Творчае сумоўе навукоўцаў

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Ісціна не заўсёды нараджаецца ў спрэчках, а вось сумоўе аднадумцаў нязменна прыносіць плён. У гэтым можна было ўпэўніцца падчас пасяджэнняў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Культура. Навука. Творчасць”, якая прайшла 19 — 20 красавіка ў сценах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў на пачатку працы канферэнцыі намеснік міністра культуры РБ Валерый Гедройц, час актывізаваць тэарэтычныя даследаванні сучаснага стану беларускай культуры прыспеў ужо даўно. Грамадства чакае адказаў на актуальныя пытанні цяпершчыны — ад узаемадачыненняў масавай і элітарнай культур да праблем развіцця нацыянальных школ мастацтваў. Таму, па словах намесніка міністра, такія канферэнцыі, здатныя даць добры штуршок тэарэтычнай думцы, павінны ладзіцца, прынамсі, раз на год. Гэтую пазіцыю падтрымаў і старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Анатоль Афанасьеў.
Навуковую частку канферэнцыі адкрываў даклад загадчыцы кафедры філасофіі БДУКіМ Марыны Мажэйка, які ўяўляў з сябе канцэптуальны аналіз структуры сучаснай культурнай сітуацыі. Большасць удзельнікаў пленарнага пасяджэння канферэнцыі — як беларускіх, так і замежных, — у той ці іншы спосаб выказвалі сваё бачанне агульнага стану культуры ў сучасным свеце — часам наўпрост, а часам кантэкстуальна, як, напрыклад, рэктар БДАМ Рычард Смольскі, чый даклад тычыўся эканамічнага аспекту тэатральнага жыцця.
Нярэдка выступоўцы праяўлялі нязвыклую для навуковых канферэнцый эмацыйнасць. Як адзначыла на пачатку свайго даклада прарэктар па навуковай рабоце і загадчык кафедры тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава, сітуацыя татальнага дамінавання глабалізаванай мас-культуры, чые прафесійныя і гуманітарныя якасці почасту выклікаюць вялікі сумнеў, робіць публіцыстычныя інтанацыі непазбежнымі.
Выступ музыказнаўцы, як і большасць агучаных у той дзень дакладаў, утрымліваў не толькі занепакоенасць усталяваным “статусам кво”, але і канкрэтныя рэцэпты па яго выпраўленні. У прыватнасці, навукоўцы ў адзін голас заклікаюць айчыннае тэлебачанне надзяляць больш увагі папулярызацыі класічнага мастацтва — прыкладам, праз стварэнне цыкла фільмаў пра знакамітых дзеячаў беларускай культуры.
Учора, калі гэты нумар ужо здаваўся ў друк, канферэнцыя прадоўжылася працай па секцыях, падчас якой былі агучаны больш за 120 дакладаў, датычных самых розных аспектаў культурнага жыцця Беларусі. Напрыканцы работы форуму яго ўдзельнікі прынялі выніковую рэзалюцыю. 

Партрэт ментальнасці на аснове культуры

 /i/content/pi/cult/122/489/Posol_Bolgarii.jpg
 Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь П.Ганчаў.
У ліку замежных удзельнікаў канферэнцыі быў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Балгарыя ў Рэспубліцы Беларусь, доктар філасофскіх і паліталагічных навук Петка Ганчаў. У сваім дакладзе, які меў назву “Выклікі глабальнай эпохі, ідэалогія прагматызму і неабходнасць захавання і развіцця гуманістычнай культуры”, ён даў досыць рэзкую характарыстыку сучаснай цывілізацыі тэхнакратычнага тыпу і заклікаў міжнародныя арганізацыі прыкласці высілкі для таго, каб яе “гуманізаваць”, зрабіць больш справядлівай, надаўшы культуры і духоўнасці інтэгральную ролю. Тэматыка даклада абумовіла першае пытанне, з якім карэспандэнт “К” звярнуўся да дыпламата і навукоўца падчас бліц-інтэрв’ю.
— Спадар Ганчаў, у сваім дакладзе вы закранулі папраўдзе глабальныя праблемы чалавецтва. Але ці здатныя зрабіць канкрэтны ўнёсак у іх вырашэнне такія, зусім не планетарнага маштабу, мерапрыемствы, як сённяшняя канферэнцыя?
— Перакананы, што такія канферэнцыі неабходныя — яны дазваляюць нам больш дэтальна і маштабна зразумець само паняцце культуры. Многія звязваюць яго выключна са сферай адпачынку, але ім трэба ўсвядоміць, што культура — гэта папраўдзе найважнейшы фактар развіцця грамадства. Асобу, якая не засвоіла духоўнае багацце чалавецтва, нельга лічыць адукаванай.
— Наколькі такая “культурацэнтрычная” пазіцыя выкарыстоўваецца ў вашай дыпламатычнай практыцы?
— Кожны дыпламат, тым болей, высокага рангу, павінен добра ведаць культуру той краіны, дзе ён працуе. Без гэтага ён не здолее знаходзіць паразумення з яе жыхарамі і, адпаведна, выконваць сваю місію збліжэння розных дзяржаў. Бо культура як нішто іншае адлюстроўвае ментальнасць і каштоўнасці народа.

Ілля СВІРЫН
Фота аўтара