Клетка для квартэта

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Чатыры сола на адной хвалі

/i/content/pi/cult/294/4896/pic_11.jpgЁсць тэмы, якія заўсёды хвалявалі мастакоў, у які час і ў якой галіне творчасці яны ні працавалі б. Менавіта гэтыя "дзверы" лейтматыву дазваляюць выйсці на самыя глыбінныя, філасофскія праблемы быцця, на самы высокі ўзровень размовы. Як, скажам, пачувае сябе чалавек, пазбаўлены будучыні, чый позірк скіраваны толькі ў мінулае?.. Ператвараецца ва ўласнага суддзю і ката адначасова або абвінавачвае іншых у тым, што жыццё склалася не так, як хацелася б, а перапісаць "чарнавы варыянт" - немагчыма? Героі спектакля "Квартэт" Рональда Харвуда, увасобленага на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Рыдам Таліпавым, - былыя "зоркі" опернай сцэны, што на схіле жыцця апынуліся ў элітным доме для састарэлых і спрабуюць шукаць для сябе падтрымку не толькі у салодкім мінулым, але і ў дні сённяшнім.

У папярэдняй пастаноўцы Таліпава на Коласаўскай сцэне - спектаклі "Мудрацы" А.Астроўскага - у адпаведнасці з жанрам "сатырычнага рэалізму" старасць абарочвалася пэўнай дэградацыяй чалавека, што згубіў адчуванне часу, гэткай запозненай інфантыльнасцю. Там- яркія і рэзкія фарбы, саркастычны рогат, выкрывальніцкі гратэск. У "Квартэце", жанр якога рэжысёр вызначае як "кранальная камедыя", адносіны да персанажаў п'есы іншыя, больш паблажлівыя: паўсюды валадарыць мяккая іронія, добрая ўсмешка, дасціпны гумар. Тут- празрыстыя, акварэльныя паўтоны, амаль чэхаўскія нюансы ў перадачы пачуццяў, душэўнага стану персанажаў.

Спектакль пачынаецца з гонгу і размераных крокаў, якія адлічвае Уілф (Рыгор Шацько) - мажны, моцнага целаскладу мужчына. Гэты нахабны старэча, блазан у абліччы "старой разваліны", спрабуе ўзарваць атмасферу замілаванасці мінулым сваімі жарцікамі, непрыстойнымі намёкамі. Усё не так кепска, нібыта хоча сказаць Уілф, калі мяне яшчэ ахопліваюць падобныя жаданні. Здаецца, у яго паводзінах больш клопату і душэўнага болю за іншых членаў "квартэта". Для падтрымкі іх духу ён увесь час маніць ды балаболіць. Толькі бліжэй да фіналу ў сваёй споведзі Уілф прыадкрывае сваё сапраўднае аблічча: уяўны дон жуан аказаўся адналюбам, верным свайму каханню, якое пранёс праз усё жыццё. І ў тым, як вядзе сваю "партыю" выканаўца ролі Рыгор Шацько, пашыраючы і ўзмацняючы тэкст "другім планам", больш прыхаванага, нявыказанага ў словах.

Сесіль Робсан у выкананні Святланы Акружной /i/content/pi/cult/294/4896/pic_12.jpgздаецца ў спектаклі самай кранальнай, самай безабароннай і самай пяшчотнай. У знешнім выглядзе, грыме, пластыцы, рухах мы бачым пажылога чалавека (на каго наклаў свой адбітак цяжар пражытых гадоў, ашаламляльнай кар'еры і расчараванняў у асабістым жыцці), але, разам з тым... дзяўчыну з яе непасрэднасцю, даверлівасцю, адкрытасцю, з якімі яна ставіцца да іншых персанажаў. Галоўнае, што здолела данесці выканаўца, - адзіноту і тугу па няспраўджаным каханні...

"Акцёр шырокага творчага дыяпазону" - менавіта так крытыкі пішуць пра майстроў, якім падуладна усё: тонкая іронія і з'едлівая сатыра, рамантычная ўзнёсласць і пранікнёны лірызм. Такія рысы ўласцівыя асобам шматграннага таленту. Сярод іх - і народная артыстка Беларусі, сапраўдная прыма Коласаўскай сцэны Святлана Акружная. У ролі Сесіль Робсан яна ў чарговы раз - непазнавальная, бо не паўтарае ніводную з ужо створаных роляў (а "зорак" жа таксама давялося сыграць: узгадайма Эмілію Марці з "Рэцэпта Макропуласа" або Марлен Дзітрых у "Марлен... Марлен..."), у тым ліку нешматлікіх камедыйных.

Асабліва кранальна гучыць эпізод, дзе Сесіль на мяжы вар'яцтва развітваецца з сябрамі: нябачны карабель павінен адвезці яе ў тую нябачную краіну, дзе засталіся бацькі, родныя і, магчыма, так і не сустрэтае каханне. Але наперадзе- юбілейны вечар і квартэт, які яны павінны будуць выканаць у апошні раз...

Пры ўсім тым, што рэжысёру Рыду Таліпаву ўдалося аб'яднаць у спектаклі ў адзіны ансамбль-"квартэт" артыстаў, вельмі розных як па знешніх, так і па ўнутраных псіхафізічных даных, драматургія самога твора вылучае з абедзвюх пар адну саліруючую. Бо цэнтральнай падзеяй, якая і вызначае сюжэтную калізію, з'яўляецца сустрэча праз гады ў гэтым доме смутку дваіх некалі вельмі блізкіх людзей: Джын Хортан (Тамара Скварцова) і Рэджынальда Пэйджэта (Віктар Дашкевіч). Са спектакля не зусім зразумела, што ж у свой час стала прычынай іх вельмі хуткага разрыву і чаму так хваравіта рэагуе Рэдж на з'яўленне былой каханай: рэжысёр наўмысна пазбаўляе нас тых інтымных падрабязнасцей, якія маюцца ў п'есе, змяшчаючы акцэнт у сферу духоўную. Гледачу прапануецца лічыць, што справа, хутчэй за ўсё, - у легкадумнасці і эгацэнтрызме Джын, якая змяняла мужоў як пальчаткі і не змагла па-сапраўднаму ацаніць вялікае пачуццё Рэджа. Спярша Джын (і гэта дакладна выяўляе, падкрэслівае актрыса) працягвае іграць ролю недасягальнай "зоркі", вядзе сябе напышліва, пагардліва ў дачыненні да іншых. І зусім не адразу ёй удаецца наладзіць кантакт з былымі калегамі па сцэне, так бы мовіць, упісацца ў чужое ёй асяроддзе. Невыпадкова яна ў роспачы некалькі разоў бярэ ў рукі птушыную клетку - сімвал, які падкрэслівае безвыходнасць становішча не толькі яе, але і ўсіх удзельнікаў "квартэта". Як паразумецца дваім, няхай нават некалі вельмі блізкім істотам, калі кожны існуе на ўласнай "хвалі"? Да герояў яно, гэтае разуменне, прыходзіць: праз дараванне, падтрымку, шчырасць і даверлівасць адно да другога, калі раптам хочацца зняць маску пыхі і ганарлівасці і адкрыць душу іншаму. І тады проста партнёры па сцэне ператвараюцца ў духоўных паплечнікаў, сяброў, утвараецца своеасаблівая агульная супольнасць, заснаваная на паразуменні і тонкай духоўнай повязі. І тады ад катэгарычнага непрымання ідэі выступлення з квартэтам, якая напачатку ўяўляецца абсурдам і фантазіяй, паступова прыходзіць не толькі прыняцце гэтай ідэі, але і захапленне ёю, ператварэнне яе ў своеасаблівы рытуал, які, за кошт далучэння да вялікага мастацтва, што надавала сэнс іх мінуламу жыццю, дасць апраўданне і надзею цяпер, на схіле дзён, у гэтым доме-клетцы.

Псіхафізічныя даныя Тамары Скварцовай, як і вопыт сыграных ёю роляў (сярод якіх - Мальвіна з "Несцеркі", Барабошава з камедыі "Праўда - добра, а шчасце лепш" Астроўскага, Карміліца з "Бацькі" Стрындберга), дазваляюць стварыць моцны, валявы характар. Разам з тым, яна імкнецца адысці ад пэўных стэрэатыпаў былых акцерскіх работ, прыўнесці ў вобраз Джын неабходны тут лірызм, псіхалагічныя нюансы. Часам ёй нават даводзіцца стрымліваць свой неўтаймоўны тэмперамент, каб захаваць лірычнашчымлівую інтанацыю спектакля (і тут міжволі прыгадваецца яшчэ адна роля актрысы, якую яна стварыла ў даволі сталым узросце, - Агаф'я Ціханаўна ў "Жаніцьбе" Гогаля). Складаны, супярэчлівы характар Рэджа стварыў у спектаклі Віктар Дашкевіч: тут і пачуццё годнасці, гонару, пэўны джэнтльменскі лоск, самаўлюбёнасць, а часам нават і грубая беспардоннасць. Праўда, цягам сцэнічнай дзеі характар персанажа змяняецца, і акцёр, услед за аўтарам, падае свайго героя ў развіцці. Рэдж робіць значныя крокі ад самалюбавання, амбіцыйнасці, засяроджанасці на сваіх крыўдах да спачування, разумення і даравання іншым.

У п'есе Рональда Харвуда ёсць цудоуныя словы: "Абывацель лічыць сапраўдным толькі тое мастацтва, якое набывае папулярнасць. Але сапраўднае мастацтва ніколі не бывае папулярным". Думаецца, гэты афарызм, "вынайдзены" адным з перснажаў спектакля, мог бы стаць свайго кшталту эпіграфам не толькі да "Квартэта" ў рэжысуры Рыда Таліпава, але і да новага, сённяшняга, этапа тэатра, які ён узначальвае.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Віцебск

На здымках: сцэна са спектакля "Квартэт "; Сесіль - Святлана Акружная.