З арганам і клавесінам

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Увесь мінулы тыдзень у Мінску праходзіла VII Акадэмія старадаўняй музыкі. Паводле традыцыі, майстар-класы і лекцыі праводзіліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

 

Для правядзення такіх акадэмій заўсёды запрашаюцца вядучыя музыканты з Заходняй Еўропы. У нас гэтая галіна музычнай культуры была закранута толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Таму кожная такая акадэмія становіцца далейшай прыступкай да спасціжэння даўніны.

Сёлетняя прайшла пры падтрымцы Пасольства Італіі ў Беларусі. А галоўнай дзейнай асобай стаў тэарэтык і практык Ларэнца Тоцці - прафесар кансерваторыі Святой Чачыліі ў Рыме, музыказнаўца, музычны крытык, мастацкі кіраўнік ансамбля, адзін з арганізатараў Міжнароднага фестывалю старадаўняй музыкі. Перакладчыкамі ж выступілі нашы выкладчыкі і студэнты: музычныя тэрміны, як вядома, ва ўсім свеце гучаць па-італьянску. Дый маэстра не стамляўся падкрэсліваць: "Нягледзячы на тое, што мы размаўляем на розных мовах, музыка зразумелая без перакладу. А тым больш - эпоха барока, дзе кожная інтанацыя мае сваю сімволіку".

 Гэта быў трэці прыезд на Беларусь музыканта. Пад час цяперашняга візіту, акрамя ўсяго, адбылася працяглая сустрэча Л.Тоцці з рэктарам БДАМ, прафесарам Кацярынай Дулавай. Абмяркоўваліся такія пытанні, як магчымасць стажыроўкі нашых студэнтаў у Рымскай кансерваторыі Святой Чачыліі, стварэнне ў нашай навучальнай установе камернага барочнага тэатра, дзе былі б толькі барочныя інструменты. Запланавана, што Л.Тоцці наведае нас яшчэ - з цыклам лекцый, а таксама дапаможа набыць клавесін: па ягонай просьбе да нас прыедзе знаны італьянскі майстар, каб вырабіць інструмент тут, а не везці яго ўжо ў гатовым выглядзе.