Жыццё і яго аспекты

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Традыцыйнае ўмельства беларускіх шапавалаў прыцягнула ўвагу шведскай мастачкі па тэкстылі Гунілы Шоберг. Яна прыязджала ў нашу краіну, каб узяць у валёначнікаў майстар-класы, а потым выкарыстаць іх досвед у выяўленнні ўласнай канцэпцыі. Неўзабаве з апошняй змогуць азнаёміцца мінчане ды госці сталіцы. 2

2 лістапада ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыецца выстаўка Гунілы Шоберг "Аспекты жыцця: рэльеф і скульптура з воўны". Выстаўка падзяляецца на дзве часткі: "Пакой росту" і "Пакой святла". Першы з іх прысвечаны прыродзе. Як падкрэслівае мастачка, сам выбар матэрыялу - невыпадковы: воўна - вельмі экалагічная, яе "ствараюць" трава, сонца, вада. У "Пакоі святла" творца знаёміць гледачоў са сваімі развагамі пра культуру чалавецтва, яго стаўленне да мінуўшчыны, а таксама і да будучыні. Прастора насычана старажытнымі знакамі і сімваламі.

З дапамогай воўны Гуніла Шоберг ахоплівае шырокі спектр тэм жыцця ў яго самых розных аспектах. Апрача Беларусі, мастачка пераймала традыцыйныя навыкі валяння з воўны ў Манголіі, Венгрыі, Турцыі, Туркменістане...

Гуніла Шоберг лічыць, што старажытная тэхніка валяння воўны не страціла сваёй актуальнасці і ў наш урбаністычны век. Раней яна спрыяла задавальненню ўтылітарных патрэб, а сёння можа спрычыніцца да паўстання арыгінальнай мастацкай мовы. Думаецца, на Беларусі, дзе захаваліся многія традыцыйныя рамёствы, такі падыход будзе цікавым. 6 лістапада ўсе ахвотныя атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з ім бліжэй: Гуніла Шоберг прачытае лекцыю "Мастацтва валяння: гісторыя і сучаснасць", якая пройдзе ў галерэі "Акадэмія" Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.