Абмен і калекцыі

№ 46 (966) 13.11.2010 - 19.11.2010 г

11 і 12 лістапада з візітам у Беларусі пабываў прэзідэнт Нацыянальнай бібліятэкі Францыі Бруна Расін.

/i/content/pi/cult/296/4924/2-1.jpg

 

Госць азнаёміўся з працай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, яе тэхнічным аздабленнем і інфармацыйнымі рэсурсамі. Таксама Бруна Расін наведаў Музей кнігі, дзе яго ўвазе была прадстаўлена калекцыя рарытэтных выданняў і рукапісаў з фондаў галоўнай скарбніцы нашай краіны.

 Як вядома, культурныя сувязі паміж Францыяй і Беларуссю развіваюцца даўно і плённа. І, як распавёў "К" дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, вялікі ўклад у развіццё французска-беларускіх зносін унесла і Нацыяналка.

- Аб нашым актыўным супрацоўніцтве, - адзначыў Раман Сцяпанавіч, - сведчыць і распачаты яшчэ ў 1986 годзе міжнародны кнігаабмен з Нацыянальнай бібліятэкай Францыі, і правядзенне сумесных з Пасольствам Францыі фотавыставак, і стварэнне відэафільма французскімі рэжысёрамі аб будынку НББ, а таксама іншыя, не менш значныя, праекты.

Чарговым крокам на шляху да ўмацавання культурных зносін сталася падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж галоўнымі бібліятэкамі нашых краін. Дакумент стварае прававую аснову для пашырэння культурнага ўзаемадзеяння і закліканы садзейнічаць далейшаму ўмацаванню двухбаковых кантактаў. Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва з'яўляюцца распрацоўка даследаванняў у галіне развіцця сродкаў апрацоўкі інфармацыі, інфарматызацыі і алічбоўкі, рэалізацыя сумесных выставак на базе нацыянальных калекцый дакументаў, развіццё адукацыйных праграм для супрацоўнікаў бібліятэк і многае іншае.

Таксама 11 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбылася рабочая сустрэча міністра культуры нашай краіны Паўла Латушкі з прэзідэнтам Нацыянальнай бібліятэкі Францыі Бруна Расінам. Шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва абмяркоўваўся міністрам культуры з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мішэлем Рэнеры, саветнікам па супрацоўніцтве і культуры Пасольства Людовікам Руайе.

 

 На здымку (злева направа): Людовік Руайе, Мішэль Рэнеры, Павел Латушка, Бруна Расін, Раман Матульскі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"