Палкоўнік з Анатоля

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Адным з самых выбітных фільмаў ХХ стагоддзя лічыцца стужка “Чапаеў”. Па прызнанні крытыкаў, фільм аказаў вялікі ўплыў на развіццё сусветнага кіно і, таксама як “Браняносец Пацёмкін”, заваяваў сэрцы гледачоў ва ўсім свеце. Дарэчы, “Чапаеў” мае дачыненне і да Беларусі.

/i/content/pi/cult/295/4918/pic_29.jpgАле найперш варта расказаць пра стваральнікаў стужкі - братоў Васільевых. Гэта калектыўны псеўданім двух цёзкаў па прозвішчы, выбітных дзеячаў савецкага кіно, якія аб'ядналіся ў творчы дуэт у справе кінарэжысуры і сцэнарыяў мастацкіх фільмаў.

Георгій Васільеў нарадзіўся 25 лістапада 1899-га ў Волагдзе. У дванаццацігадовым узросце ён разам з сям'ёй пераязджае ў Маскву. Праз сем гадоў юнак уступае ў шэрагі Чырвонай Арміі, а пасля заканчэння Грамадзянскай вайны вырашае прысвяціць сябе кінамастацтву. У тэатральнай студыі ягоным настаўнікам становіцца наш зямляк Іларыён Пяўцоў, які нарадзіўся ў 1879 годзе ў мястэчку Анатоль Гродзенскай губерні (сёння - Брэсцкая вобласць). Пяўцоў здымаўся ў кіно з 1916-га. Ён выканаў запамінальныя ролі ў фільмах "Не ўбій", "Смяротны нумар", "Цуд", "Пераможцы ночы" ды іншых. Яскравыя вобразы ён стварыў на сцэнах маскоўскіх і ленінградскіх тэатраў.

Пяўцоў шмат у чым абумовіў далейшы творчы шлях Васільева. Сімвалічна, што пазней яны разам будуць працаваць над фільмам "Чапаеў", які стане для настаўніка апошняй кінаработай. Іларыён Пяўцоў выканае ролю калчакоўскага палкоўніка Барадзіна.

Георгій Васільеў спрабуе свае сілы ў журналістыцы, шмат вандруе па краіне і марыць працаваць у кіно. Па волі лёсу ён знаёміцца з такім жа апантаным кінамастацтвам чалавекам - Сяргеем Васільевым.

Яны з галавой акунаюцца ў тагачасны кінапрацэс: некалькі гадоў працуюць на пасадах рэдактараў-мантажораў і адначасова вучацца на курсах кінарэжысуры. Адной з задач, што была перад імі пастаўлена, аказалася сабраць з асобных кавалкаў плёнкі са здымкамі ў Арктыцы цэласны фільм. Ім стаў дакументальны "Подзвіг у льдах".

У 1929-м Георгій Васільеў займаецца ў рэжысёрскай майстэрні С.Эйзенштэйна. І ў гэтым жа годзе разам з цёзкам па прозвішчы атрымлівае пасаду рэжысёра на "Ленфильме". З гэтага часу ўсе іхнія фільмы здымаюцца сумесна пад агульнай маркай "Браты Васільевы".

У 1934-м яны ствараюць шэдэўр "Чапаеў" паводле аповесці Дзмітрыя Фурманава. Фільм атрымлівае шматлікія ўзнагароды, у тым ліку Першую прэмію "Сярэбраны кубак" І Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю ў 1935 годзе.

Іван АРХІПАЎ

На здымку: Іларыён Пяўцоў у ролі палкоўніка Барадзіна.