Аўтара? Аўтараў?

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Жарсці вакол “імя ў цітрах”

Не праходзіць і тыдня, каб на адным з тэлеканалаў не паказалі стужкі "Белыя Росы", "Амністыя", "Бацькі і дзеці" ды іншыя фільмы беларускіх кінематаграфістаў, што сапраўды сталі народнымі. Але рэжысёры, сцэнарысты, аўтары музыкі да тых карцін сёння апынуліся ў незайздросным становішчы: паводле дзеючага заканадаўства, яны амаль пазбаўлены аўтарскіх узнагароджанняў за свае творы. Цяпер жа ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядаецца праект новага Закону "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". Якія змены яго прыняцце прынясе ў прававое поле функцыянавання айчыннага мастацтва і, у прыватнасці, у сферу кінематаграфіі?

 

З юрыдычным акцэнтам

У 1996 годзе адбылася падзея, якую доўга чакалі дзеячы беларускай культуры: пачаў дзейнічаць першы ў гісторыі краіны Закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". Прыняццю дакумента, які прадаставіў творцам магчымасць на законнай аснове адстойваць сваё права на інтэлектуальную маёмасць, папярэднічала вялікая работа. Сваё бачанне праблемы выказвалі многія творцы. Сярод іх былі кінематаграфісты Віктар Тураў, Ігар Дабралюбаў, Вячаслаў Нікіфараў. У выніку атрымаўся дакумент, дзе канкрэтна было акрэслена, каму належыць права на інтэлектуальную маёмасць, а таксама абгрунтавана заключэнне аўтарскіх дагавораў.

- Галоўным дасягненнем таго часу стала норма, згодна з якой аўтары займелі права атрымліваць узнагароджанне за кожны від выкарыстання іх твораў,- распавёў удзельнік дарадчай групы па распрацоўцы законапраектаў у 1996-м і 2010-м, кінарэжысёр, член Беларускага саюза кінематаграфістаў Валерый Панамароў. - Але менш чым праз два гады ў той закон былі ўнесены папраўкі і змяненні. З-за іх, на вялікі жаль, узнікла сітуацыя, калі маёмасныя правы на фільмы, якія з'явіліся на свет да 1996 года, пачалі лічыцца ўласнасцю наймальніка. Аўтарам жа застаюцца толькі немаёмасныя правы, іншымі словамі- імя ў цітрах.

На практыцы часта здараецца, што нормы, прапісаныя сухой юрыдычнай мовай, выклікаюць пэўныя праблемы з трактоўкай. Таму, скажам, каб вырашыць пытанні з прызнаннем аўтарства і атрыманнем адпаведнага аўтарскага ўзнагароджання, два гады назад рэжысёр карціны "Белыя Росы" Ігар Дабралюбаў і сцэнарыст гэтай стужкі Аляксей Дудараў звярнуліся ў суд. Але тут у справу ўмяшаўся -

 

парадокс 1964 года.

Калі справа датычыцца карцін, што з'явіліся ў пракаце яшчэ ў савецкі час, заканадаўцы спасылаюцца на Грамадзянскі кодэкс СССР 1964 года. У ім пазначана: аўтарскія маёмасныя правы на фільм належаць выключна прадпрыемству, якое ажыццявіла здымкі, - кінастудыі.

- У гэтым выпадку забываюцца на наступны пункт гэтага ж артыкула, дзе напісана: "...Аўтару сцэнарыя, кампазітару, рэжысёру-пастаноўшчыку і аўтарам іншых твораў, якія ўвайшлі састаўной часткай у кінафільм або тэлефільм, належыць аўтарскае права кожнаму на свой твор", - цытуе Валерый Панамароў.

- Пажаданні рэжысёраў зразумелыя, але заканадаўцы падкрэсліваюць, што закон зваротнай сілы не мае, - тлумачыць намеснік старшыні пастаяннай Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Казак. - З юрыдычнага пункта погляду няма магчымасці перагледзець дадзенае пытанне...

У новай рэдакцыі Закону заканадаўцы імкнуцца знайсці баланс паміж інтарэсамі ўсіх бакоў. Камісіяй па адукацыі, культуры, навуцы і навуковатэхнічным прагрэсе ППНС прадугледжана ўдасканаленне інстытута службовых твораў і сістэмы іх выкарыстання. Рабочая група імкнецца зрабіць больш зразумелымі і дасканалымі дагаворныя адносіны ў рамках аўтарскага і ліцэнзійнага дагавораў, дагавора ўступкі выключнага права і дагавора заказу на стварэнне і выкарыстанне аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў.

Валерый Панамароў зазначае, што ў рэдакцыі Закону 1996 года існавалі пункты 4 і 5 артыкула 6 заключнага палажэння, згодна з якімі "... на творы і аб'екты сумежных правоў, якія раней не ахоўваліся аўтарскім правам, дзеянне дадзенага Закону распаўсюджваецца ў выпадку, калі яны правамерна выпушчаны ў свет, выраблены і распаўсюджаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь да апублікавання гэтага Закону".

"Было б добра ўзнавіць гэтыя пункты ў новым законапраекце. Яны, па сутнасці, вырашылі б усе пытанні, звязаныя з фільмамі, што выйшлі да 1996 года", - упэўнены суразмоўца "К".

Рэжысёра і яго калег турбуе і той артыкул законапраекта, дзе прапісана, што маёмасныя правы належаць наймальніку. Ці не атрымаецца ў гэтым выпадку, што стваральнікі стужак, якія складаюць залаты фонд айчыннага кінематографа, практычна страцяць магчымасць атрымаць адпаведныя аўтарскія адлічэнні? Ён упэўнены, што аўтарскія правы, а гэта значыць - маёмасныя і выключныя, не павінны належыць вытворцу або наймальніку. Валерый Дзмітрыевіч спасылаецца на прыклады з замежжа, дзе кінастудыя можа атрымаць правы толькі па дагаворы паміж наймальнікам і аўтарам твора. І абавязкова - з выплатай аўтарскага ўзнагароджання за выкарыстанне гэтага твора. Каб нават не ўзнікала пытання:

 

хто такі рэжысёр?

На жаль, у нашай краіне яно ўсё часцей паўстае праз розначытанні юрыдычных норм. Прынамсі, у законапраекце прадстаўлены артыкул, у якім сказана: "...Аўтарамі аўдыявізуальнага твора з'яўляюцца рэжысёр-пастаноўшчык, аўтар сцэнарыя, аўтар спецыяльна створанага для аўдыявізуальнага твора музычнага твора з тэкстам ці без тэксту". З логікі дадзенага пераліку вынікае, што ўсе названыя - сааўтары фільма.

- З пункта погляду рэжысёра падобны падыход не зусім справядлівы. Сцэнарыст і кампазітар з'яўляюцца аўтарамі састаўных частак стужкі (літаратурнага сцэнарыя, музыкі). І толькі рэжысёр-пастаноўшчык, яднаючы ўсё гэта, надае фільму новую якасць у арыгінальнай форме. Гэта яго галоўная місія, - працягвае Валерый Панамароў. - Таму кінаграмадскасць выступае за прызнанне сцэнарыста аўтарам сцэнарыя, кампазітара - аўтарам музыкі, а рэжысёра-пастаноўшчыка- адзіным аўтарам фільма як цэласнага твора мастацтва, з усімі вынікаючымі з гэтага прававымі наступствамі.

У Палаце прадстаўнікоў ідзе актыўная праца, каб па магчымасці ўлічыць патрабаванні ўсіх зацікаўленых бакоў.

- Трэба зазначыць, што заканадаўцамі разглядаецца пытанне аб тым, каб пашырыць кола асоб, якім таксама будуць належыць пэўныя аўтарскія правы. Прынамсі, ідзе абмеркаванне асобы аператара-пастаноўшчыка і мастака-пастаноўшчыка, якія ўносяць свой пэўны ўклад у візуальнае рашэнне карціны - гаворыць Мікалай Казак. - Але галоўнае, што новы законапраект гарантуе кожнаму аўтару аўтарскае ўзнагароджанне.

За вынікі абмеркаванняў заканадаўцаў хвалюецца не толькі сталае пакаленне, але і моладзь, бо

 

кінаглеба ствараецца законам.

У час гутаркі Валерый Панамароў неаднойчы звяртаўся да вопыту іншых краін. Прынамсі, у Расіі існуе абавязковае адлічэнне часткі прыбытку, які атрымліваюць кінапракатныя арганізацыі, тэлеканалы, іншыя асобы і ўстановы за любыя віды камерцыйнага выкарыстання кінаі тэлефільмаў, незалежна ад года вытворчасці, на карысць рэжысёра-пастаноўшчыка, сцэнарыста і кампазітара.

Гэтае права пераходзіць спадчыннікам на вызначаны законам тэрмін. І тут падыход заканадаўцаў не супярэчыць пажаданням рэжысёраў: яны імкнуліся ўлічыць лепшыя напрацоўкі міжнароднага вопыту. У тым ліку і дзякуючы гэтаму з'явіцца магчымасць стварыць спрыяльную атмасферу і для кінематаграфічнай моладзі.

З аднаго боку, гарантаваныя аўтарскія адлічэнні за камерцыйнае выкарыстанне творчага прадукту будуць дадатковым стымулам для якаснай і самаадданай працы. З іншага, існаванне ў прадуманым прававым полі надасць таленавітым пачаткоўцам упэўненасць у будучым. Дакладна прапісанае аўтарскае права дазволіць пазбегнуць той сітуацыі, калі творцы ў пошуках лепшых умоў з'язджаюць у замежжа.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"