Video incognito ў турыстычным ланцужку

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Індустрыя або “кропкавая дыстрыб’юцыя”?

/i/content/pi/cult/296/4933/5-1.jpg

Сучасным турыстам ужо мала проста прачытаць або паслухаць аб нейкім помніку - абавязковым патрабаваннем становіцца прэзентацыйны відэарад. Цяпер яны пачынаюць падарожжа з пошукаў інфармацыі аб абранай краіне на інтэрнэт-відэасервісах, а ў якасці сувеніраў вязуць дадому кампакт-дыскі з фільмамі-візітоўкамі. Сёння ў беларускіх крамах можна знайсці пэўны спектр прэзентацыйных фільмаў, якія працуюць на імідж краіны. Іншая справа - ці заўжды згаданая прадукцыя знойдзе такога свайго спажыўца, як турыст? "І" - першая літара замежнага госця

 Заўзятыя турысты ведаюць: у якой бы кропцы свету ты ні знаходзіўся, усю неабходную інфармацыю трэба шукаць пад змешчанай на зялёным фоне літарай "І". Адпаведны інтэрнацыянальны знак усталёўваецца на інфацэнтрах, якія прапануюць сваім наведвальнікам матэрыялы аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, запатрабаваных маршрутах, гатэлях, рэстаранах ды іншых неабходных аб'ектах. Адсюль пачынаецца і "паляванне" за відэапаштоўкамі.

У Беларусі такую літару можна пабачыць толькі ў двух гарадах - Мінску і Гомелі. Гэтыя турысцка-інфармацыйныя цэнтры значацца структурным падраздзяленнем Нацыянальнага агенцтва па турызме. Але з кастрычніка бягучага года сітуацыя павінна змяніцца: у сілу ўступіў абноўлены Закон "Аб турызме", які дазволіў адкрываць падобныя цэнтры пры арганізацыях любой формы ўласнасці.

- Практыка паказвае, што інфацэнтрам не трэба быць вялікімі, але яны павінны ахопліваць усе запатрабаваныя турыстычныя маршруты. Таму цяпер наша палітыка будзе накіравана на тое, каб яны з'явіліся за кошт мясцовых бюджэтаў або ў прыватнай форме ва ўсіх абласных цэнтрах, у курортных зонах, на папулярных гісторыка-культурных аб'ектах, - адзначае дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Юлія Зяленская. - Для маштабнай інфасеткі патрэбна шмат прадукцыі, у тым ліку надзвычай запатрабаваныя сярод замежнікаў фільмы аб адметнасцях пэўнага рэгіёна.

Дарэчы, Нацыянальнае агенцтва па турызме мае свае турысцка-інфармацыйныя цэнтры ў Расіі, Італіі, Германіі, Літве, Арменіі. З іх дапамогай вядзецца праца па фарміраванні станоўчага іміджа нашай краіны ў свеце. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгрываюць айчынныя прэзентацыйныя стужкі. Але менавіта іх на сённяшні дзень і не хапае.

Дзе знайсці відэасувенір?

Цяпер наведвальніку беларускіх турысцка-інфармацыйных цэнтраў прапануюць некалькі мультымедыйных дыскаў на розных мовах, што ўключаюць агульную інфармацыю аб Беларусі, звесткі для гасцей краіны, інтэрактыўныя карты, апісанні турысцкіх аб'ектаў.

У Дэпартаменце па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь неаднаразова праводзілі тэндар на вытворчасць прэзентацыйных стужак. Як паведаміла начальнік аддзела маркетынгу і якасці турыстычных паслуг Юлія Копаць, апошні такі конкурс адбыўся два гады таму. Тады былі зроблены 60 аднахвілінных ролікаў пра гарады Беларусі, 4- па порах года і адзін- агульнапрэзентацыйны. Але эканамічная сітуацыя апошніх гадоў прымусіла Міністэрства спорту і турызму скараціць уласныя выдаткі, у тым ліку - за кошт адмовы ад вытворчасці /i/content/pi/cult/296/4933/5-3.jpgпрадстаўніцкіх фільмаў.

Цяпер Дэпартамент абыходзіцца ролікамі двухгадовай даўніны. Але нават за такі адносна кароткі час на вядучых турыстычных аб'ектах многае змянілася да непазнавальнасці. Прынамсі, Мірскі замак рыхтуецца да адкрыцця пасля рэстаўрацыі, там былі выяўлены ўнікальныя роспісы, праз месяц адкрыюцца новыя экспазіцыі. Думаецца, аб гэтым якраз і неабходна тэрмінова распавесці замежнаму госцю.

Зразумела, існуючая колькасць фільмаў не можа ахапіць усе запатрабаваныя турыстычныя аб'екты. Міністэрства- орган дзяржаўнага кіравання, а таму не мае права ствараць прадукт на продаж. З-за гэтага кароткаметражкі можна пабачыць толькі на тэматычных выстаўках ці бязвыплатна ўзяць у згаданых інфацэнтрах. Але ж, падаецца, фільмы маглі б суправаджаць госця Беларусі, як кажуць, ад трапа самалёта або вакзальнага перона і стаць такімі ж звыклымі сувенірамі, як саламяныя лялькі ды льняныя сурвэткі. Магчыма, у гэтым выпадку была б да месца тэматычная прадукцыя Вытворчатворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белвідэацэнтр".

- Відавочна, у дадзеным напрамку можна яшчэ шмат чаго зрабіць на карысць іміджа краіны. Таму вельмі б хацелася ў гэтай сувязі эканамічна супрацоўнічаць з Міністэрствам спорту і турызму. Мы працуем на адным полі, таму паўнавартасная ўзаемадапамога, мяркую, аказалася б карыснай, - лічыць дырэктар установы Пётр Крывастаненка.

 "Беларусь турыстычная" для выпадковых турыстаў?

 Асаблівыя надзеі супрацоўнікі ўскладаюць на цыкл фільмаў, якія ўмоўна можна назваць "Беларусь турыстычная". Ужо сёння, кажуць у "Белвідэацэнтры", замежныя госці з задавальненнем набываюць у кнігарнях і асобных крамах кампакты са стужкай аб дзяржаўнай сімволіцы рэспублікі, дыскі з аповедамі пра нацыя н а л ь ныя гісторыка-культурныя каштоўнасці. Цыклы "Беларускі народны каляндар", "Чарнобыльскія джунглі", што атрымалі міжнароднае прызнанне, таксама сталі ўдалым прыкладам таго, як можна накіраваць творчыя ідэі на павышэнне турыстычнай зацікаўленасці і ў выніку надаць праекту сталы камерцыйны попыт.

- Мы імкнёмся прыслухоўвацца да пажаданняў аўдыторыі. Прынамсі, "Славянскі базар у Віцебску" штогод збірае дзесяткі тысяч айчынных і замежных турыстаў, але відэафільма пра горад на Дзвіне на міжнародным форуме не пабачыш. У нашых фондах ляжыць стужка 1998 года, але, пагадзіцеся, за гэты час абласны цэнтр змяніўся да непазнавальнасці. Таму тэрмінова выпраўляем становішча, - расказаў прэс-сакратар установы Аляксандр Купрыянаў.

"Белвідэацэнтр" мае вялікую колькасць ужо гатовых прадстаўнічых стужак, у тым ліку аб Міры, Аўгустоўскім канале, Браслаўскім Паазер'і. А на наступны год запланавана стужка аб Нясвіжы - акурат да афіцыйнага адкрыцця палацава-паркавага комплексу Радзівілаў. Зрэшты, былая рэзідэнцыя беларускіх магнатаў выбрана на 2011 год Культурнай сталіцай СНД на пасяджэнні Форуму інтэлігенцыі краін Садружнасці. Ужо сёння варта прагназаваць вялікі наплыў замежных гасцей, таму прэзентацыйны фільм будзе цалкам дарэчы. І падобных прыкладаў - дастаткова. Супрацоўнікі ўстановы вывучылі спіскі з афіцыйна зацверджанымі турыстычнымі маршрутамі. Згодна з імі, узнікла ідэя запісаць цыкл аб закінутых сядзібах і археалагічных музеях пад адкрытым небам.

На сённяшні дзень "Белвідэацэнтр" з'яўляецца асноўным пастаўшчыком дакументальнай відэапрадукцыі айчыннай вытворчасці ў гандлёвай сетцы краіны. Адзел маркетынгу распрацаваў уласную дыстрыб'ютарскую сетку, і як вынік - за першае паўгоддзе 2010-га крамы па рэспубліцы запрасілі ў "Белвідэацэнтра" больш за 12 тысяч адзінак творчай прадукцыі, у тым ліку - прадстаўнічых стужак. Зрэшты, апошняе выклікае пэўныя развагі.

Зразумела, у параўнанні з колішнімі паказчыкамі, гэтая лічба- відавочны прарыў, аднак удзельная вага тых жа фільмаў для турыстаў таксама крытэрый важкі. Ён наўпрост кажа як пра камерцыйную эфектыўнасць працы, так і пра запатрабаванасць прадукту. Апошняе, аб чым сведчыць практыка, маецца. Наяўныя аб'ёмы продажаў (калі б гаворка вялася нават толькі аб прадукце ў "турфармаце") задаволіць патрэбы рынку відавочна не могуць. Сам вытворца таксама імкнецца пашырыць кантакты не толькі на ўзроўні ўстаноў сістэмы Міністэрства культуры, але і ўсіх занятых у турыстычным бізнесе арганізацый. Аднак пакуль жаданы эфект не дасягнуты... І канешне ж, фільмы ахапілі б большую патэнцыйную аўдыторыю, калі дыскі з'явяцца ў турысцка-інфармацыйных цэнтрах у запатрабаваным апошнімі, фактычна кліпавым, фармаце.

Такі незнаёмы родны край

Сёлета Міністэрства спорту і турызму распрацоўвае план прасоўвання турыстычных магчымасцей краіны. Вядуцца перамовы з Міністэрствам інфармацыі аб тым, каб паставіць у эфір тэматычныя перадачы. Прагучала пажаданне стварыць асобны турыстычны тэлеканал. Прапрацоўваюцца магчымасці дэманстрацыі на блакітных экранах рэспублікі сацыяльных ролікаў аб нацыянальных аб'ектах турызму.

- Зрэшты, некаторыя ролікі ўжо з'явіліся ў метро. Карыстальнікі сталічнай "падземкі", напэўна, не пакінулі без увагі аднахвілінныя відэазамалёўкі аб нашых гарадах, якія падрыхтавалі спецыялісты "8 канала", - заўважае Юлія Зяленская. - Сёння, на жаль, склалася сітуацыя, калі частка беларусаў хутчэй прыгадае архітэктурныя помнікі Егіпта або Турцыі, чым гісторыка-культурныя каштоўнасці па-за межамі свайго рэгіёна. З дапамогай адметнага відэа мы хочам узняць новую хвалю цікавасці да ўнутранага турызму.

Дырэктар Нацыянальнага агенцтва ўпэўнена: каб сфарміраваць станоўчы імідж рэспублікі, неабходна і ў кожным гатэлі краіны на заўважным месцы паставіць інфармацыйную стойку з буклетамі, рэкламнай прадукцыяй і, магчыма, з прадстаўнічымі мультымедыя. Такія стэнды будуць карысныя як замежным вандроўнікам, так і айчынным турыстам.

Зацікаўлены ў з'яўленні турысцкаінфармацыйных стэндаў і шматлікія дамы адпачынку, санаторыі, пансіянаты, прафілакторыі. Прынамсі, галоўны спецыяліст аддзела маркетынгу санаторыя "Бярэсце" Бресцкага раёна Марына Лапурка зазначае, што сярод іх адпачываючых шмат гасцей з суседняй Расіі. Яны не прапускаюць экскурсій у Брэсцкую крэпасць, музеі Брэста, Белавежскую пушчу і з задавальненнем набылі б кампакты з відэааповедамі пра гэтыя адметныя турыстычныя аб'екты Беларусі.

Напрамак на эфект для "Белвідэацэнтра" /i/content/pi/cult/296/4933/5-2.jpg

Па словах Юліі Зяленскай, Нацыянальнае агенцтва па турызме зацікаўлена ў супрацоўніцтве з "Белвідэацэнтрам". У яго скарбонцы ёсць фільм вытворчасці БВЦ, турысцка-інфармацыйны цэнтр гатовы папоўніць сваю відэакалекцыю новымі стужкамі.

- Я ведаю, што ў "Белвідэацэнтра" вялікія напрацоўкі ў нашай галіне, мы вядзём з імі перапіску па гэтым пытанні. Але пакуль не можам набыць стужкі, за якія просяць ад пяці да дзесяці мільёнаў рублёў,- тлумачыць яна. - Спадзяюся, у наступным годзе павялічыцца фінансаванне, і тады мы выйдзем на плённае супрацоўніцтва.

На думку суразмоўцы "К", было б добра, каб супрацоўнікі БВЦ пад час працы ўлічвалі і спецыфіку турысцка-інфармацыйнага цэнтра, для якога не заўсёды зручныя маштабныя дакументальныя карціны. Прынамсі, цэнтры абсталяваны інфакіёскамі, ля якіх турыст затрымліваецца на некалькі хвілін. "І тут патрэбны ролікі кшталту тых, што ідуць на "Еўраньюс": калі за секунд трыццаць глядач атрымлівае ўсю неабходную інфармацыю. Ведаю, "Белвідэацэнтр" заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва, таму ўпэўнена, што мы па гэтым пытанні знойдзем узаемаразуменне", - зазначае Юлія Зяленская.

 ■ ■ ■

 Сёння ў рэспубліцы на самым высокім узроўні абмяркоўваюць далейшае развіццё турыстычнай галіны. Асаблівыя надзеі ўскладаюцца на ўязны турызм: супрацоўніцтва ў гэтым напрамку розных дзяржаўных структур пайшло б на карысць кожнай з іх. Нацыянальнае агенцтва па турызме дзякуючы "Белвідэацэнтру" змагло б пашырыць кола ахопленых відэапрэзентацыямі турыстычных аб'ектаў. У сваю чаргу, БВЦ праз запланаваную да павелічэння сетку турысцкаінфармацыйных цэнтраў выйшаў бы на новы ўзровень распаўсюджвання сваёй прадукцыі сярод зацікаўленай аўдыторыі. У выніку ж выйграе турыст, у якога з'явіцца магчымасць спланаваць свой маршрут адпаведна ўпадабаным відэапрэзентацыям гісторыка-культурных помнікаў, а потым прывезці на радзіму ў відэафармаце любую часцінку з сотняў прывабных турыстычных аб'ектаў Беларусі.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"