“Прачытаць” Гандлёвую, або Як “паставіць” Зыбіцкую на цвёрдую глебу-2

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

І зноў — пра дыялектыку пера-стварэння

/i/content/pi/cult/294/4881/5-1.jpg

Канфлікт адносна праектаў забудовы мінскай вуліцы Зыбіцкай, пра які мы пісалі ў папярэднім нумары, мае ўсе шансы канструктыўнага вырашэння. Фінал мінулага матэрыялу быў бадай песімістычны, але... неўзабаве па выхадзе нумара з друку Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры апублікавала на сваім сайце заяву з красамоўнай назвай "Зноўку Гандлёвая. Не ўсё так дрэнна".

 На фоне ранейшых эмацыйных эскападаў яна выразна вылучаецца сваім дыпламатычным тонам. Адзначыўшы, што ў рашэнні Навукова-метадычнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны "...не ўсё задавальняе і само Таварыства, і проста асоб, якія працуюць з помнікамі або любяць нашу спадчыну як патрыёты сваёй Радзімы", грамадская арганізацыя, аднак, выказала спадзяванне на тое, што гэтае рашэнне "...дазваляе працаваць далей для нармалізацыі сітуацыі пры далейшым праектаванні дадзенага аб'екта". І, адпаведна, пагадзілася на супрацоўніцтва.

- У вырашэнні гэтага пытання важна абмінуць асабістыя амбіцыі і празмерныя эмоцыі дзеля інтарэсаў нашай спадчыны, - адзначыў за некалькі дзён да публікацыі згаданай заявы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, які надоечы стаў мішэнню сапраўднай "інфармацыйнай атакі" і адказаў на яе... публічным прызнаннем пэўных аб'ектыўных заслуг сваіх апанентаў.

Загалоўкі публікацый некаторых СМІ- кшталту "Грамадскасць скарэкціравала забудову гістарычнага цэнтра Мінска" - па-ранейшаму здзіўляюць. Асабліва- слова "грамадскасць". Тым болей, што апанентам архітэктурнага праекта Таварыства ніхто з журналістаў так і не даў магчымасці выказаць сваю пазіцыю. Хаця, запоўніўшы гэтую азонавую дзірку ў інфармацыйным полі, можна лёгка пераканацца ў тым, што для прадуктыўнага супрацоўніцтва дзвюх груп прафесіяналаў ёсць усе належныя падставы.

 Тэлефон навуковага кіраўніка архітэктурных распрацовак Зыбіцкай "Мінскпраекта" Наталлі Баранец я знайшоў вельмі лёгка, і яна без усякіх ваганняў пагадзілася адказаць на ўсе мае пытанні "хоць зараз". А папярэдне я меў досыць доўгую гутарку са старшынёй Таварыства аховы помнікаў Антонам Астаповічам ды адным з аўтараў альтэрнатыўнага праекта Андрэем Ларры...

Магчыма - або дакладна?

 Будаўнічыя работы на лапіку зямлі каля Свіслачы яшчэ не пачаліся, аднак гісторыя аднаўлення тамтэйшай забудовы доўжыцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. За гэты час прапаноўвалася нямала праектных рашэнняў: ад сучасных малапавярховых камяніц- да хайтэку. Але... Месца гэта асаблівае, і таму гарадскія ўлады не спяшаліся з прыняццем канчатковага рашэння. Урэшце, было вырашана спыніцца на самым, бадай, тактоўным варыянце. Наталля Баранец акрэсліла яго як "стылізацыя пад даўніну".

- Я разумею, што многія сёння гатовы ўспрыняць гэтае слова "ў штыкі", і асабліва- прафесійныя архітэктары, - тут жа адзначыла яна. - Але ж у дадзеным выпадку такое вызначэнне падаецца... прынамсі, шчырым. Бо, прааналізаваўшы шматлікія архіўныя даныя, мы прыйшлі да высновы: аднавіць гістарычную забудову ў поўным аб'ёме немагчыма. Так, менавіта з гэтай спробы і пачалася наша праца, але... Урэшце, мы прыйшлі менавіта да сённяшняга варыянта. Мабыць, само ўжыванне слова "аднаўленне" ў дадзеным кантэксце з'яўляецца памылковым, бо, паводле юрыдычнай тэрміналогіі, яно прадугледжвае менавіта датклівае адраджэнне помніка архітэктуры - тымі самымі матэрыяламі і на тым самым месцы. Паўтаруся яшчэ раз: тых комплексных навуковых работ, якія акумулявалі літаральна ўсю даступную для сучаснікаў інфармацыю пра гэты аб'ект, недастаткова для яго аднаўлення ў якасці помніка гісторыка-культурнай спадчыны.

Прадстаўнікі "альтэрнатыўнай" групы катэгарычна не згодныя з гэтым сцвярджэннем. На іх думку, не ўзнікае ніякай праблемы, каб "паставіць" забудову на належны гістарычны грунт. Нават пры адсутнасці той жорсткай прывязкі, якую даюць падмуркі канкрэтных будынкаў, выяўленыя археолагамі.

- Я не супраць тэзіса адносна таго, што менавіта археалагічныя пошукі павінны быць асновай пры аднаўленні страчаных помнікаў спадчыны, - кажа Антон Астаповіч. - Але тут варта паставіць пытанне: чаму пад час правядзення ў гэтым квартале археалагічных даследаванняў не ставілася за мэту фіксацыя падмуркаў страчанай забудовы? Тым болей, у ходзе работ па пракладцы калектара ў 2008 годзе культурны пласт быў фактычна знішчаны каўшамі экскаватараў. Адсюль і адсутнасць археалагічнай матрыцы. Але і гэта таксама не перашкода для аднаўлення вуліцы ў яе аўтэнтычным выглядзе, бо хапае многіх іншых матэрыялаў.

 - Вельмі рэдка архітэктару шчасціць знайсці столькі матэрыялаў па аб'екце спадчыны, колькі іх захавалася адносна забудовы Зыбіцкай, - дадаў Андрэй Ларры. - Гэта два тоўстыя тамы комплексных навуковых даследаванняў, дзе ёсць архіўныя праекты забудовы (агулам - звыш 100!), а таксама - падрабязная карта, шматлікія гістарычныя здымкі... І, спалучыўшы розныя крыніцы, можна ўбачыць поўнае супадзенне канкрэтных будынкаў паводле канфігурацыі. Нават не ведаючы дакладна, як выглядаў, скажам, фасад той або іншай камяніцы, падаецца магчымым аднавіць яе марфалогію.

 Абвінавачванне ў тым, што гэтыя дакументы былі праігнараваны групай "Мінскпраекта", Наталля Баранец рашуча абвяргае:

- Па-першае, значная праца па даследаванні дадзенай тэрыторыі была выканана яшчэ ў мінулыя дзесяцігоддзі. А па-другое, перад пачаткам праектавання мы заказалі гістарычную даведку адносна гэтага аб'екта - дарэчы, ужо далёка не першую. Зразумела, што ўвесь матэрыял быў пры магчымасці ўлічаны ў нашай працы. Але, разглядаючы варыянт аднаўлення таго або іншага будынка, архітэктары нярэдка сутыкаліся з гэткім пачуццём няўпэўненасці: магчыма, гэта было так, а магчыма - неяк інакш... Прыкладам, у праекце пазначаны забудовы на тым або іншым прыватным участку- як жылыя, так і гаспадарчыя. Але калі пачынаеш чытаць тэкставую частку, дык разумееш, што гэтыя звесткі - даволі ўмоўныя ды "плыткія". Ці былі пазначаныя там забудовы ўвасоблены ў жыццё менавіта ў сваім першасным выглядзе, або яны так і засталіся "ў праекце"? Такія пытанні ўзнікалі адно за адным. Тым болей, розныя крыніцы часам "канфліктуюць" паміж сабою.

 Такая сітуацыя падаецца цалкам заканамернай. Тандэтная забудова на "зыбкай" глебе часта змянялася- згодна з патрэбамі і прыхамацямі сваіх гаспадароў, якія былі не настолькі заможнымі, каб запрашаць прафесійных архітэктараў. І зафіксаваць гэты працэс у нейкім "устойлівым стане", які можна было б прызнаць адзіным "гістарычна слушным", архітэктарам з "Мінскпраекта" падалося праблематычным.

Выйсце з гэтай сітуацыі абодва бакі прапанавалі адно і тое ж: ідэалізаваная мадэль на аснове гістарычных звестак. Тлумачыць, як гэта можа (і павінна) выглядаць на практыцы, суайчыннікам не трэба. Балазе хрэстаматыйны прыклад - акурат цераз Свіслач. Назва "Траецкае прадмесце" стала ўжо, бадай, назыўной: не тое, каб абсалютна дакладна з пункта гледжання гістарычнай адпаведнасці, але густоўна, і... воку прыемна.

У тым, што "альтэрнатыўны" праект выкарыстаў напоўніцу гэты прынцып гістарычнай адпаведнасці, сёння не сумняваецца ніхто. Але ці абгрунтаваны абвінавачванні ў "гістарычнай неадпаведнасці", якія гучаць на адрас архітэктараў з "Мінскпраекта"?

 - Ствараючы сваю мадэль забудовы, мы стараліся выкарыстоўваць тыя стылістычныя рашэнні, што былі характэрныя для Верхняга горада, - кажа Наталля Баранец. - А некаторыя фасады літаральна адзін да аднаго "перанесены" з архіўных дакументаў, датычных як Верхняга гораду, так і непасрэдна Зыбіцкай. Нават малюнкі вокнаў мы спрабавалі капіраваць з тых праектаў, якія захаваліся.

 І няма ніякага сумневу ў тым, што выкарыстанне напрацовак Андрэя Ларры і Антона Вантуха, якія настойліва рэкамендуе Навукова-метадычная рада, толькі павялічыць гэты працэнт "гістарычнай праўдзівасці".

- Безумоўна, яны зрабілі на грамадскіх пачатках каласальную працу, і іхні энтузіязм можа выклікаць толькі шчырае захапленне, - кажа Наталля Баранец. - Гэта людзі, якія сапраўды хварэюць душой за справу, і таму, лічу, іх трэба прыцягваць да праектных работ на аб'ектах спадчыны. Што да выкарыстання найбольш абгрунтаваных іх напрацовак па вуліцы Зыбіцкай... Як навуковы кіраўнік праекта, я- толькі "за"!

"Адмяніць" дзеля таго, каб захаваць?

Зрэшты, гутарка ў дадзеным выпадку - не толькі пра фасады і аб'ёмы дамоў. Адраджэнню вуліцы Зыбіцкай у яе першапачатковым абліччы перашкаджае і яшчэ адн/i/content/pi/cult/294/4881/5-3.jpgа акалічнасць.

- Наш праект робіць прыярытэтны акцэнт нават не на аднаўленне канкрэтных будынкаў, а менавіта на гістарычную планіровачную структуру,- кажа Антон Астаповіч. - Бо самы першы элемент аховы гістарычнага цэнтра Мінска - гэта менавіта планіроўка, якая склалася шмат стагоддзяў таму. І калі мы кажам пра рэгенерацыю страчанай забудовы, то, у першую чаргу, павінны адраджаць менавіта яе структуру...

Аргументы, што сведчаць аб праблематычнасці ўвасаблення гэтых "добрых намераў" у жыццё, былі прыведзены ў мінулым нумары "К". Але аўтары і апалагеты "альтэрнатыўнага" праекта маюць на гэты конт свае контраргументы. Калі сцісла, дык іх можна звесці да аднаго: адраджэнне горадабудаўнічай спадчыны важнейшае за любыя грашовыя ды ўсялякія іншыя выдаткі. Адсюль і прапанова: "адмяніць" усе тыя карэкціроўкі планіровачнай структуры квартала, якія адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі. А гэта - і змена рэчышча Свіслачы, і правядзенне шэрагу інжынерных камунікацый, і, урэшце, яшчэ адна "дробязь", пра якую таксама згадвалі члены Навукова-метадычнай рады.

Азнаёміўшыся з "альтэрнатыўным" праектам, згадаў пра тое, што праз запланаваны для забудовы ўчасткак праходзіць веладарожка, па якой я езджу на працу. Дробязь? Ды не зусім! Літаральна з год таму была завершана гэтая ўнікальная транспартная "артэрыя", якая наскрозь працінае ўвесь горад. Даўжыня - 27 кіламетраў! Можна лёгка ўявіць, што будзе, калі з яе сярэдзіны выразаць кавалак.

 Сябры Таварыства аховы спадчыны кажуць аб недарэчнасці з'яўлення гэтай трасы ў гістарычнай частцы Мінска і прапануюць перанесці яе на іншы бок Свіслачы: ад моста цераз вуліцу Янкі Купалы і да масточка паміж гатэлямі "Беларусь" ды "Юбілейная" (які, між іншым, для веладарожкі наўрад ці падыдзе па сваіх габарытах). Замерыў гэтую адлегласць на карце. Атрымалася нешта каля двух кіламетраў новага асфальтавага пакрыцця - замест таго, яшчэ зусім не парэпанага, асфальту, які прапануецца здзерці ды выкінуць на сметнік. Плюс сродкі на новы мост...

Зрэшты, гэта яшчэ кветачкі. Перанос калектара, які пракладзены ў нетрах цяперашняй пусткі, запатрабуе куды большых выдаткаў.

- Ніхто не задаецца пытаннем, чаму яго таўшчыня - ажно 175 сантыметраў,- кажа Наталля Баранец. - Але ж адказ вельмі просты: калектар "абслугоўвае" не толькі прылеглую тэрыторыю, але і, не раўнуючы, увесь Верхні горад. Там вельмі вялікі схіл, і вадзе трэба кудысьці падзецца. Як сцвярджаюць спецыялісты, альтэрнатыўнае інжынернае рашэнне гэтага пытання дужа складанае. Адзін вялікі калектар можна замяніць некалькімі маленькімі, але ж размяшчаць іх давялося б ужо ў насычаным помнікамі спадчыны Верхнім горадзе. Лішне нават казаць, што гэта вельмі праблемны шлях.

Радок Закону "Аб ахове спадчыны", на які спасылаецца Таварыства, гучыць наступным чынам: "...Захаванне планіровачнай сеткі ў гістарычна складзеных лініях забудовы, аднаўленне, па магчымасці, страчаных элементаў вулічнай сеткі".

Як трактаваць удакладненне "па магчымасці" ў звязку са згаданымі вышэй акалічнасцямі?

 Воля заказчыка

Урэшце, нельга абмінуць і такі аргумент, як воля заказчыка. На сайце КУП "Мінская спадчына" яшчэ нерэалізаваныя і нават цалкам не спраектаваныя будынкі па Зыбіцкай ужо прапанаваны для інвестараў.

- Яшчэ да таго, як мы пачалі працаваць, было прадумана абгрунтаванне інвестыцый,- кажа Наталля Баранец. - Заказчык ставіў перад сабой зразумелую мэту: знайсці функцыянальнае прымяненне для кожнага з будынкаў. Калі б нам была даведзена задача стварыць музей гарадской забудовы "якой яна магла б быць", мы, вядома, выканалі б яе іншым чынам. Але тут задача была наступная: насычэнне гэтай часткі горада патрэбнымі аб'ектамі інфраструктуры...

Пытанне: штo мусіць пераважыць на шалях- гістарычная праўда або фінансавы вынік,- мае адназначны адказ. Аднак варта прыгадаць вядомую аксіёму: аб'ект спадчыны, які не мае актуальнай ролі ў сучасным жыцці, не мае і перспектывы.

Функцыянальнае прызначэнне будынкаў па Зыбіцкай, вызначанае заказчыкам для "Мінскпраекта", цалкам прадказальнае: кавярні, сувенірныя крамкі, гатэль, апартаменты для турыстаў, офісы для турагенцтваў... Але, разам з тым, - і Музей фота, пра неабходнасць стварэння якога даўно вядуцца размовы.

Аўтары "альтэрнатыўнага" праекта таксама задумваліся адносна пошукаў функцыянальнага прызначэння для свайго твора. І, на іх думку, ніякіх праблем тут узнікаць не павінна, бо спраектаваныя імі будынкі цалкам могуць адпавядаць прыблізна тым самым "турыстычна-культурным" функцыям.

Але... Пагутарыўшы з членамі групы "Мінскпраекта", зразумеў, што менавіта аспект функцыянальнасці з'яўляецца адной з найважнейшых падстаў для іхняй крытыкі "альтэрнатыўнай" распрацоўкі. На іх думку, размясціць у маленькай камяніцы "на адну сям'ю" нават сувенірную крамку або кавяраньку будзе няпроста. Так, пры наяўнасці фантазіі і густу, можна вырашыць і гэтую праблему. Але ж тут паўстае таксама і іншая.

Розніца паміж адноўленым помнікам спадчыны і "навадзелам" па гістарычных матывах палягае зусім не толькі ў статусе. Сучасны будынак павінен адпавядаць сучасным нарматывам - у той час, як гістарычны "вызвалены" ад такога абавязку.

 - Прыкладам, паводле такіх нарматываў, будынак павінен мець два выхады, адпавядаць правілам супрацьпажарнай бяспекі. І гэтак далей, і гэтак далей... - кажа Наталля Баранец. - Зразумела, што камяніцы паводле ўзору стогадовай даўніны такім нормам не адпавядаюць...

Вострую крытыку з усіх бакоў - у тым ліку і ад членаў Навукова-метадычнай рады - архітэктары з "Мінскпраекта" пачулі за ўвядзенне ў стылізаваную забудову чыста сучасных элементаў. І гэта падштурхнула іх да пэўных карэктыў сваіх задумаў.

- Шкляныя купалы паміж будынкамі, за якія нам найбольш дасталося, ужо сёння маюць зусім іншае архітэктурнае вырашэнне і зваротны водаадвод, - кажа Наталля Баранец. - Адпаведна, яны проста не будуць прыцягваць увагу, выконваючы, у той самы час, сваю функцыю.

■ ■ ■

 Абодва бакі спасылаюцца на адныя і тыя ж нарматыўныя дакументы ў сферы аховы спадчыны: перадусім гэта Венецыянская, Вашынгтонская і Рыжская хартыі. У іх тэкстах кожны знаходзіць аргументы на сваю карысць. Выступаць у ролі "трацейскага суддзі" мая кампетэнтнасць мне, натуральна, не дазваляе, але... Усё ж не пасаромеюся выказаць сваю ўласную думку.

Рыжская хартыя 2000 года, якая, у пэўнай ступені, карэкціруе дзеянне папярэдніх дзвюх прымяняльна да нашага рэгіёна Еўропы (у звязку з тым, што ён асабліва пацярпеў ад войнаў ды дэструктыўнай "пераацэнкі каштоўнасцей"), сцвярджае: аднаўленне гістарычнага помніка магчымае "ў выключных выпадках", калі ў гісторыі і культуры рэгіёна помнік вызначаецца выдатнымі мастацкімі, сімвалічнымі якасцямі або мае асаблівае значэнне ў захаванні асяроддзя.

Рэдкія "прыжыццёвыя" (ужо паваенныя) здымкі вуліцы Гандлёвай умомант дазваляюць прасякнуцца яе атмасферай. Унікаючы эўфемізмаў, яе можна сфармуляваць словамі "задворкі правінцыйнага горада". Так, Антон Астаповіч, спасылаючыся на розныя гістарычныя крыніцы, амаль запэўніў мяне, што ў 1900 годзе гэтыя квартальчыкі выглядалі куды больш дагледжанымі, чым у 1950-м. Але самой "марфалогіі забудовы" добраўпарадкаванне /i/content/pi/cult/294/4881/5-2.jpgніякім чынам не тычыцца. Ну, мякка кажучы, не шэдэўр... Не Мінская ратуша і не Дом Чарнагаловых у Рызе, якія былі адноўлены дзякуючы згаданай вышэй хартыі.

 Зрэшты, Андрэй Ларры вельмі пераканаўча абгрунтоўваў важнасць гэтай забудовы для архітэктурнага "прачытання" цэнтра Мінска як комплекснага помніка горадабудаўніцтва. Не спрачаюся. Але... Архітэктура мегаполіса не можа існаваць толькі для яе даследчыкаў.

Сто гадоў таму, калі Навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы спадчыны папросту не існавала, "музыку ў камені" замаўлялі тыя, у каго былі грошы. І яна трапляла ў непазбежную залежнасць ад агульных эканамічных, палітычных ды сацыякультурных рэалій. Залежнасць, куды большую, чым цяпер.

За тое стагоддзе шмат вады ўцякло нават па ціхуткай Свіслачы. Правінцыйны горад ператварыўся ў двухмільённую сталіцу, а "зыбкае" месца, дзе сялілася гарадская бедната, сёння павінна выконваць аб'ектыўна іншую функцыю - прэзентабельна-прэзентацыйную.

Ніхто не сумняваецца ў тым, што старыя задворкі маюць права на існаванне. Шпацыруючы па тых гарадах, гісторыя архітэктуры якіх не была такой трагічна-дыскрэтнай, як мінская, заўсёды збочваю з магістральных турыстычных трас у зацішныя дворыкі, завешаныя бялізнай ды заваленыя розным ламаччам. Там "водар даўніны" адчуваецца як нідзе лепей. І магу запэўніць, што ім можна надыхацца не толькі ў закутках Прагі або Венецыі, але і, скажам, у гродзенскім Новым Свеце.

Дзіўна, але праблема захавання пакручастых вулачак колішняга "каралеўскага горада" амаль сінхронна была агучана пад час нашай гутаркі з Наталляй Баранец. Ці выпадае сумнявацца ў тым, што гэтая праблема вымагае куды больш грамадскай увагі за праект аднаўлення "тыповага ўзору грамадзянскай забудовы канца ХІХ стагоддзя"?

 Уявіце сабе, што гадоў праз 60 - 70 хтосьці выкажа ідэю адбудовы квартала "хрушчовак", знесеных па сканчэнні іх эксплуатацыйнага тэрміну. Напэўна, гэтыя захады па аднаўленні гістарычнай спадчыны падаліся б нам трохі дзівакаватымі. Вельмі спадзяюся, што ў нашых нашчадкаў хопіць розуму, каб дбайна захоўваць некалькі ацалелых (і аўтэнтычных!) узораў тыповай архітэктуры таго часу- хаця б нават у якасці "сведчанняў эпохі". А вось наконт іх аднаўлення "з нуля"...

 Пах старой цэглы не падрабіць - нават з дапамогай звышсучасных рэстаўрацыйных тэхналогій. Нельга двойчы ўвайсці ў адну раку - нават у чарговы раз змяніўшы яе рэчышча. Дыялектыка пера-стварэння гістарычнага цэнтра Мінска патрабуе комплекснага падыходу. І менавіта таму ў гэтай справе вельмі важнае сумоўе прафесіяналаў з рознымі поглядамі.