Пасвячэнне ў кіно: кадры — на “кухню”!

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Узнятая "Лістападам" фестывальная завіруха ўзрушыла, здавалася б, і без гэтага вірлівае жыццё самага маладога факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Упершыню за доўгі час студэнты акадэміі змаглі на валанцёрскіх пачатках удзельнічаць у фестывалі: творчую моладзь ФЭМа запрасілі на "кухню" міжнароднага форуму. Падобнае "пасвячэнне ў кіно" стане сапраўды неацэнным вопытам для будучых творцаў і дапаможа ім пазнаёміцца з мэтрамі, якія ствараюць сучаснасць сусветнага экрана.

/i/content/pi/cult/295/4910/pic_9.jpgУ калідорах вучэбнага корпуса гучаць вядомыя прозвішчы рэжысёраў і акцёраў: гэта студэнты абмяркоўваюць спіс запрошаных гасцей мінскага форуму, заяўленыя на конкурс карціны. Адно з самых вострых пытанняў: як сумясціць шчыльны вучэбны расклад і свята вялікага кіно? Выкладчыкі толькі ўсміхаюцца: на гэтым тыдні яны з лёгкім сэрцам робяць моладзі паслабленні, бо менавіта "Лістапад" дае той практычны вопыт, без якога нельга сфарміраваць новае пакаленне айчыннага кінематографа.

- Нашы студэнты павінны быць правай рукой арганізатараў "Лістапада", - такімі словамі сустракае карэспандэнтаў "К" дэкан факультэта экранных мастацтваў Уладзімір Забела. - Няхай яны на валанцёрскіх пачатках дапамагаюць дырэкцыі, займаюцца чарнавой працай - будуць, так мовіць, на падхваце. Магчымасць адчуць сябе непасрэдным удзельнікам фестывальнага віру акрыляе тых, хто робіць першыя крокі ў прафесіі, а часам і дае неабходныя творчыя сувязі.

Уладзімір Паўлавіч марыць наладзіць цесныя стасункі з арганізатарамі ўсіх кінафестываляў, што праходзяць ў Беларусі. З бягучага года падобныя задумы прасцей увасобіць у жыццё дзякуючы адкрыццю факультэта экранных мастацтваў. Зрэшты, перайшоўшы на новы ўзровень, кузня айчынных кінаі тэлекадраў атрымала магчымасць вырашыць мноства пытанняў, што здавён ва ўсіх на слыху. Перш за ўсё - бесперапыннага працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў, якіх не хапае Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

/i/content/pi/cult/295/4910/pic_8.jpg- З тэлевізійшчыкамі, якіх з 1994 года рыхтуе Акадэмія мастацтваў, такіх пытанняў не ўзнікае. Няма такой кампаніі ў краіне, дзе б не сустракаліся аператары, рэжысёры, гукарэжысёры з дыпломам нашай установы, - распавядае дэкан.

Таму факультэт нічога ў падрыхтоўцы тэлевізійных кадраў не змяняе - толькі ўдакладняе планы. Прынамсі, намечана сустрэча з кіраўнікамі вядучых тэлеканалаў, каб абмеркаваць у канкрэтных лічбах запатрабаванасць у спецыялістах, скарэкціраваць планы набораў на будучыню, заключыць дагавор на праходжанне вытворчай практыкі на іх базе.

З "Беларусфільмам" наладзіць падобныя стасункі куды складаней. Кінастудыя - вялікае прадпрыемства са сваёй эканомікай, а на студэнтаў патрэбны немалыя выдаткі. У гэтай сітуацыі важна знайсці ўзаемаразуменне. Зрушыць справу з мёртвай кропкі дапамагла вераснёўская сустрэча Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі з дзеячамі культуры па пытаннях развіцця кінематографа. Па выніках шматгадзіннай гутаркі распрацоўваецца дакумент з даручэннямі Кіраўніка дзяржавы аб развіцці кінематаграфіі, у якім шмат увагі надаецца падрыхтоўцы кадраў.

- Літаральна днямі адбылося пасяджэнне, дз/i/content/pi/cult/295/4910/pic_10.jpgе абмяркоўваўся праект гэтага дакумента. Ён павінен паспрыяць вырашэнню галоўнай праблемы факультэта- тэхнічнай базы, без якой мы не зможам падрыхтаваць годнага спецыяліста. Мяркуецца, што "Беларусьфільм" і "Белвідэацэнтр" створаць усе ўмовы для праходжання практыкі, прадаставяць студэнтам магчымасць працаваць у праявачных, мантажных, апаратных і не будуць патрабаваць ад нашай ВНУ падатак за амартызацыю апаратуры. На апошні пункт факультэт ускладае асаблівыя спадзяванні, бо матэрыяльныя пытанні- заўсёды самыя складаныя, - тлумачыць Уладзімір Забела.

Як вядома, пры Віктары Тураве на кінастудыі існавала вучэбная студыя. Агульнаадукацыйны цыкл моладзь вывучала ў сценах ВНУ, а азы прафесіі спасцігала непасрэдна ў здымачных павільёнах. Разам з кіраўніком курса студэнты праходзілі ўсе этапы стварэння фільма, вывучалі працу студыйных цэхаў. І гэта натуральна, бо на канчатковы рэжысёрскі вынік значна ўплывае дасканалае веданне поўнага цыкла кінавытворчасці. Прыйшоў час аднавіць колішнюю практыку, неабходную сучаснай моладзі.

/i/content/pi/cult/295/4910/pic_11.jpgФакультэт тэрмінова наладжвае працоўныя сувязі. Зранку ў дзень нашага наведання кіпела творчае абмеркаванне праектаў рэжысёраў і аператараў чацвёртага курса. Вучні Аляксандра Яфрэмава і Пятра Крывастаненкі чыталі сцэнарыі, удакладнялі працоўныя моманты, вырашалі, як рэалізаваць ідэі ва ўмовах кінавытворчасці. Прычына творчага ўзрушэння - каштарыс, які выдаткавала на курсавыя работы Міністэрства культуры.

- Праўда, тут узнікае новая праблема: бухгалтэрыя навучальнай установы не прыстасавана да кінавытворчасці, таму паўстае безліч пытанняў. У часы існавання вучэбнай студыі на "Беларусьфільме" Міністэрства культуры напрамую пераводзіла грошы на студыю. І ўжо мясцовыя эканамісты, якія ведалі спецыфіку вытворчасці, праводзілі неабходныя схемы. Хацелася б у будучым аднавіць і гэтыя напрацоўкі, - спадзяецца Уладзімір Забела.

Цяпер на факультэце кіпіць праца над стварэннем вучэбных планаў, удакладненнем самой методыкі выкладання. На кафедры кінатэлеаператарства пад кіраўніцтвам Настассі Суханавай працягнецца падрыхтоўка надзвычай запатрабаваных спецыялістаў у гэтай галіне. У верасні адкрылася новая кафедра - менеджменту, гісторыі і тэорыі экранных мастацтваў. Пад кіраўніцтвам загадчыка Вольгі Мядзведзевай рыхтуюцца арганізатары беларускай тэлеі кінавытворчасці, кіназнаўцы, якія змогуць папоўніць каманду крытыкаў, што працуе пад час "Лістапада" і ў цэлым аналізуе айчынны кінапрацэс. На будучы год кафедра плануе набраць курс кінадраматургаў, каб зменшыць у гэтай галіне востры недахоп прафесійна падрыхтаваных кадраў.

Самай вялікай на факультэце экранных мастацтваў стала кафедра рэжысуры кіно і тэлебачання. Каб задаволіць патрэбу ў кінаспецыялістах, Акадэмія мастацтваў пашырыла спіс спецыялізацый. Сёння побач з курсам Аляксандра Яфрэмава навучаюцца будучыя дакументалісты, іх вядзе Міхаіл Жданоўскі, аніматары, якіх набіраў яшчэ Алег Белавусаў. Настаўніцкую працу апошняга цяпер працягваюць Міхаіл Тумеля і Алена Пяткевіч.

"Бачылі б вы вочы студэнтаў, калі я тлумачыла, /i/content/pi/cult/295/4910/pic_12.jpgяк трэба запэўніць бацькоў, што менавіта іхняму дзіцяці неабходна здымацца ў кіно!" - я ўжо збіралася сыходзіць, калі пачула голас Маргарыты Касымавай, якая дзялілася з калегам уражаннямі пасля прачытанай лекцыі. Факультэт у першы ж год свайго існавання адважыўся на эксперымент: сёлета ўпершыню ў Акадэміі мастацтваў набралі курс рэжысёраў дзіцячага і юнацкага кіно. З гэтай прапановай да кіраўніцтва ВНУ звярнулася сама Маргарыта Наімаўна. Да вопытнага рэжысёра, аўтара вядомых дзіцячых стужак, прыслухаліся і адразу запрасілі весці адпаведны курс. На ўступных экзаменах адбыўся сапраўдны ажыятаж! Спадарыня Касымава адабрала сем найбольш перспектыўных і цяпер літаральна суткамі працуе з імі ў сценах факультэта.

У эксперыментальным курсе зацікаўлены і на Нацыянальнай кінастудыі. Вельмі хочацца, каб на "Беларусьфільме" поруч з Аленай Туравай, Іванам Паўлавым з'явілася маладая плеяда таленавітых рэжысёраў сучаснага дзіцячага кіно. Магчыма, праз колькі гадоў і ў конкурснай праграме "Лістападзіка" ў фаварытах акажуцца стужкі новага пакалення айчынных кінематаграфістаў - выпускнікоў факультэта экранных мастацтваў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"