“Думаеце, што першы пытаецеся пра гэтае прозвішча?”

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Той факт, што сваёй радаслоўнай славутая актрыса Фаіна Ранеўская паходзіць са Смілавічаў, ужо добра вядомы. А нядаўна ў Маскве ў кніжнай серыі “Жыццё знакамітых людзей” пабачыла свет біяграфія Фаіны Георгіеўны. Аўтар — даследчык гісторыі тэатра Мацвей Глэйзер.

/i/content/pi/cult/295/4917/pic_28.jpgЗбіраючы па крупінках матэрыялы пра Фаіну Ранеўскую, тэатразнаўца, публіцыст, празаік Мацвей Глэйзер, несумненна, шукаў вытокі яе лёсу. І першы раздзел яго кнігі мае назву "Город на Таганьем рогу". Так, гэта Таганрог - горад, дзе нарадзілася будучая актрыса. Але ж у дадзеным раздзеле даследчык згадвае і бацьку прымы сцэны - Гірша Фельдмана, які нарадзіўся ў Смілавічах Ігуменскага павета.

У 2008 годзе аўтар даследавання наведаў Беларусь. Быў у Віцебску, шукаў сляды Марка Шагала. І ўжо працуючы над кнігай пра Ранеўскую, не мог не завітаць у Смілавічы. Вось што распавядае Мацвей Глэйзер: "...Успомніў, што адтуль родам бацька Ранеўскай, і, канешне ж, заехаў паглядзець на горад. Ад былога мястэчка Смілавічы амаль нічога не засталося, і ўсё ж, выпадкова сустрэўшы сталага веку мужчыну (з размовы я даведаўся, што яму ідзе ўжо дзевяноста шосты год), адважыўся загаварыць з ім на ідыш.

- Што я магу распавесці вам?

- адказаў ён мне на той жа мове. - Я не толькі нічога не памятаю, але нават забыўся, як мяне завуць. Такому гумару не ўзрадавацца я не мог.

- Дык калі сваё прозвішча не памятаеце, тады, магчыма, вам пра што-небудзь гаворыць прозвішча Фельдман?

- Пра што вы?! Вы думаеце, што першы пытаецеся пра гэтае прозвішча? Кажуць, некалі ў Маскве была вядомая артыстка, родам як быццам адсюль. Але ніводнай артысткі на маім жыцці ў гэтым горадзе не было... А Фельдманы? Палова мястэчка былі Фельдманы. Нават адзін мой дзядзька, брат маці, старэйшы за мяне на пяцьдзесят гадоў, насіў такое прозвішча. Памятаю, ён расказваў, што нехта з ягоных братоў яшчэ ў часы Аляксандра ІІ... паехаў ці то ў Расію, ці то ў Бярдзянск, ці яшчэ куды, зарабляць грошы. А ў гэтага дзядзькі, хадзілі чуткі, была нявеста ў Лепелі..."

Такім чынам Мацвей Глэйзер падводзіць да сям'і Фельдманаў - бацькі і маці Фаіны Ранеўскай.

Гэтак нашы Смілавічы ўвайшлі яшчэ ў адну кнігу. Праўда, у гісторыі гэтай- відавочная блытаніна. Шлюб дзевятнаццацігадовы Гірш Фельдман зарэгістраваў з дзяўчынай з Лепеля ў 1889 годзе. А ў вялікую дарогу "стары са Смілавічаў" выпраўляе свайго земляка ў "часы Аляксандра ІІ", але ж цар, як вядома, загінуў нашмат раней: 1 сакавіка 1881 года. Значыць, Гірш пакінуў свой дом у адзінаццаць гадоў, ужо маючы нявесту ў Лепелі?.. Мабыць, нешта наблытаў суразмоўца Мацвея Глэйзера...

Але, тым не менш, такая вось беларуская старонка з'явілася ў нядаўна выдадзенай біяграфіі Фаіны Ранеўскай, чый бацька паходзіў са Смілавіч, а маці - з Лепеля.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

На здымку: Фаіна Ранеўская на адным з дзіцячых фотаздымкаў.