Вахтанг у Мінску сустрэўся з Міміно!

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Першым ганаровым госцем Мінскага міжнароднага ў гэтым годзе стаў усенародны любімец, артыст, добра вядомы не толькі ў краінах былога СССР, але і паўсюдна, дзе хоць аднойчы чулі грузінскую песню пра “птушачку-невялічку” ды глядзелі камедыю “Міміно”. Так, легенда савецкага кіно і эстрады, народны артыст Грузіі Вахтанг КІКАБІДЗЭ прыляцеў у Мінск за дзень перад пачаткам фестывалю і з задавальненнем адказаў на пытанні журналістаў, у тым ліку карэспандэнта “Культуры”

/i/content/pi/cult/295/4904/3-1.jpg- Вахтанг Канстанцінавіч, мы вельмі рады вітаць вас на Беларусі...

- Ведаеце, заўсёды з задавальненнем прыязджаў у ваш горад, любіў сустракацца тут са знакамітымі "Песнярамі". З імі пасябраваў пад час сумесных гастролей. Я не быў у Мінску амаль сем гадоў, і калі запрашэнне ад фестывалю супала з перапынкам у графіку маіх гастролей па свеце, я з задавальненнем яго прыняў. Мне заўсёды падабалася ваша сталіца. Сёння я ўбачыў, як яна папрыгажэла. Спадабалася мне і ідэя "Лістапада" - кінафестывалю для гледачоў. Вельмі добра, што яго падтрымлівае дзяржава.

- Як вы ацэньваеце сучасны стан сусветнага кінематографа?

- На жаль, ён развіваецца не ў лепшы бок: дамінуюць стужкі нізкіх жанраў, баевікі са сцэнамі насілля, распусты. А такія цудоўныя рэжысёры, як, скажам, Георгій Данэлія, сядзяць без працы... Дарэчы, сёння раніцай, калі ўладкаваўся ў гатэлі, уключыў тэлевізар і адразу ўбачыў "Міміно"! Вельмі люблю гэтую стужку яшчэ і таму, што яе галоўнага героя пісалі адразу "пад мяне". Такога больш ніколі не адбывалася.

 Вельмі сумна, калі палітыка ўмешваецца ў падзеі культуры. Я ў такіх выпадках кажу, што ўсе людзі на Зямлі пайшлі ад Адама і Евы, таму ўсе мы - браты і сёстры. Хоць любіць сваю Айчыну, быць патрыётам сваёй зямлі- вельмі важна. Калі шмат гадоў таму мы з маленькім сынам прыехалі ў Іерусалім і пайшлі да Сцяны Плачу, я не вытрымаў і падгледзеў, што ён напісаў на паперцы, якую трэба пакідаць у старажытных мурах. Ведаеце, мой сын напісаў: "Божа, няхай у маёй краіне будзе ўсё добра!" У мяне ажно горла сціснулася... Лічу, лепшых слоў і не можа быць!

Фота Юрыя ІВАНОВА