніх работ ля вёсак Навіцкавічы і Голы Барок зафіксаваны і рэшткі сярэднявечных паселішчаў. На жаль, культурны пласт тут быў практычна знішчаны яшчэ раней ў працэсе гаспадарчай дзейнасці, таму стацыянарныя раскопкі не праводзіліся, і гісторыкі абмежаваліся знойдзенымі на паверхні артэфактамі і перыядычным археалагічным наглядам.

Былі пытанні і з участкам трасы каля вёскі Лыскава Пружанскага раёна. Зараз вельмі важна захаваць там унікальны касцёл ХVІІІ ст., уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Падобная сітуацыя склалася яшчэ на этапе праектавання і каля вёскі Грыцкі ў вытоках Свіслачы на Гродзеншчыне. Існавала пагроза разбурэння выяўленых у 1995 г. археалагічных помнікаў. Аднак пасля візуальнага даследавання гэтых аб'ектаў высветлілася, што яны не трапляюць у зону інтэнсіўных земляных работ.

Як адзначыў Алег Ткачоў, пра вынікі раскопак казаць яшчэ рана: трэба прааналізаваць артэфакты. У прыватнасці, каля вёскі Стаўповіскі быў выяўлены шэраг аб'ектаў, паходжанне якіх пакуль яшчэ дакладна не вядома, і сярод вучоных дагэтуль вядуцца спрэчкі. Гэтыя аб'екты маюць памер 2 - 2,5 метра і акружаны невялікім ровам. Спачатку меркавалася, што гэта былі пахаванні, бо трапляліся рэшткі спаленых костак, кераміка. І ўсё ж, хутчэй за ўсё, гэта - пабудовы для непрацяглага па часе жылля, кшталту буданоў.

Гісторыкі пабудавалі паэтапную схему засялення мікрарэгіёна цягам некалькіх тысяч гадоў: з ХІІ тысячагоддзя да нашай эры да ХVІ - ХVІІ стст. Гэта велізарны пласт мінуўшчыны са сваімі лёсамі асобнага чалавека і традыцыямі прадстаўнікоў пэўных эпох. Рэкі Заходні Буг, Лясная былі ў свой час тымі шляхамі, па якіх перамяшчаліся першабытныя людзі. Пачынаючы з эпохі фінальнага палеаліту праз тэрыторыю пушчы праходзілі шматлікія плямёны і спрыялі засяленню іншых рэгіёнаў нашага краю. Цяпер можна ўпэўнена сказаць, што першыя людзі на тэрыторыі Белавежскай пушчы былі звязаны з культурай лінгбі перыяду фінальнага палеаліту. Потым на гэтай тэрыторыі жылі людзі свідэрскай палеалітычнай культуры. Першабытны чалавек быў прадстаўлены ў Белавежскай пушчы і ў перыяд мезаліту, таксама, як і пад час прыпяцка-нёманскага ранненеалітычнага, а затым і ўласна нёманскага неалітычнага этапаў гісторыі, перыяду распаўсюджвання традыцый культуры шнуравой керамікі, з якой звязаны першыя індаеўрапейцы, што рассяляліся на прасторах Еўропы ў 3 тыс. да н.э. і пакінулі пасля сябе каменныя свідраваныя сякеры.

На кожным з археалагічных помнікаў былі атрыманы розныя па часе матэрыялы- ад крамянёвых да ганчарных вырабаў. Некаторыя з іх пасля апрацоўкі трапілі ў Музей прыроды Белавежскай пушчы, у якім увасобіліся і пэўныя ідэі "жывой археалогіі". Такім чынам, Нацыянальны парк цяпер паказаны і праз прызму гісторыі. Невыпадкова гасцей музея сустракае не толькі зубр, але і паляўнічы на паўночнага аленя з крамянёвай зброяй.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"