Пасол добрай волі з балканскай вёскі

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

“Прыляціць раптам чараўнік…” Прыляціць на “Лістапад”! Гэта — пра яго, Эміра Кустурыцу, рэжысёра, музыканта, грамадскага дзеяча, аўтара шэрагу выбітных стужак, якія яшчэ ў сярэдзіне 1980-х забяспечылі яму пачэснае, хаця і негалоснае, “званне” балканскага Феліні. Непаўторны стыль работ Кустурыцы можна параўнаць толькі з магіяй і чарадзействам: будзённае жыццё югаслаўскай правінцыі ў ягоных стужках, за якія ён двойчы атрымліваў “Залатую пальмавую галіну” Канскага фестывалю і шэраг іншых прэстыжных узнагарод, нязменна ператвараецца ў чароўны карнавал з філасофскім ухілам.

/i/content/pi/cult/295/4903/2-3.jpg"Час цыганоў", "Андэграўнд", "Чорная котка, белы кот" - гэтыя стужкі шырока вядомыя і любімыя беларускай публікай. На жаль, самыя знакамітыя карціны Эміра Кустурыцы выходзілі на экраны ў не самыя лепшыя для айчыннага кінапракату часіны, таму беларускім аматарам кіно даводзілася знаёміцца з імі праз відэакасеты і нячастыя эфіры тэлебачання.

 Кустурыца вядомы і як актыўны грамадскі дзеяч. Некалькі гадоў таму пасля здымак сваёй карціны "Жыццё як цуд" ён пераязджае ў Сербію, у спецыяльна пабудаваную ім на ўласныя сродкі вёску Кюстэндорф, за праект якой ён атрымаў прэстыжную мастацкую прэмію. Там творца спрабуе жыць у суладдзі з прыродай і сваім сумленнем. А некалькі гадоў таму рэжысёр прыняў праваслаўе і сербскае праваслаўнае імя Неманья. Спробы Кустурыцы арганізаваць жыццё ў адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі і актыўная прапаганда апошніх былі ўзнагароджаны ў пачатку гэтага года Міжнароднай прэміяй Фонду адзінства праваслаўных народаў.

Год таму адбыўся канцэрт Эміра Кустурыцы і ягонага музычнага гурта "No smoking orkestra" ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, які прайшоў з вялікім поспехам і застаўся ў памяці жыхароў і гасцей сталіцы. А сёлета мы ўсе з нецярплівасцю чакаем новай сустрэчы з сусветна вядомым аўтарам, гэтым разам- пад час "Лістапада-2010".

Журналіст Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Сяргей Кацьер, які рабіў перадачу пра гэтыя гастролі, застаўся пад вялікім уражаннем ад размовы з Эмірам Кустурыцам.

 - Кустурыца - унікальны творца са сваім асабістым светапоглядам, добрым густам і прынцыпамі, ад якіх ён ніколі не адступае, - кажа Сяргей Кацьер. - Ідэя, якую ён актыўна прапагандуе, заснавана на прынцыпах сацыяльнай роўнасці, адзінства людзей перад Богам. У сваёй жа вёсцы Кустурыца паставіў і ўвогуле своеасаблівы эксперымент. Лічу, для свету мастацтва ён з'яўляецца ўнікальнай асобай, і прымаць яго ў госці - вялікі гонар для ўсіх нас!