Сем роляў з беларускай прапіскай

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

“Няма нічога выпадковага ў жыцці”

/i/content/pi/cult/295/4915/pic_26.jpgДзевяць гадоў таму, у 2001-м, на Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад" фільм Алега Янкоўскага і Міхаіла Аграновіча "Прыходзь на мяне паглядзець" атрымаў Гран-пры, а народная артыстка СССР Кацярына Васільева была ўганаравана Прызам журы кінапрэсы за лепшую жаночую ролю...

Гэтай восенню знакамітая актрыса адзначыла 65-годдзе. І з дзесяткаў яе кінароляў ёсць сем з беларускай "прапіскай"...

Дачка паэта Сяргея Васільева і ўнучатая пляменніца вядомага педагога Антона Макаранкі, Васільева ўвайшла ў гісторыю са сваім уласным імем.

У 1962-м яна паступіла ў ВГИК, тут мы і пазнаёміліся. Педагог-эксперыментатар Міхаіл Ілліч Ром аб'явіў зімовы акцёрскі набор: у модзе было арыгінальнічанне пасля раптоўнай хрушчоўскай адлігі. Міхаіл Ілліч мяне, студэнтадыпломніка аператарскага факультэта, запрасіў зняць самыя сапраўдныя кінапробы абітурыентаў. Не ўсіх, канешне, а толькі тых, хто ўжо прайшоў тры адборачныя туры, - гэта значыць правесці перад камерай своеасаблівы чацвёрты, кантрольны, тур. Гэта пасля Кацярына Васільева апынецца ў майстэрні Уладзіміра Белакурава, але тады ўсімі справамі кіраваў М.Ром. На кінапробах Каці я стараўся як мог і як не мог таксама. Мы пасябравалі на другой камандзе "Матор!", ніякіх педагогаў на кінапробах не было, і мы "скакалі пад ўласную дудку". Я, прызнаюся, закахаўся ў яе адразу і прытым - цалкам платанічна. Яшчэ тады, у ВГИКу, я ўмешваўся ў іх неразлучна-хуліганскую тройцу: Эд Валадарскі, Сяргей Салаўёў і Каця. З адным з "цудоўнай тройцы" яна пабралася шлюбам: гэта быў малады рэжысёр Сяргей Салаўёў, хаця першым прапанову зрабіў сцэнарыст Эдуард Валадарскі. У шлюбе з Салаўёвым яна была нядоўга. Пасля ж Васільева стала жонкай драматурга Міхаіла Рошчына.

У 1966-м, яшчэ не скончыўшы акцёрскі факультэт, яна пачала здымацца ў яркага беларускага рэжысёра Уладзіміра Бычкова ў фільме "Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка" па рамане класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. А папулярную кінастужку "Адам і Хева", якая прынясе Кацярыне Васільевай сапраўдную славу, здымуць толькі праз чатыры гады. Увогуле, сыграўшы ў "Саламяным капялюшыку" ды "Звычайным цудзе", Каці Васільевай ужо можна было б зусім не здымацца ў кіно: такі вялікі і ўсеабдымны быў яе поспех.

Але вернемся да беларускіх фільмаў, з якіх /i/content/pi/cult/295/4915/pic_27.jpgпачалася кінакар'ера Кацярыны Васільевай: да працы класіка нашага кіно Віктара Турава. Менавіта ён угледзеў у студэнтцы-дыпломніцы патэнцыйную зорку савецкага экрана, запрасіўшы яе на ролю падпольшчыцы Надзі - значнай дзейнай асобы фільма "Вайна пад стрэхамі". У Васільевай гэта была другая стужка ў жыцці. Тут можна ўзгадаць гісторыю, звязаную з майстэрняй Белакурава і самім майстрам, гісторыю, якую ведае далёка не кожны работнік кіно. Уладзімір Белакураў, які выканаў "зорную ролю" Валерыя Чкалава ў аднайменным фільме, якраз быў тым самым з педагогаў, хто забараняў сваім студэнтам адхіляцца ад заняткаў і здымацца ў "вялікім кіно". Але адмовіць былому любімаму студэнту Віктару Тураву, які пачынаў вучобу яшчэ ў знакамітага Аляксандра Даўжэнкі, не мог. Тым больш, калі той паспеў зняць стужку "Праз могілкі", што ўвайшла ў сусветны спіс ста лепшых фільмаў пра вайну, дзе адну з галоўных роляў сыграў Белакураў. Ды і ў "Вайне пад стрэхамі" ў апошняга была не самая вялікая, але яркая роля. І настаўнік закрыў на ўсё вочы. Вось так 22-гадовая Каця Васільева стала прафесійнай кінаактрысай.

Больш за ўсё Васільева здымалася ў нашага "дзіцячага карыфея" Леаніда Нячаева. У гэты час я быў дырэктарам аб'яднання мастацкіх фільмаў на "Беларусьфільме" і імкнуўся ў меру сіл ствараць усялякія дадатковыя выгоды для Каці. Канешне, галоўную дапамогу і падтрымку здзяйсняў дырэктар "Тэлефільма", таленавіты арганізатар кінапрацэсу Аляксандр Шкадарэвіч. Але пэўная частка апекі была і з майго боку. Ну, а Нячаеў пачаў працу з актрысай з фільма "Прыміце тэлеграму ў доўг", потым - "Прададзены смех" і "Руды, сумленны, закаханы". Яна выконвала у іх, адпаведна, ролі маці галоўнага героя, мачахі героя і зноў-такі маці. Нягледзячы на відавочную ідэнтычнасць вобразаў, Васільева ні ў адной карціне не паўтарыла раней знойдзены ёю малюнак. Вось такую актрысу і разумею, і прымаю!

Увогуле, характэрная рыса для асобы Кацярыны Васільевай: калі яе аднойчы здымаў рэжысёр, пасля ён усімі шляхамі зноў і зноў будзе спрабаваць сустрэцца з ёй на здымачнай пляцоўцы. Так было і з нашымі беларускімі майстрамі: акрамя Леаніда Нячаева, рэжысёр Уладзімір Бычкоў, сустрэўшыся з Кацяй на самым пачатку ейнай кар'еры, праз 18 гадоў запрасіў яе на свой фільм "Восеньскі падарунак фей". А зусім нядаўна яна сыграла ў кінадраме Маргарыты Касымавай і Івана Паўлава "Глыбокая плынь" адну з галоўных, прыкметных і запамінальных роляў - абруселай немкі-акушэркі. Актрыса змерзла на пляцоўцы, і рэжысёр Маргарыта Касымава прынесла з дому вярблюджую хустку. Што грэла больш: воўна жывёлы або матчына любоў, якая захавалася ў той хустцы? Дарэчы, у гэтай стужцы партнёрам яе быў цёзка па прозвішчы, Віктар Васільеў, старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў, чалавек, гэтак жа апантаны "акцёрствам", як і яго калега.

Яна працавала з вялікімі рэжысёрамі, у ліку якіх Алег Яфрэмаў, Аляксей Герман, Пітэр Штайн, Кшыштаф Занусі, Сяргей Герасімаў, Станіслаў Гаварухін, Марк Захараў. І я вельмі рады, што трапіў у кола такой знакамітай кампаніі, працуючы з Васільевай. Мне, беларускаму рэжысёру, відавочна шанцавала: я здымаў Кацю толькі ў расійскіх кінакарцінах.

Калі я запрасіў яе на "масфільмаўскую" карціну "Гэтая вясёлая планета" на ролю, напісаную спецыяльна для яе, яна адказала: "Мы не бачыліся больш за год. І ты нічога не ведаеш пра мяне. А я месяц як нарадзіла, і цяпер не ў кіно, а па жыцці іграю ролю кормячай маці. І, канешне, адмаўляюся ад усіх прапаноў здымацца ў якім-небудзь фільме". Я разгубіўся. Карціна ляцела ў пекла. Цяпер, калі глядзіш на сыграную Кацяй ролю іншапланецянкі Z, разумееш, што іншай актрысы тут быць не магло. За 37 гадоў пасля стварэння карціны не прайшло ні адзінага Новага года, калі б яе не паказвалі па тым або іншым тэлеканале. А тады Каця сказала: "Добра, добра. Ты - выключэнне, і таму я таксама зраблю выключэнне. Толькі дзіця карміць будзеш прывозіць проста на здымачную пляцоўку!"

Ёсць яшчэ іншая старонка ў біяграфіі Васільевай. У 1993-м яна пайшла паслушніцай у Толгскі манастыр. Была казначэем Праваслаўнага банка. У 1997-м, па просьбе і па запрашэнні калегі і таварыша Валерыя Прыёмыхава, вярнулася ў кіно. Ганарыцца малодшым сынам, Дзмітрыем Рошчыным, які закончыў ВГИК і стаў святаром. Старэйшы, Антон, у кіно не пайшоў.

Цяпер Кацярына Васільева разглядае кожны прапанаваны сцэнарый праз прызму хрысціянскай веры. І сцвярджае: "Няма нічога выпадковага ў жыцці чалавека". Я з ёй цалкам згодзен.

Юрый ЦВЯТКОЎ, кінарэжысёр