Венесуэла над Нёманам

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

9 — 11 лістапада ў Гродне праходзілі Дні культуры Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла.

/i/content/pi/cult/296/4925/2-2.jpg

Абласны цэнтр наведалі Першы сакратар Пасольства Венесуэлы ў Беларусі Херарда Эстрада Марцінес, ён жа каардынатар Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сімона Балівара, калектывы цэнтра "Йаланда Марэна" і "Алі Прымера", венесуэльскія акцёры Фернанда Марэна і Эліу Армас ды іншыя.

 "Жыхары абласнога цэнтра з вялікай цікавасцю прымаюць нашу культуру, - адзначае асістэнт Херарда Эстрада Марцінеса Валерыя Талкачова. - Тут, як і ў іншых беларускіх гарадах, мы паказваем аўтэнтычныя рэчы: нацыянальны фальклор, танцы, музыку, выстаўкі флоры і фаўны. З асабліва вялікай увагай прымаюць гледачы канцэрты, на якіх выконваецца венесуэльская музыка. Музычны калектыў "Алі Прымера" выступіў 10 лістапада перад вучнямі і студэнтамі трох гродзенскіх адукацыйных устаноў. Таксама іх парадавала танцавальная група "Йаланда Марэна", яна ж прадэманстравала мастацтва танца і на наступны дзень, у час сумеснага канцэрта з Гродзенскай гарадской капэлай".

 Дні культуры супалі з правядзеннем кінафестывалю "Лістапад", і на іх адкрыцці гледачам быў прадстаўлены венесуэльскі мастацкі фільм "Брат".

Па словах начальніка аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Віталя Мамачкіна, ідэя правесці Дні культуры Венесуэлы ў Гродне ўзнікла ў маі гэтага года, пад час візіту прадстаўнікоў Пасольства ў горад напярэдадні Фестывалю нацыянальных культур. "Гэта акцыя - важная для нас. Публіка цёпла сустракае гасцей, увесь час тэлефанавалі людзі, каб даведацца, дзе і што будзе адбывацца, ці ёсць білеты. Водгукі ва ўсіх - толькі добрыя".

10 лістапада прайшоў канцэрт фартэпіяннай музыкі, пад час якога творы венесуэльскіх кампазітараў выконвалі вучні музычных школ горада. Вучні школы, гімназіі і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы слухалі лекцыі гасцей, пад час якіх знаёміліся з гісторыяй Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. Адукацыйны дакументальны фільм пра сістэму дзіцячых і юнацкіх аркестраў Венесуэлы пабачылі іх педагогі. Надзвычай маляўнічай падалася гледачам выстаўка "Фарбы джунгляў", што адкрылася 11 лістапада ў Гродзенскай выставачнай зале. Яна складаецца з малюнкаў і фотаздымкаў чэшскай сям'і Дунгелаў, якія ўжо шмат гадоў даследуюць флору і фаўну джунгляў Амазонкі. Такім чынам, знаёмства з краінай - адбылося!

С.Ю.

На здымку: Херарда Эстрада на рэпетыцыі з Гродзенскай гарадской капэлай. Фота Леаніда ШЧАГЛОВА, БелТА