"Разумны дом" для Мірскага замка

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Фінальны акорд сімфоніі рэстаўрацыі

Адна з сучасных традыцый Мірскага замка, пра якую ведаюць тыя, хто мае/i/content/pi/cult/296/4932/4-3.jpg непасрэднае дачыненне да рэканструкцыі гэтага ўнікальнага помніка спадчыны, - правядзенне "аўторкавых" планёрак. На іх праекціроўшчыкі, будаўнікі і рэстаўратары абмяркоўваюць надзённыя пытанні. Карэспандэнты "К" пабывалі на апошнім з такіх "штабоў", дзе даведаліся, што аднаўленне замка, якое агулам доўжыцца 27 гадоў, скончыцца праз лічаныя дні.

Будаўнічым арганізацыям пастаўлена задача пакінуць старыя муры ўжо на пачатку наступнага тыдня. На іх месца прыйдуць музейныя работнікі, якія зоймуцца мантажом экспазіцыі, а таксама тыя, хто будзе займацца добраўпарадкаваннем. Ачысціць замак ад будаўнічага бруду - гэта вам не падлогу ў кватэры памыць. Нават з дапамогай найсучасных тэхалогій дадзены этап зойме некалькі тыдняў.

А 1 снежня мае стаць адной з самых важных дат у гісторыі замка: на гэты дзень запланавана доўгачаканая здача аб'екта ў эксплуатацыю.

Сіла дробязей 

Аглядаем калідоры і залы замка. Паўсюдна нам сустракаюцца людзі ў будаўнічым спецадзенні. Мастакі дадаюць апошнія "штрыхі" ляпніны на столі, электрыкі ўшрубоўваюць разеткі...

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, які з'яўляецца своеасаблівым куратарам рэстаўрацыі, правёў перад планёркай датклівую інспекцыю ўсіх памяшканняў. Ён ведае ў замку, не раўнуючы, кожны куток і кожную праблему.

- Ступень гатоўнасці аб'екта вельмі высокая, - падзяліўся сваімі ўражаннямі з карэспандэнтам "К" Віктар Іосіфавіч. - Мы наблізіліся да завяршэння апошняга этапа рэканструкцыі, які непасрэдна папярэднічае ўводу аб'екта ў эксплуатацыю: гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, унутраныя аддзелачныя і мастацкія работы, наладка электратэхнічнага абсталявання, пылавыдаленне...

 Ды, тым не менш, выканаўцы атрымалі ад намесніка міністра нямала заўваг, датычных і якасці работ, і тэрмінаў іх выканання, і недахопу тых або іншых дэталей інтэр'ера - напрыклад, светачаў. Зрэшты, на планёрцы гутарка вялася менавіта пра дробязі і "даробкі".

 - Але сіла дробязей у тым, што іх шмат,- адзначыў Віктар Кураш. - На вялікі жаль, працы на Мірскім замку засведчылі некаторыя "слабыя бакі" нашых будаўнічых арганізацый: пакуль што ім бракуе высокай культуры аддзелачных работ. Дарэчы, такую заўвагу не так даўно зрабіў на іх адрас і Кіраўнік краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: у нас сёння ўмеюць якасна працаваць з жалезабетонам, а вось калі справа тычыцца аздабленчых "дробязей", якія шмат у чым і вызначаюць аблічча аб'екта... Але я амаль упэўнены ў тым, што ўсе "недаробкі" будуць своечасова ліквідаваны. Праблемы, з якімі сёння сутыкн

уўся, нельга назваць невырашальнымі...

Пад час планёркі намеснік міністра культуры звярнуў увагу і на такі аспект, як культура вытворчасці, адзначыўшы, што засмечванне помніка спадчыны - хай толькі і на час будаўнічых работ - ні ў якім выпадку не дапушчальнае. Раней пра такія "дробязі" ніхто з будаўнікоў увогуле не задумваўся: маўляў, усё адно прыбіраць потым.

З іншага боку, розныя "недаробкі" патлумачыць няцяжка. Галоўны аргумент тут - выключная складанасць аб'екта, генпадрадчыкам якога з'яўляецца прадпрыемства "Мінскрэстаўрацыя".

Запытаў у яго генеральнага дырэктара Фёдара Рымашэўскага, колькі будаўнічых і мантажных арганізацый агулам было задзейнічана ў рэканструкцыі замка. Падлік субпадрадчыкаў запатрабаваў пэўнага часу: надта іх шмат.

- На завяршальнай стадыі працуе дванаццаць будаўнічых арганізацый, плюс чатыры мантажныя... У цэлым, разам з пастаўшчыкамі, набярэцца каля трыццаці субпадрадчыкаў,- падлічыў ён.

Зразумела, што ў такім выпадку нават нязначны збой - напрыклад, затрымка паставак пэўных матэрыялаў або абсталявання, - можа парушыць увесь вытворчы ланцуг. Да таго ж, праца будаўнікоў залежыць і ад праекціроўшчыкаў, і, як адзначыў гендырэктар "Мінскрэстаўрацыі", суладнасць дзеянняў тут таксама пакідае жадаць лепшага. Хаця Фёдар Рымашэўскі і акрэсліў пэўныя хібы ў зладжаным функцыянаванні агульнай схемы, ён не схільны драматызаваць агульную сітуацыю.

- Гэта хібы, якія не паўплываюць на канчатковы вынік, - запэўніў ён. - І за той кароткі час, які застаўся да здачы аб'екта ў эксплуатацыю, мы паспеем іх выправіць.

Праекцыя мінуўшчыны

У замкавай капліцы, што наўпрост па-над уваходнай брамай, заспелі наладку складанага абсталявання, здатнага ствараць на скляпеннях столі разнастайныя праекцыі. Распавесці падрабязней пра гэты элемент экспазіцыі спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея пакуль адмовіліся: маўляў, хутка самі ўсё ўбачыце, і хай гэта будзе сюрпрызам... Але нават і без каментарыяў ён выглядаў інтрыгуюча. Пра выкарыста

/i/content/pi/cult/296/4932/4-1.jpg

нне ў музейнай прасторы сучасных тэхналогій сёння гаворыцца вельмі шмат. І, мяркуючы па ўсім, менавіта Мірскі замак стане першым на Беларусі прыкладам іх маштабнага ўкаранення.

- Будуць і праекцыі, і плазменныя экраны, і ролікі аб гісторыі замка ды яго ўладальніках, - распавядае Віктар Кураш. - Экспазіцыя прадумана вельмі дасканала, таму і ўвасобіць яе ў прасторы будзе нескладана.

Стварыць музей "з нуля" - гэта заўсёды няпроста. І таму навуковая канцэпцыя музеефікацыі замкавых муроў распрацоўвалася паралельна з будаўнічымі работамі. Назапашваліся і артэфакты, без якіх музей - не музей.

- Нацыянальны мастацкі сёння мае, прынамсі, 96% тых прадметаў, якія патрэбны для стварэння экспазіцыі, - адзначыў Віктар Кураш. - Гэта мэбля, габелены, партрэты, шкло, зброя... Па кожнай зале ёсць поўная яснасць, якой будзе там экспазіцыя і якога абсталявання яна патрабуе. Цяпер засталося хіба што расставіць музейныя прадметы на вызначаныя для іх месцы і правільна арганізаваць падсветку - што, пагадзіцеся, таксама немалаважна. Пасля гэтага можна адкрываць комплекс для наведвальнікаў.

"Начынка" старых муроў

Тое самае можна сказаць і пра апартаментную частку. Гатэльныя нумары, якія займаюць частку замка, "без пяці хвілін" гатовы прымаць наведвальнікаў: мэбля туды ўжо завезена, арыгінальныя інтэр'еры амаль што завершаны. Зрэшты, як адзначыў Віктар Кураш, яшчэ застаўся адзін дробны штрышок: нумары будуць аздабляць старыя фотаздымкі, датычныя Мірскага замка.

І падобных мастацкіх дэталей у гэтай частцы комплексу - мноства: у калідорах - габелены, карціны, скульптуры, у рэстаране - партрэт Святаполк-Мірскага... Інтэр'еры прапрацаваны даткліва і з густам. Гэта не эстэтычная стылізацыя "пад даўніну", але той варыянт дапаўнення старых муроў, які не выклікае дысанансу.

Тым часам, ужо адбываецца конкурс сярод патэнцыйных арандатараў гатэля на 16 нумароў і рэстарана на 60 месцаў.

- Неўзабаве мы выберам найбольш спрыяльны варыянт, і адразу пасля гэтага комплекс пачне працаваць, - кажа Віктар Кураш. - Балазе для гэтага ўжо ўсё зроблена. Апартаменты забяспечаны высокатэхналагічным абсталяваннем паводле сістэмы "Разумны дом".

 Вестка пра тое, што ў замку ўсталяваны ліфт, выклікала нямала кпінаў сярод "аматараў аўтэнтыкі". Але мала каму прыходзіла ў галаву думка, што для некаторых з яго будучых наведвальнікаў такая выгода цывілізацыі папросту неабходная: прыкладам, на інваліднай калясцы або ў вячэрняй сукенцы па вінтавой лесвіцы не падняцца.

А вось тых, каму аўтэнтыка даражэй за камфорт, можам запэўніць, што вузкіх і пакручастых вінтавых лесвіц у замку захавалася процьма. І яны дакладна такія ж нязручныя, як гэта было ў Сярэднявеччы.

Спалучэнне даўніны з сучаснасцю ў Мірскім замку, бадай, непазбежнае. Колішняе фартыфікацыйнае збудаванне сёння паклікана выконваць зусім іншую функцыю. Ці, дакладней, функцыі, бо іх шмат: турыстычная/i/content/pi/cult/296/4932/4-2.jpg адметнасць, грамадска-культурны цэнтр і, урэшце, іміджавы аб'ект. Зразумела, не страціўшы пры гэтым свой статус унікальнага помніка спадчыны.

Напэўна, менавіта гэтая дыялектыка і ўтварала галоўную складанасць для спецыялістаў самых розных профіляў, якія бралі ўдзел у рэканструкцыі замка. Давалася ў знакі рознасць ідэй і падыходаў. Адну з фундаментальных праблем - брак каардынацыі паміж навуковым кіраўніком, заказчыкам і генпадрадчыкам - яшчэ больш за год таму сфармуляваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, наведваючы аб'ект.

Аднаўленне і прыстасаванне Мірскага замка можна параўнаць з сімфоніяй- буйным, складаным і шматпланавым творам. Парэпаныя муры, якія раней можна было агледзець толькі звонку, ператварыліся ва ўражальны і поліфункцыянальны аб'ект, што апавядае і пра даўніну нашай краіны, і пра яе сучасныя прыярытэты.

Да таго ж, ужо сёння несумненна адно: Беларусь займела найкаштоўны досвед маштабных рэстаўрацыйных праектаў, аналагаў якога ў яе гісторыі, бадай, ніколі і не было. А досвед - гэта галоўны рэсурс удасканалення.

 Юрый ІВАНОЎ (фота), нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Мір- Мінск