Фактар “новых фасадаў” — не спрацуе

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Ці пасуе “фізхвілінка” іміджу дзіцячай бібліятэкі?

/i/content/pi/cult/294/4897/pic_15.jpg

Папярэдняя вялікая публікацыя пра Ельскі раён Гомельскай вобласці на старонках "К" з'явілася ў 2006 годзе. Натуральна, з таго моманту прайшло ўжо даволі шмат часу, каб рабіць вынікі і аналізаваць працу, што праведзена за значны перыяд. Таму цалкам заканамерна для камандзіроўкі на Гомельшчыну быў абраны гэты памежны з Украінай куток Беларусі. І першае пытанне, якое карцела задаць карэспандэнту "К" мясцовым супрацоўнікам па прыездзе на Ельшчыну, датычылася змен у сацыякультурным жыцці рэгіёна. Ці палепшылася кадравая сітуацыя, пра што яшчэ чатыры гады таму пісала наша газета? Якія праблемы замінаюць эфектыўнасці ў працы? Чым цікавым і "крэатыўным" могуць пахваліцца мясцовыя клубнікі і бібліятэкары?.. Як пераканаўся цягам камандзіроўкі, на сяле, на жаль, па-ранейшаму самая актуальная праблема - кадравая. А ў самім райцэнтры асноўныя пытанні датычаць рамонту шэрагу ўстаноў культуры. 

 

Народ пытаецца і прапануе

"Ці здзейсняцца планы?"

Гэтым разам гаворка аб праблемах культуры з жыхарамі горада і раёна скіравалася ў асноўным у рэчышча гарадскіх, а не сельскіх надзённых пытанняў. Менавіта яны найбольш актуальныя для жыхароў Ельшчыны.

Андрэй Мікалаевіч, пенсіянер, г. Ельск:

- Скончыўся, нарэшце, рамонт у нашым гарадскім Доме культуры, і, трэба меркаваць, хутка гэтая ўстанова зноў стане цэнтрам культурнага жыцця не толькі нашага горада, але і раёна. А што з Цэнтральнай гарадской бібліятэкай? Рамонту там не было даўно. Установа - даволі вялікая, таму і грошы неабходна ўкласці ў яе таксама значныя. Калі плануецца гэта зрабіць?..

Іна Мечыславаўна, служачая, г. Ельск:

- Дзеці - іх у мяне двое - ходзяць у дзіцячую бібліятэку. Будынак установы - даволі стары, і яму вельмі патрэбны рамонт. Сёлета нібыта за яго ўзяліся, але застаўся яшчэ ладны кавалак работ...

Марыя Іванаўна, жыхарка аграгарадка "Зашыр'е":

- Наш Культурна-спартыўны цэнтр - найлепшая ўстанова ў раёне. Там вельмі прыемна бываць. Ведаю, што на тэрыторыі КСЦ плануецца пабудаваць яшчэ шэраг аб'ектаў культуры, якія прывабяць да нас турыстаў. Калі ж гэта здзейсніцца?.. 

 

Адзін за двух

Расповед пра культурнае жыццё рэгіёна пачну з установы культуры ў вёсцы Бекі. Сельскі клуб і бібліятэка месцяцца тут у адным драўляным будынку. Здаецца, даволі звыклая сітуацыя.

Але што не традыцыйнае ў гэтым паселішчы, дык тое, што і загадчык сельскага клуба, і бібліятэкар тут - у адной асобе Сяргея Серага. А калі дадаць, што з нядаўняга часу ў Беках, дзе пражывае прыкладна 50 чалавек, закрылі фельчарска-акушэрскі пункт і ў памяшканні клуба можна прыдбаць неабходныя вяскоўцам лекі, дык робіцца зразумелым, што Сяргей Сцяпанавіч у вёсцы - асоба значная. Ён - і дэпутат мясцовага сельсавета, і стараста гэтага невялікага паселішча Ельшчыны.

- Працую з 1986 года, - распавёў Сяргей Серый, - і мне тут вельмі падабаецца. Адно дрэнна: малавата ў нас цяпер людзей, таму і гурткоў няшмат: засталіся толькі аматары вышыўкі і вакалу.

Сам Сяргей Сцяпанавіч скончыў у свой час магілёўскае вучылішча мастацтваў, і адзначыў, што праца на два франты - клубны і бібліятэчны - не такая ўжо і цяжкая. Бібліятэкара ў вёсцы няма ўжо прыкладна дзесяць гадоў, таму кнігавыдачай займаецца Сяргей Серый. Кніг у бібліятэцы не так шмат, а новых выданняў сёлета ўвогуле не было. Няма ва ўстанове пакуль што і тэлефона...

У 2007-м у будынку, дзе размешчаны ўстановы культуры, з'явілася свая кацельня: аддзел культуры выдаткаваў на гэтыя мэты восем мільёнаў рублёў. І такая палітыка мясцовага кіраўніцтва - падтрымліваць у належным стане, а не зачыняць установы культуры, размешчаныя ў маланаселеных вёсках, - не можа не радаваць.

 

Перспектыва - турыстычны цэнтр

Пра Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр "К" пісала чатыры гады таму. Першы аграгарадок Ельшчыны тады, у 2006-м, заваяваў ганаровае званне лепшай клубнай установы культуры Беларусі.

І прызнанне не было выпадковым. Сведчаннем таму - не толькі высокі план платных паслуг (зарабляюць клубнікі прыкладна 14 мільёнаў у год). Яшчэ адзін крытэрый, па якім можна меркаваць пра паспяховасць і запатрабаванасць установы, - тое, што пры ёй працуюць пяць самадзейных калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны". І калі ўлічыць, што падобных калектываў на ўвесь Ельскі раён - 16, робіцца зразумелым, што дырэктар КСЦ Яўгенія Шадрына вядзе сваю работу як мае быць.

Дарэчы, у яе задумах - зрабіць на базе ўстановы культуры некалькі прыцягальных для турыстаў аб'ектаў.

- Плануем пабудаваць пры КСЦ кузню, ганчарню, музей, - кажа дырэктар. - А таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю, на якой, магчыма, неўзабаве размесцяцца сядзібы Дзеда Мароза і Бабы Ягі. Задумы - вялікія, планаў сапраўды багата, але, каб яны ажыццявіліся, патрэбны немалыя фінансавыя выдаткі. А тое, што гэтыя аб'екты з часам акупяцца, я не сумняваюся...

Усё гэта, канешне ж, вельмі добра. Але хочацца заўважыць, што сядзібы Дзеда Мароза створаны ўжо шмат у якіх раёнах, дзе даводзілася пабываць цягам камандзіровачных выездаў. Можа, варта падумаць пра нешта больш арыгінальнае? Калі, напрыклад, заезджаму турысту будзе прапанавана наведаць сядзібу Лесуна або хатку багіні Лелі - натуральна, з адпаведным начыннем і афармленнем, - мо гэта акажацца больш цікавым і актуальным?

Вядома, развіццё турыстычнай дзейнасці - гэта адзін са шляхоў папаўнення агульнараённай скарбонкі платных паслуг. Ды і на стварэнне дадатнага іміджа рэгіёна таксама не варта забывацца. Бо калі пра развіццё турызму дбаюць не толькі ў горадзе, але і на сяле, вынік у гэтай справе заўсёды будзе на карысць як мясцовым жыхарам, так і гасцям з розных абласцей краіны, а таксама замежжа.

 

Пакуль што - мары...

Пасля паездкі па раёне азнаёміўся з некаторымі праблемнымі аб'ектамі культуры ў Ельску. Адзін з іх - дзіцячая гарадская бібліятэка. У будынку 1968-га "года нараджэння" патрэба ў рамонце - навідавоку.

Любы наведвальнік установы адразу адчувае, як пад ягонымі нагамі прагінаецца падлога. У некаторых месцах на ёй можна гушкацца, не раўнуючы, як на мяккім маце. Але, зразумела, не па такія "спартыўныя дасягненні" завітваюць сюды маленькія жыхары Ельска.

А побач з бібліятэкай знаходзіцца невялікі вадаём. Па названай прычыне ва ўстанове пастаянна трымаецца вільгаць, ад якой, натуральна, пакутуюць і работнікі, і чытачы, а асабліва - кнігі. - Выйсце ў гэтай сітуацыі адно, - упэўнены начальнік аддзела культуры Ельскага райвыканакма Валерый Гейхман. - Трэба ўзняць і перакрыць падлогу, падсыпаць пад яе пяску. Зробім гэта ў наступным годзе. Таксама ў 2011-м заменім сістэму ацяплення будынка.

Трэба сказаць, што рамонтныя работы ва ўстанове ўжо распачаліся. На сёння заменены вокны і дзверы, усталяваны новыя стэлажы, з'явілася добрая мэбля...

Але толькі рамонтам праблемы ўстановы не абмяжоўваюцца. Як кажа дырэктар дзіцячай бібліятэкі Святлана Хіжнякова, яшчэ адно актуальнае пытанне - дрэнная матэрыяльная база. Установа мае толькі адзін камп'ютар, старой мадэлі, а таксама тэлевізар. І гэта - усе наяўныя сродкі, якія могуць выкарыстоўваць у сваёй рабоце мясцовыя бібліятэкары.

Усе астатнія тэхналагічныя навінкі ХХІ стагоддзя - брашуравальны апарат, ламінатар, камп'ютары, мультымедыйная ўстаноўка - пакуль што мары. І ці здзейсняцца яны ў будучым - пытанне з досыць няпэўным адказам.

 

/i/content/pi/cult/294/4897/pic_14.jpgШматлікія праблемныя пытанні ў культурнай сферы Ельшчыны былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай лятучцы, ініцыяванай "К". Трэба сказаць, што яна атрымалася гэтым разам досыць прадстаўнічай. У ёй прынялі ўдзел старшыня Ельскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай ПРОЦЫК, ягоны намеснік, адказны за сацыяльную сферу раёна, Рыгор ЦЫК і начальнік аддзела культуры Валерый ГЕЙХМАН. Да райвыканкамаўскай "лятучкі" на некаторы час далучыўся старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстання, раней - старшыня Ельскага райвыканкама Сяргей КАНОПЛІЧ.

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Найперш хацелася б пагутарыць пра будаўніцтва аграгарадкоў, бо сёлета - апошні год дзеяння Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла. Пабываў на двух аб'ектах, дзе цяпер вядуцца работы. Будаўнікі працуюць даволі хутка, але ж сёлета патрэбна здаць чатыры аграгарадкі. Ці паспееце ўсё зрабіць да канца года?

Мікалай ПРОЦЫК:

- Абавязкова. Усе работы вядуцца згодна з графікам. Літаральна днямі я пабываў ва ўсіх сёлетніх аграгарадках раёна і пераканаўся яшчэ раз у гэтым на свае вочы.

Сяргей КАНОПЛІЧ:

- Сапраўды, работа па рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла і на Ельшчыне, і ў іншых рэгіёнах Беларусі выканана вялізная. Цяпер галоўная задача - напоўніць працу мясцовых культработнікаў новым зместам. Бо галоўная мэта Дзяржпраграмы - гэта не новыя фасады, а новае жыццё ў сельскай мясцовасці. Трэба, каб гэта разумелі ўсе культработнікі.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Безумоўна. Таму будзем развіваць аматарскую творчасць, адкрываць новыя калектывы, рабіць тое, над чым працавалі і летась, і сёлета.

Валерый ГЕЙХМАН:

- Цяпер у нас 16 аматарскіх калектываў са званнямі "народны" і "ўзорны", да канца года з'явіцца яшчэ адзін: адпаведныя дакументы ў Міністэрства культуры пададзены.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Сёння зноў распачне сваю дзейнасць наш народны тэатр, створаны пры ГДК. Доўга ён не працаваў: была вакантнай пасада рэжысёра. Яшчэ адна задума на наступны год- аднавіць наш помнік архітэктуры, унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь- Свята-Троіцкую царкву ХVІІІ стагоддзя.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Гэта плануецца зрабіць са сродкаў абласнога бюджэту?

Мікалай ПРОЦЫК:

- Спадзяёмся, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь зможа нам у гэтым аказаць фінансавую падтрымку.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Вось вы казалі, што два гады не было чалавека на месца рэжысёра ў народны тэатр. Таму хацелася б абмеркаваць кадравую праблему, якая існуе ў сферы культуры раёна. Бо, наколькі ведаю, ёсць у раёне і вакансіі, асабліва - у галіне клубнай дзейнасці: не хапае, напрыклад, акампаніятараў. Як будзеце выходзіць з сітуацыі?

Сяргей КАНОПЛІЧ:

- Праблема з кадрамі сапраўды існуе. У аграгарадоцкія СДК укладзены вялікія сродкі, і цяпер у іх прыемна зайсці. Таму, паўтаруся, галоўная задача на сёння - насычанасць, змястоўнасць работы клубнікаў. А гэтая насычанасць наўпрост залежыць ад кадраў. Напрыклад, у Зашыр'і Культурна-спартыўны цэнтр працуе няблага. Гэта, лічу, адна з лепшых устаноў культуры не толькі на Гомельшчыне, але і на Беларусі. А чаму? Таму што там цалкам вырашаны кадравыя пытанні.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

/i/content/pi/cult/294/4897/pic_13.jpg- А як мяркуеце вырашыць праблему з жыллём?..

Мікалай ПРОЦЫК:

- Гэтую праблему мы збольшага вырашаем. Па тым жа Зашыр'і выдаткавалі кватэры культработнікам: далі службовае жыллё.

Валерый ГЕЙХМАН:

- За два гады жыллё прадастаўлена культработнікам у Сарнаўску і ў Дабрыні. Цяпер мы будуем дом менавіта для маладых спецыялістаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але мы пабывалі і ў сельскіх установах культуры. Многія іх супрацоўнікі здымаюць кватэры... Валерый ГЕЙХМАН:

- ...І ў той жа час - будуюць іх у Ельску, як, да прыкладу, загадчык СДК у аграгарадку "Старавысокае".

Сяргей КАНОПЛІЧ:

- Усё-такі лічу, што на першым месцы для работнікаў сацыяльнай сферы, у тым ліку і культурнай, цяпер - не жыллёвае, а грашовае пытанне. Малады чалавек, які адвучыўся ў Мінску або Гомелі, паглядзеў на жыццё ў вялікім горадзе, хоча адпаведна і зарабляць. А колькі цяпер зарабляе той жа дырэктар СДК?

Валерый ГЕЙХМАН:

- Прыкладна 600 тысяч рублёў у месяц.

Сяргей КАНОПЛІЧ:

- Вось адсюль і праблема. Калі будзе адпаведны заробак, тады будзе і жыццё ў аграгарадоцкіх СДК насычаным і цікавым.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Калі ў нас у сярэднім заробак на раёне пад 900 тысяч, дык па сацыяльнай сферы - каля 600, і гэта, лічу, добры паказчык.

Валерый ГЕЙХМАН:

- У сферы культуры сярэдні заробак - 554 тысячы рублёў.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Гэта значыць, што зарплата культработнікаў розніцца ад агульнараённага паказчыка прыкладна на 40 працэнтаў. Адсюль - і праблемы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- З 1 верасня Урад падняў заробкі работнікам культурнаасветніцкіх устаноў. З 1 лістапада павышаецца тарыфная стаўка першага разраду...

Мікалай ПРОЦЫК:

- Вось менавіта гэта - павышэнне стаўкі першага разраду, - упэўнены, дазволіць зняць пэўныя пытанні па кадрах. Тым больш, усе, датычныя для работнікаў сацыяльнай сферы, мы вырашым да канца наступнага года. Тое звядзе кадравую праблему на сяле да мінімуму.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але вакансіі існуюць і на сяле, і ў горадзе. Няма, як ужо казаў, акампаніятараў, а ў горадзе ніяк не знойдуць інжынера па будаўніцтве для гаспадарчай групы аддзела культуры...

Валерый ГЕЙХМАН:

- Тут, зноў-такі, спрацоўвае грашовы фактар: малы заробак у гаспадарчай групе. А вакансіі сапраўды ёсць, але такія, што не кожнага возьмеш на пасады. Калі чалавек, напрыклад, не ўмее граць, - а нам сапраўды не хапае баяністаў, - тэхнічку на яго месца не прымеш.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Трэба прызнаць, што праблема з замацаваннем кадраў у аддзела культуры ёсць: моладзь прыходзіць, адпрацоўвае два гады - і сыходзіць...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якімі шляхамі плануеце вырашаць гэтую праблему?

Рыгор ЦЫК:

- За кошт мясцовых выпускнікоў, якія вучацца і вяртаюцца ў раён. Хоць, трэба прызнаць, заробак у маладых культработнікаў не надта вялікі. Даём ім паўтары стаўкі, прэміруем.

Валерый ГЕЙХМАН:

- Выкарыстоўваем мэтавыя накіраванні. Сёлета да нас прыйшло сем маладых спецыялістаў, у наступным годзе чакаем чалавек дзесяць. На дзённым аддзяленні ў навучальных установах Беларусі вучыцца сямнаццаць нашых студэнтаў, на завочным - шаснаццаць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На маю думку, моладзь не застаецца таксама і з-за таго, што культурнае жыццё ў рэгіёне пакуль не віруе, няма нейкіх брэндавых мерапрыемстваў, фестываляў, не развітыя турызм і яго інфраструктура...

Мікалай ПРОЦЫК:

- Сёлета прайшоў наш чарговы фестываль "Грай, гармонік!", што ладзіцца раз на два гады. Думаем зрабіць яго сваім рэгіянальным брэндам, каб Ельшчыну пазнавалі менавіта па ім. Цяпер падалі дакументы ў абласное ўпраўленне культуры, каб фестываль набыў адпаведны статус...

Рыгор ЦЫК:

- І з цягам часу - міжнародны. Дарэчы, на сёлетнім фестывалі прысутнічалі калектывы з Украіны.

Валерый ГЕЙХМАН:

- Абавязкова зробім фестываль міжнародным. Я ўжо правёў папярэднія перамовы з кіраўнікамі калектываў Польшчы, Літвы, Украіны... Папярэднюю згоду далі і расіяне. А калі казаць пра развіццё турызму - дык у нашых планах стварэнне этнаграфічнага турыстычнага маршруту, які будзе праходзіць па шэрагу сельскіх паселішчаў Ельшчыны. Думаю, ён акажацца запатрабаваным.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Галоўнае для нас - увайсці з гэтым маршрутам у "Залатое кольца Гомельшчыны". Яшчэ адна задача - да канца года адкрыць у раёне восем аграсядзіб. А іх пакуль - толькі тры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У тых жа аграсядзібах, як і ў раённым Цэнтры культуры, можна наладзіць продаж сувеніраў для турыстаў: таксама - на карысць павелічэння выніковасці плана платных паслуг...

Валерый ГЕЙХМАН:

- План аддзел культуры выконвае: 118 працэнтаў за дзевяць месяцаў бягучага года. Вядома, няблага было б прадаваць сувенірную прадукцыю ў Цэнтры рамёстваў. Але пры рэалізацыі сувеніраў паўстае праблема з ліцэнзіяй. Чаму сёння аддзел культуры не мае права ліцэнзавання сваіх структур, хоць ён і юрыдычная асоба? А калі адкрываць салонкраму пры Цэнтры рамёстваў, патрэбна рабіць РЦР юрыдычнай асобай, мець там бухгалтэрыю, гербавую пячатку...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Яшчэ адно пытанне, якое - навідавоку і патрабуе вырашэння: мабільная бібліятэка. Аўтаклуб у вас ёсць і паспяхова дзейнічае, а калі ж з'явіцца аўтабібліятэка?

Валерый ГЕЙХМАН:

- Дадзенае пытанне вырашыцца ў хуткім часе. Нашы дакументы ўжо - у аблвыканкаме, і неўзабаве аўтабібліятэку мы займеем.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Заўсёды памятаем пра кожнага жыхара, і не праблема, што ён жыве ў маланаселенай вёсцы. Аўтаклуб, аўтабібліятэка - усё гэта вельмі важна, і мы разумеем значнасць і запатрабаванасць гэтых мабільных устаноў культуры.

Валерый ГЕЙХМАН:

- За пятнаццаць гадоў, цягам якіх працую ў сферы культуры, мы закрылі толькі тры ўстановы на раёне.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Яшчэ пытанне. Пабывалі ў аграгарадках. У "Зашыр'і" і "Старым Сяле" адкрыты філіялы Школы мастацтваў. Ці будзеце працягваць гэтую працу надалей? Можа, варта стварыць філіялы раённага Цэнтра рамёстваў? Падобная практыка даўно ажыццяўляецца ў Віцебскай вобласці і вельмі добра сябе зарэкамендавала...

Валерый ГЕЙХМАН:

- У наступным годзе адкрыем філіял Дзіцячай мастацкай школы і ў Скародным. А некаторыя малыя клубы, такія, як, напрыклад, у Бабруйкаве, мяркуем перапрафіляваць у дамы фальклору і наладжваць там працу па адраджэнні традыцыйных беларускіх рамёстваў. Кадры там у нас для гэтага ёсць, як і народныя майстры. Таму, думаю, дадзены накірунак дзейнасці аддзела культуры ў хуткім часе таксама прынясе свой плён.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Яшчэ адно пытанне пра Зашырскі КСЦ. У дырэкцыі гэтай установы шмат амбіцыйных планаў наконт уласнага развіцця: там плануецца пабудаваць ганчарню, кузню, музей, добраўпарадкаваць тэрыторыю... Як хутка ўвасобяцца гэтыя планы ў рэальнасць?

Мікалай ПРОЦЫК:

 - Я цалкам іх падтрымліваю. Пытанне цяпер знаходзіцца ў стадыі вырашэння, таму цалкам магчыма, што ў 2011 годзе ўсе задумы кіраўніцтва Зашырскага КСЦ будуць рэалізаваны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Не магу не запытацца і пра гарадскія ўстановы культуры. У параўнанні з сельскімі, некаторыя з іх выглядаюць не надта выйгрышна. Маю на ўвазе, у першую чаргу, цэнтральную і дзіцячую гарадскія бібліятэкі...

Рыгор ЦЫК:

- Мяркуем у бліжэйшай перспектыве завяршыць усе будаўнічыя работы на аграгарадках, а ў наступным годзе будзем планаваць рамонты ў гарадскіх установах культуры і ў Краязнаўчым музеі.

Валерый ГЕЙХМАН:

- Цяпер распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт цэнтральнай раённай бібліятэкі. Гэта будзе каштаваць прыкладна сто мільёнаў рублёў, а на сам капрамонт спатрэбіцца недзе паўтара мільярда рублёў. Заменім там вокны, зробім канферэнцзалу, а таксама выставачную залу і кабінеты. А ў дзіцячай бібліятэцы абыдземся цякучым рамонтам.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Тэхнічная база ўстаноў культуры ў горадзе і на сяле таксама патрабуе ўвагі. Без добрай апаратуры і ў бібліятэках, і ў клубах казаць пра належную працу не выпадае...

Валерый ГЕЙХМАН:

- Гэтае пытанне заўсёды стаіць на парадку дня... Па магчымасці будзем абнаўляць і паляпшаць тэхнічную базу ўстаноў культуры.

Мікалай ПРОЦЫК:

- Да таго ж, у праектна-каштарысную дакументацыю рэканструкцыі аграгарадоцкіх СДК мы закладаем таксама і сумы на набыццё новага абсталявання. Таму гэтую і іншыя праблемы рэгіянальнай культуры будзем паступова вырашаць. А асаблівую ўвагу ў наступным годзе збіраемся надаваць гарадскім установам культуры. Натуральна, не забываючыся і на сяло.

 

Дэталь да агульнай карціны

Сезонны варыянт

Не магу не сказаць колькі слоў пра новыя формы працы, якія ўводзяць культработнікі Ельска, каб выканаць план платных паслуг.

Так, напрыклад, пазалетась аддзел культуры закупіў 40 пар канькоў і зімою заліў каток у цэнтры горада. Гэтак і нарадзілася яшчэ адна платная паслуга ў гарадскім Доме культуры: "Дзіцячыя забавы". Кошт білета за гадзіну коўзання на лёдзе невялікі: для дарослых - дзве тысячы, а для дзяцей - усяго адна тысяча рублёў. Сёлета аддзел культуры дадаткова закупіў яшчэ 20 пар канькоў, каб задаволіць усіх ахвотных. Тады ж, у 2008-м, былі закуплены чатыры электрамабілі, якія прадастаўляюць свае паслугі таксама каля цэнтральнай установы культуры Ельска. За год аўтамабілі акупілі сябе і цяпер таксама працуюць на выкананне плана платных паслуг.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"