1 - 6 снежня ў Беларусі адбудзецца Міжнародны музычны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае". На гэтым тыдні ў Мінску чарговы раз пабываў прадзюсар і арганізатар гэтага форуму Максім БЕРЫН, які ўзначальвае буйную германскую прадзюсарскую кампанію, а таксама з'яўляецца маркетынгавым дырэктарам Каралеўскага музычнага фестывалю ў Стакгольме.
Дарэчы, многія нашы музыканты ведаюць Максіма Берына. І не толькі ў "менеджменцкай" якасці. Сын вядомага беларускага дырыжора Аркадзя Берына, які цяпер узначальвае Нямецкі сімфанічны і Маскоўскі сімфанічны аркестры, Максім у свой час скончыў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, потым прадоўжыў навучанне за мяжой, дзе і жыве ўжо больш за 15 гадоў. Стаў выпускніком адразу двух універсітэтаў па розных спецыяльнасцях, некаторы час выкладаў ігру на саксафоне. Восем гадоў таму заснаваў кампанію, а яшчэ праз тры - свой квінтэт "П'яцола-Класік-Ансамбль", у якім працягвае граць і цяпер. Гэты калектыў у нас, праўда, не выступаў, а вось іншыя праекты, здзейсненыя Максімам Берыным, добра вядомыя: канцэрты Сары Конар, Томі Эмануэля, Аль Дзі Міолы, Крыса Нормана, "модныя" паказы Валянціна Юдашкіна, шматлікія прыезды таго ж Уладзіміра Співакова.
Цягам ужо трох гадоў Максім Берын і яго кампанія супрацоўнічаюць са "Славянскім базарам у Віцебску", з тэлепраектам "Канцэрты ў Мірскім замку". Трэба спадзявацца, зорныя артысты будуць прыязджаць да нас усё часцей, бо ўлетку кампанія, якая да таго мела свае прадстаўніцтвы ў адзінаццаці краінах свету, адкрыла яшчэ адно - у нашай сталіцы. Узначаліў яго выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, малады кампазітар Андрэй Бяляеў, які мае вопыт і замежных стажыровак.
- На якім этапе, - распытваю я Максіма Аркадзьевіча, - цяпер знаходзіцца падрыхтоўка фестывалю?
- Можна сказаць, яна ўжо завершана. Вызначаны залы: сталічная філармонія, Гомель, Магілёў. Ёсць дакладныя даты, час правядзення кожнага мерапрыемства. Цалкам складзена праграма: шэсць адметных канцэртаў, ніводны з якіх, нягледзячы на вандроўкі па гарадах Беларусі, не паўтараецца. Дакладна вядомы ўсе ўдзельнікі: з імі падпісаны кантракты, дамовы, з кімсьці дасягнуты вусныя пагадненні, бо артысты едуць не на нейкі нікому пакуль не вядомы фестываль, а менавіта "да Співакова", чыё імя ўжо само па сабе з'яўляецца гарантам поспеху і высокага ўзроўню запланаванага форуму. Тым больш, што аднайменныя фестывалі - "Уладзімір Співакоў запрашае"- ужо шмат гадоў існуюць у Францыі, Расіі.
За два з паловай дні, праведзеныя ў Мінску, я вырашыў мноства пытанняў- і ў Міністэрстве культуры Беларусі, і ў іншых установах. Ніводны падобны фестываль акадэмічнай музыкі не можа існаваць без дзяржаўнай падтрымкі. Магу сцвярджаць гэта з поўнай упэўненасцю, абапіраючыся на вопыт многіх заходніх краін. Гэта пазіцыя ўсяго свету: развіццё класічнага мастацтва апрыёры не можа быць адно камерцыйным праектам. Так і з гэтым фестывалем. Ёсць у нас, вядома, і спонсары. Шмат робіць таксама канал АНТ: ужо падрыхтаваны рэкламны ролік пра фестываль, канцэрты будуць транслявацца літаральна праз некалькі дзён пасля іх жывога паказу. Але нічога гэтага не было б, каб не галоўнае - падтрымка на дзяржаўным узроўні. Хацелася б выказаць вялікую ўдзячнасць Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і асабіста Кіраўніку вашай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Абсалютнае паразуменне і падтрымку мы знаходзім у Міністэрстве культуры. Ваша кіраўніцтва добра разумее, што фестывалі такога ўзроўню маюць значны ўплыў не толькі на развіццё нацыянальнай культуры, але і на далейшае фарміраванне іміджа ўсёй краіны. Дапамагае нам і Фонд краін СНД: дзякуючы яму ў нашых канцэртах возьмуць удзел таксама маладыя музыканты з Азербайджана, Арменіі, Расіі, Украіны.
- Гэта, адзначу, не ўлічваючы Беларусі...
- Беларускіх музыкантаў, зразумела, больш за усіх! Падкрэслю пры гэтым, што хаця прапановы па фарміраванні праграм могуць паступаць з усіх бакоў, канчатковае рашэнне, зразумела, прымае сам Уладзімір Співакоў, які з'яўляецца мастацкім кіраўніком фестывалю. Дык вось, у канцэрце адкрыцця, акрамя піяніста Дзяніса Мацуева і трубача Кірылы Салдатава, саліраваць будзе ваш знакаміты віяланчэліст Іван Карызна - стыпендыят Міжнароднага дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова, аддзяленне якога ёсць і ў Беларусі. Дадам (хаця, пэўна, вашы чытачы і так гэта ведаюць), што Уладзімір Співакоў пазнаёміўся з Ванем даўно, падарыў яму віяланчэль, смык да яе. Цяпер Ваня навучаецца ў Францыі - таксама шмат у чым дзякуючы Співакову. Апошні сам шукаў яму найлепшых выкладчыкаў. У адной з нашых нядаўніх размоў Уладзімір Тэадоравіч, вярнуўшыся з Парыжа, казаў, як ухваляюць Ваню педагогі, як вырас гэты малады віяланчэліст, як пасталеў у творчым плане. Співакоў працягвае сачыць за творчым развіццём стыпендыятаў свайго фонду, ставіцца да іх, як да ўласных дзяцей, і яны гэта адчуваюць. Акрамя Карызны, у іншых канцэртах з "Віртуозамі Масквы" будуць саліраваць вашы Аксана Волкава і Настасся Алясюк. Волкаву ўжо добра ведаюць: яна знаная салістка Беларускай оперы, цяпер стажыруецца ў Вялікім тэатры Расіі, гастралюе па ўсім свеце. А вось Настасся Алясюк пакуль толькі вучыцца ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Акадэміі музыкі, але яна вельмі адораная габаістка і, трэба спадзявацца, станецца адным з адкрыццяў фестывалю. Не будзем забывацца і на тое, што адзін з канцэртаў праводзіць Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным. Разам з вядомым шведскім кампазітарам і піяністам Робертам Уэлсам яны пакажуць праграму "Рапсодыя ў стылі рок", з якой той аб'ездзіў многія краіны.
- Гэты канцэрт нібыта просіцца на куды большую сцэну...
- Вы маеце на ўвазе - залу? Але ў кожнай залы - сваё прызначэнне. І гэта наша прынцыповая пазіцыя: фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае" павінен праходзіць у прыстасаваных да акустычнай музыкі залах. Самыя прыдатныя і прыгожыя залы падобнага кшталту ў Мінску - гэта філармонія і оперны тэатр. Дарэчы, у гэты прыезд я бачыўся з кіраўніцтвам тэатра, першы намеснік дырэктара Уладзімір Рылатка правёў для мяне экскурсію па будынку: у вас папраўдзе неабмежаваныя магчымасці! І хаця пакуль загадваць рана, думаю, у перспектыве можна будзе рабіць нейкія праекты і з вашым тэатрам.
- Вы маеце на ўвазе правядзенне канцэртаў ці ўсё ж паказ спектакляў?
- Канешне ж, спектакляў! Оперных або балетных - тут могуць быць варыянты, але тое, што гэта будуць менавіта спектаклі,- адназначна. Бо ў вас папраўдзе цудоўная тэатральная сцэна, аснашчаная найлепшым абсталяваннем. Але, паўтаруся, не будзем загадваць - давайце пакуль правядзём гэты фестываль, а потым - думаць і пра іншыя праекты, і пра будучыню гэтага, якая, безумоўна, залежыць ад яго вынікаў. Пакуль жа - гэта проста цудоўна, што менавіта філармонія стане "домам" фестывалю.
- А што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб для нашых беларускіх артыстаў "домам музыкі" стала ўся Беларусь? Іншымі словамі, чаго не хапае нашым прафесіяналам для большай папулярнасці - добрых менеджараў, прадзюсараў?
- У любой краіне свету, у любую эпоху можна знайсці нямала таленавітых творцаў і нават вельмі значных для мастацтва імёнаў, якія не змаглі, як кажуць у такіх выпадках, апынуцца ў патрэбны момант у патрэбным месцы. Але ёсць і іншы аспект: трэба артыстаў умець "прадаваць". Калі не падабаецца гэта слова, замяніце на іншае: "папулярызаваць". Але што такое папулярнасць? Гэта значыць - паўнюткія залы, усе білеты распрададзены, ці не так? У вас, як я заўважыў, акадэмічныя артысты, на жаль, часта самі сябе "прадаюць", папулярызуюць і "раскручваюць" - хто як можа. Але, па-першае, усё трэба рабіць прафесійна. А па-другое, артыст не павінен рабіць гэта сам.
- Зараз вы самому сабе супярэчыце. Так, не ўсе творцы могуць быць аднолькава здольнымі да мастацтва і да менеджменту: як кажуць, кожнаму - сваё. Не ўсе, асабліва тыя ж кампазітары, лічаць мэтазгодным марнаваць час на ўласную "раскрутку", калі яго можна прысвяціць уласна творчасці. Але вы, да прыкладу, цудоўна сумяшчаеце і ўласныя гастролі, і арганізацыю чужых.
- Менавіта чужых! Я ніколі не арганізую ўласныя выступленні, канцэрты свайго ансамбля - для гэтага ёсць асобны адміністратар. Менавіта ён вырашае ўсе пытанні, мы ж у ансамблі займаемся выключна творчасцю.
- Дык якую публіку вы чакаеце на фестывалі "Уладзімір Співакоў запрашае"?
- Жанчын - у прыгожых вячэрніх сукенках, мужчын - у смокінгах. Тут справа не толькі ў дабрабыце, але і ў самім стаўленні да канцэрта. Мы хочам зрабіць фестываль сапраўдным святам! А яго ствараюць не толькі ўласна канцэрты, але і ўся атмасфера на іх і вакол іх.