“Спяшаюся…”

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Выпала магчымасць наведаць майстэрню Міхаіла Савіцкага ўжо без самога мастака. Атрымалася зафіксаваць “палитру кисти”, праз фотааб’ектыў убачыць, як ляжаць пэндзлі, фарбы... Здавалася, што мастак нібыта толькі выйшаў адтуль і вернецца хутка туды зноў...

/i/content/pi/cult/296/4930/3-4.jpg

Зараз прыгадваецца шэраг нашых сустрэч. Памятаю, калі майстэрня Савіцкага знаходзілася яшчэ па вуліцы Някрасава, неяк задаў яму такое пытанне: "Міхаіл Андрэевіч, навошта вы так рана прыходзіце ў майстэрню, калі яшчэ зусім цёмна?" На гэта ён адказаў: "Ведаеш, я спяшаюся дабегчы да карціны, і памерці каля палатна з пэндзлем. Я не хачу паміраць на вуліцы..."

 І ўсё жыццё яго прайшло ля палатна. Ён ніколі не ведаў, што такое санаторый, дом адпачынку. Ён ведаў толькі майстэрню. І заўсёды туды спяшаўся. Любімая "парфума" Савіцкага - гэта лак, алейная фарба, шкіпінар. Яго каханая - ізноў-такі палітра і фарба. Ён прысвяціў сябе гэтаму і ніколі не здрадзіў сваім каштоўнасцям.

Ён быў упарты, настойлівы, патрабавальны, заўсёды адстойва/i/content/pi/cult/296/4930/3-3.jpgў справядлівасць і шчырасць, выказваў сваю прынцыповую пазіцыю. Міхаіл Андрэевіч не любіў выступаць на сходах, але быў трыбунам у сваіх карцінах. Ён сам выбіраў тэмы, і, пры гэтым, не лёгкія. Заўсёды спяшаўся ажыццявіць задуманае. І ў выніку пакінуў нам цудоўную спадчыну.

Міхаіл Савіцкі ніколі не казаў, што ішоў пісаць карціну. Яго любімы выраз быў такі: "Я іду фарбаваць карціну". Мне расказалі, што ўжо паміраючы, у апошнія імгненні жыцця, мастак рукой у паветры нібыта дапісваў сваю карціну. І казаў: "Мне б пэндзлік..." Магчыма, гэта была новая ідэя, новае палатно. Але пра што ён думаў у свае апошнія імгненні, ужо ніхто не даведаецца. А ў паветры так і застыла яго рука...

 Думаецца, у бліжэйшы час будзе разгледжана пытанне аб устаноўцы мемарыяльнай шыльды, помніка, імем Майстра будзе называцца вуліца... На пахаванні мы вырашылі назваць у яго гонар ваенную студыю, у склад якой уваходзіў Міхаіл Андрэевіч.

 Іван МІСКО, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР