Лакаматыў “Лістапад”

№ 45 (965) 06.11.2010 - 12.11.2010 г

Мінскі міжнародны кінафестываль на сусветнай кінакарце

/i/content/pi/cult/295/4901/2-1.jpg

Пакуль айчынныя творцы ўсё больш упэўнена прабіваюцца на сур'ёзныя кінафорумы сусветнага ўзроўню, Мінскі міжнародны кінафестываль набірае балы для беларускага кінамастацтва ў іншым накірунку. Не сакрэт, што ўзровень развіцця любой нацыянальнай экраннай індустрыі дэманструе, у тым ліку, наяўнасць у краіне якаснага форуму і маштабы адпаведнай фестывальнай аўдыторыі. За 17 гадоў свайго існавання "Лістапад" прайшоў вялікі і складаны шлях ад невялічкай рэтраспектывы стужак пераважна расійскай вытворчасці да даволі маштабнага мерапрыемства з шэрагам паралельных праграм, куды прыязджаюць зоркі сусветнай велічыні. Важнай адметнасцю "Лістапада" паўстае і яго дзяржаўная падтрымка на самым высокім узроўні: улюбёны мінчанамі кінафорум праводзіцца пад патранатам Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У рамках фестывалю традыцыйна ўручаюцца спецыяльныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" і "За гуманізм і духоўнасць у кіно". Каго з дзеячаў кінамастацтва ўганаруюць гэтымі пачэснымі ўзнагародамі сёлета? Інтрыгу раскрые сам фестываль!

Сёлета "Лістапад" паўстаў перад беларускімі аматарамі сапраўднага кіно ў абноўленым выглядзе чарговы раз: змена дырэкцыі, новы лагатып і фірмовы стыль, нарэшце, сапраўды рэвалюцыйныя змены ў канцэпцыі конкурсаў. Што прыемна - стужак на форуме становіцца ўсё больш: сёлета- ажно 45 мастацкіх карцін у конкурсных і пазаконкурсных паказах! "Лістапад", нарэшце, прапануе сваім наведвальнікам альтэрнатыву. Сталічным кінаманам у гэтым годзе будзе "несалодка": ім давядзецца выбіраць паміж адразу некалькімі праграмамі. Прычым больш размаітай стала як ігравая, так і дакументальная частка кінафоруму. Па сваім узроўні конкурсная і пазаконкурсныя неігравыя праграмы "Лістапада-2010" увогуле знаходзяцца на ўзроўні самастойнага сур'ёзнага фестывалю.

Зрэшты, цяпер усе праграмы прынцыпова арыентаваны не на шараговага наведвальніка кінатэатраў, а на кінамана. Такім чынам, "Лістапад" робіць спробу стаць у шэраг самых прэстыжных кінафорумаў, што прапануюць публіцы менавіта аўтарскае кіно, якое рэдка трапляе ў камерцыйны пракат. Жаданне цалкам слушнае: у час, калі Інтэрнэт і лічбавае тэлебачанне прапануюць вялікі выбар стужак на самы патрабавальны густ, быць арыгінальным і непаўторным- гэта адзіная магчымасць вытрымліваць канкурэнцыю. "Лістапад" у гэтым годзе амаль не "заігрывае" з гледачамі гучнымі навінкамі, а наадварот, спрабуе прыўзняць на некалькі прыступак іх густ.

Тым не менш, сцвярджаць, што беларусы не пазнаюць сёлета свой "Лістапад", нельга. Галоўнай задачай яго арганізатараў паранейшаму з'яўляецца высакародная місія папулярызаваць мастацтва кіно. Як і раней, Мінскі міжнародны чакаюць сустрэчы з зоркамі айчыннага і сусветнага кіно, шэраг прэм'ер, і прагляды, прагляды, прагляды...

Ад "...Жніўня 44-га" да "Брэсцкай крэпасці"

Паказчыкам узроўню любога кінафестывалю з'яўляецца колькасць значных прэм'ер, якія адбыліся на яго экранах. Хоць "Лістапад" мае канцэпцыю "фестывалю фестываляў" - гэта значыць, збірае самае лепшае з іншых форумаў,- у яго гісторыі ёсць колькі цікавых прэзентацыйных старонак. Сёлета спаўняецца 10 гадоў з дня прэм'еры стужкі Міхаіла Пташука "У жніўні 44-га", якая ўпершыню пабачыла свет менавіта на фестывалі ў Мінску.

Сёлета мы разам з іншымі краінамі святкуем 65-годдзе заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, і сімвалічна, што стужкай адкрыцця "Лістапада-2010" стала карціна Аляксандра Котта "Брэсцкая крэпасць". Вялікую ролю ў вытворчасці фільма адыграла Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". Першы прэм'ерны паказ адбыўся 22 чэрвеня ў Мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць - герой". "Лістападу" таксама выпаў гонар прадставіць стужку шырокай публіцы ў Палацы Рэспублікі і кінатэатры "Перамога".

З паказам "Брэсцкай крэпасці" на "Лістападзе" звязана пэўная інтрыга: аўтары мелі некалькі месяцаў, каб дапрацаваць свой маштабны твор, 80% якога займаюць батальныя сцэны. Некалькі перадпрэм'ерных паказаў у Беларусі і Расіі ды рэакцыя дасведчанай публікі дазваляюць сцвярджаць, што карціна Аляксандра Котта можа стаць адной з самых важных падзей у глядацкім кіно за апошні час. Цікавасць да стужкі выклікае яшчэ і тое, што, як ні дзіўна, Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці настолькі маштабна экранізаваны ўпершыню. На фоне вялікай цікавасці да гісторыі Другой сусветнай першы сумесны кінапраект Саюзнай дзяржавы відавочна будзе мець вялікую глядацкую запатрабаванасць і стане, безумоўна, яшчэ адной важнай старонкай гісторыі "Лістапада".

Лейтматыў 65-годдзя Вялікай Перамогі прысутнічае і ў іншых падзеях фестывальнай афішы. Напрыклад, з 10 па 12 лістапада ў Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны пройдуць пазаконкурсныя паказы дакументальных стужак, сярод якіх - беларускія карціны "Георгій Жукаў. Вайна і мір маршала Перамогі" Анатоля Алая, "Сэрца Перамогі" Мікалая Князева і "Палаючая мяжа" Таццяны Новікавай.

 Нашы ў праграме

 Заяўлены арганізатарамі высокі ўзровень конкурснай праграмы ў гэтым годзе дае падставы хвалявацца за беларускіх удзельнікаў "Лістапада": ці зможа прадукцыя айчынных кінавытворцаў канкурыраваць з фільмамі, які пабывалі ў праграмах такіх прэстыжных кінафорумаў, як Канскі? Тым не менш, складальнікі праграмы рызыкнулі і паставілі ў асноўны конкурс "Масакру": смелую- і вельмі ўдалую - спробу рэжысёра Андрэя Кудзіненкі і сцэнарыста Аляксандра Качана знайсці новую тэматыку для нацыянальнага кінамастацтва. Толькі ці будзе гэтага дастаткова, каб скарыць міжнароднае журы на чале з вядомым літоўскім майстрам аўтарскага кіно Шарунасам Бартасам?

На жаль, "Масакра" стала адзінай беларускай мастацкай стужкай у ігравой праграме "Лістапада-2010". Трэба сказаць, гэты факт адэкватна адлюстроўвае маштабы айчыннай кінавытворчасці. Засмучацца тут не трэба, задумацца - варта...

Значна лепш выглядае становішча з беларускай дакументалістыкай: у адпаведных фестывальных праграмах можна сустрэць адразу некалькі назваў, якія адносяцца не толькі да вытворчасці галоўнай дакументальнай студыі краіны - "Летапісу". Гледачы змогуць ацаніць стужкі "Давеку" Кацярыны Махавай, "Лямпа не гасне" Максіма Міхальцова, "Галоўная роля" Віталя Любецкага, "Днюка" Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі. Апошнюю стужку праз два тыдні чакаюць у конкурснай праграме фестывалю ў Амстэрдаме - самага прэстыжнага форуму ў свеце дакументальнага кіно. Такім чынам, "Лістапад" можна павіншаваць з яшчэ адной сусветнай прэм'ерай.

Складальнікі дакументальнай праграмы "Лістапада" не забыліся і на іншых беларускіх рэжысёраў, паспрабаваўшы максімальна прапагандаваць іх творчасць. Так, пад час фэсту адбудзецца нацыянальная прэм'ера новай стужкі Галіны Адамовіч "Інакіня", а ў адмысловай "Беларускай панараме" можна будзе ўбачыць стужкі "Жарсць" Валерыя Дашука, "Фатограф шчоўкае..." Аляксандра Карпава, "Праз стагоддзі. Сентыментальнае падарожжа па Браслаўшчыне" Міхаіла Жданоўскага, "Застылая музыка Лангбарда" Зоі Катовіч. Гэтыя стужкі годна прадстаўляюць сучаснае аблічча беларускай дакументалістыкі, якая не часта трапляе ў поле зроку айчыннай публікі. "Лістапад" тут як ніколі дарэчы: гэта добры шанц расказаць пра сусветны ўзровень нашага неігравога кіно.

Конкурсны падыход

Абодва конкурсы - ігравы і дакументальны - гэтым разам арганізатары вырашылі падзяліць яшчэ на дзве часткі кожны. На "Лістападзе" з'явілася конкурсная катэгорыя "маладога" кіно, што адрозніваецца, у першую чаргу, па геаграфіі, бо сабрана з усяго свету. Трэба адзначыць, ігравая праграма "Лістапада" сёлета пазбаўлена той пэўнай хаатычнасці, якая часам назіралася на папярэдніх фестывалях. Стужкі цяпер падабраны не толькі з улікам экзатызму, жаданнем "набраць" назвы з як мага большай колькасці краін і кантынентаў, але з відавочным разуменнем развіцця мастацкіх стыляў і накірункаў аўтарскага кіно ў свеце.

Стужкі асноўнага конкурсу прапануюць не толькі лепшае, але і самае цікавае з пункта гледжання развіцця нацыянальнай кінематаграфіі постсацыялістычных, па вызначэнні арганізатараў, краін. Пазіцыя "Лістапада" вельмі зручная: фармальна ён "завяршае" фестывальны год і можа прапанаваць сталічным аматарам "дзесятай музы" азнаёміцца з асноўнымі тэндэнцыямі сусветнай кінамоды, цяперашняй і будучай (за апошняе на "Лістападзе-2010" "адказвае" конкурс маладых кінематаграфістаў). Наколькі зручнае будзе гэтае падзяленне конкурсных праграм і прызоў? Пакажа час. А пакуль мінчанам і гасцям сталіцы выпала магчымасць убачыць на вялікім экране такія цікавыя стужкі як, напрыклад, украінская "Шчасце маё" ўраджэнца Баранавічаў Сяргея Лазніцы, які цяпер жыве ў Германіі. Дарэчы, карціна, што ўсур'ёз прэтэндавала на "Залатую пальмавую галіну" ў Каннах у гэтым годзе, створана з удзелам беларускіх кінематаграфістаў. Яе можна лічыць айчынным укладам у сусветны кінематаграфічны рух. Галоўную ролю ў стужцы выканаў беларус Віктар Немец, які зусім нядаўна быў акцёрам сталічнага ТЮГа, а гукааператарам працаваў адзін з лепшых спецыялістаў сваёй справы на постсавецкай прасторы Уладзімір Галаўніцкі.

Конкурсныя і пазаконкурсныя праграмы "Лістапада-2010" выглядаюць вельмі насычанымі арыгінальнымі творамі сучаснага кінамастацтва. Дастаткова ўзгадаць уладальніка прыза за лепшую рэжысуру ў Каннах2010 - стужку "Турнэ" француза Мацье Амальрыка, або арыгінальную дакументальную анімацыю "Вальс з Башырам" ізраільцян Ары Фольмана ды Ёні Гудмана. Стужка карэйскага рэжысёра Лі Чан Дона "Патаемнае ззянне" была фаварытам "Лістапада-2007", сёлета ж, па-за конкурсам, можна паглядзець яго не менш нашумелую "Паэзію". Славутая "румынская хваля", на якую арыентуецца аўтарскае кіно апошніх двух гадоў, прадстаўлена новай стужкай "Аўрора" аднаго з яе самых актыўных дзеячаў - Крысці Пуйю. Краіны былога СССР у асноўным конкурсе прадстаўлены аўтарскай драмай расіяніна Андрэя Стэмпкоўскага "Адваротны рух" і трагікамедыяй кыргызстанскага рэжысёра Актана Курбата "Свет Аке".

Агульная геаграфія карцін "Лістапада2010" адпавядае актуальнай карце фестывальнага кіно: свае пазіцыі на ёй узмацняюць Лацінская Амерыка і Паўднёва-Усходняя Азія. Вось і ў Мінску будуць паказаны стужкі з Венесуэлы, Перу, Уругвая, адразу некалькі карцін з Паўднёвай Карэі. Не забыты і ўжо звыклыя для аматараў фестывальнага кіно адрасы: Францыя, Грузія, Іран. У дакументальным раздзеле геаграфія яшчэ шырэйшая: тут, напрыклад, прысутнічаюць фільмы з краін Балтыі, якія не даслалі стужкі ў ігравы конкурс.

Усё сведчыць аб тым, што ўжо колькі гадоў запар "Лістапад" рухаецца ў рэчышчы таго, каб стаць па-сапраўднаму міжнародным. Спадзяёмся, у гэтым статусе ён увойдзе ў дзейсныя члены самых уплывовых фестывальных арганізацый свету. А галоўнае - стане лакаматывам развіцця айчыннага кінапрацэсу.