Папраўкі ў законы

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

Больш эфектыўна працаваць і атрымаць новыя магчымасці для развіцця змогуць музеі нашай краіны пасля прыняцця новага закону аб унясенні паправак у дзеючы Закон “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь”. Пра гэта паведаміла карэспандэнту “К” галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава.

 

Праект гэтага закону днямі быў прыняты ў першым чытанні на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Адна з паправак, якая будзе ўнесена ў дзеючы закон, тычыцца платных паслуг ва ўстановах культуры. Святлана Гаўрылава адзначае, што кіраўніцтва кожнага музея цяпер будзе самастойна рэгуляваць, колькі ўстанова можа зарабіць. Будуць адменены нарматывы па ажыццяўленні дзейнасці, якая прыносіць прыбытак, нарматывы атрымання грошай з дадатковых крыніц фінансавання.

 Музейны фонд краіны папоўніцца ўнікальнымі экспанатамі. Па словах суразмоўцы, "стаіць задача захаваць каштоўныя экспанаты, якія не знаходзяцца ва ўстановах Міністэрства культуры. Пасля таго, як закон пачне дзейнічаць, плануецца залічваць у фонд рэчы, якія належаць да музеяў - структурных падраздзяленняў юрыдычных асоб або тых, якія з'яўляюцца такімі асобамі. Такім чынам, можна будзе даведацца пра экспанаты, што належаць да выставачных памяшканняў розных арганізацый. Аднак словы "музей" і "музейны" нельга будзе ўжываць у адносінах да такіх устаноў, якія не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства.

Адным з самых цікавых для шырокай публікі стане наступнае новаўвядзенне: Міністэрства культуры краіны зможа выдаваць дзяржаўныя гарантыі бяспекі і своечасовага вяртання культурных каштоўнасцей для экспазіцый замежных музеяў у Беларусі. Гэта дасць магчымасць часцей арганізоўваць выстаўкі з вядомых музеяў іншых краін.

Яшчэ адзін дакумент у галіне культуры разглядаўся на сесіі Палаты прадстаўнікоў: праект закону аб унясенні паправак у Закон "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь". Аднак ён быў адкліканы на дапрацоўку, паколькі многія палажэнні гэтага законапраекта не адпавядаюць Канцэпцыі развіцця кінематаграфіі на 2009 - 2014 гады.

Як патлумачыла "К" юрыст Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Алена Зубкова, дапрацаваць праект закону патрэбна да 1 студзеня 2011 года. Дэпутаты будуць яго разглядаць на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў. Будзе ўведзена палажэнне аб фінансаванні фільмаў: паводле яго, 70% сродкаў на вытворчасць стужкі можа выдаткоўваць дзяржава, а астатнія 30% - спонсарскія, крэдытныя сродкі ці грошы кінавытворцаў.