Ліквідаваць дыстанцыю паміж “дэ-юрэ” і “дэ-факта”

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

На пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры РБ

 

Не выпадае сумнявацца ў тым, што на Беларусі створана выдатная нарматыўна-прававая база ў сферы аховы спадчыны, якая цалкам адпавядае найвышэйшым міжнародным стандартам. І таму ўсе высілкі сёння належыць скіраваць на тое, каб дыстанцыя паміж "дэюрэ" і "дэ-факта" перастала існаваць. Такім чынам можна сфармуляваць лейтматыў пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па пытанні "Аб забеспячэнні адпаведнага выканання заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны", якое адбылося 27 кастрычніка.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка запатрабаваў ад спецыялістаў па ахове спадчыны большай прынцыповасці, зазначыўшы, што справа аховы гістарычных здабыткаў - сярод галоўных прыярытэтаў культурнай палітыкі нашай дзяржавы, а беларускае заканадаўства павінна выконвацца няўхільна.

 Пра наяўнасць згаданай вышэй дыстанцыі засведчыла і сёлетняя праверка выканання заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, праведзеная органамі пракурорскага нагляду. У прадстаўленні, накіраваным Генеральнай пракуратурай у Міністэрства культуры краіны ў жніўні гэтага года, канстатаваны шматлікія парушэнні ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Разам з тым, лік прадпісанняў Міністэрства культуры, датычных невыканання ўласнікамі заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, даволі невялікі: 30 - у мінулым годзе і 14 сёлета. Па іх выніках летась былі накладзены чатыры адміністрацыйныя спагнанні і ўзбуджана адна крымінальная справа. У кантэксце вынікаў праверкі Генпракуратуры гэта сведчыць не пра адсутнасць праблем, але пра наяўнасць іншай - "нясмеласці" спецыялістаў у рэгіёнах.

Дыягностыка яе прычын пад час пасяджэння калегіі была дакладнай і трапнай. Метадыст па ахове спадчыны, які працуе ў структуры райвыканкама, наўрад ці адважыцца на крытыку на адрас мясцовай улады - нават тады, калі яна будзе адпавядаць патрабаванням заканадаўства. І таму як міністр культуры, так і ўсе іншыя ўдзельнікі пасяджэння станоўча выказаліся аб стварэнні інспекцыі, падпарадкаванай непасрэдна Міністэрству культуры (падрабязней гл. "К" № 42 за 2010 г.).

Павел Латушка запатрабаваў ад рэгіянальных упраўленняў культуры неадкладных і канкрэтных захадаў па выпраўленні парушэнняў, выяўленых праверкай Генеральнай пракуратуры, прычым не шляхам "пошуку і пакарання вінаватых", але менавіта праз вырашэнне саміх праблем.

 Адна з праблем-"доўгажыхароў" - ахоўныя дошкі. Пра неабходнасць іх усталявання вялася гаворка, не раўнуючы, на кожным з пасяджэнняў калегіі, датычных тэмы аховы спадчыны (а з 2006 года іх прайшло ўжо шэсць). Але, у той самы час, паводле інфармацыі Міністэрства культуры, ахоўнымі дошкамі сёння забяспечаны толькі 60% помнікаў матэрыяльнай спадчыны. І гэта прытым, што "цана пытання" ў кожным выпадку - усяго 70 тысяч рублёў: менавіта столькі каштуе найтаннейшая ахоўная дошка.

 У праекце рашэння калегіі пазначана задача "забяспечыць ўстаноўку ахоўных дошак, падпісання ахоўных абавязацельстваў і складанне ўліковых дакументаў на гісторыка-культурныя каштоўнасці" на ўсіх помніках спадчыны. Тэрмін выканання - да 1 лютага наступнага года.

З дапамогай дошак і руберойду

 Цалкам заканамерна, што на пасяджэнні калегіі неаднаразова ўзнімалася тэма аднаго з найбольш праблемных помнікаў спадчыны- закінутых шляхецкіх сядзіб. Амаль год таму, 19 лістапада 2009 года, намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь зацвердзіў План дзеянняў па перадачы невыкарыстоўваемых сядзіб суб'ектам аграэкатурызму. Вынікі пакуль - маласуцяшальныя: з 46 аб'ектаў, уключаных у адмысловы пералік, новых гаспадароў знайшлі ўсяго 4.

Адна з галоўных праблем "тармажэння" дзяржаўнай ініцыятывы - навідавоку. Як адзначыў (і, між іншым, ужо не ўпершыню) начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, інфармацыйнае забеспячэнне кампаніі па-ранейшаму пакідае жадаць лепшага. Многія органы мясцовых улад не выканалі нават той мінімум, які ад іх патрабаваўся: размясціць на ўласных інтэрнэт-рэсурсах падрабязную інфармацыю аб сядзібах, што шукаюць інвестараў. Дарэчы, да такой самай высновы прыйшлі і журналісты нашага выдання, правёўшы маніторынг інтэрнэт-рэсурсаў. Гэта было ў ліпені, але да сёння сітуацыя кардынальна не змянілася. Хаця, здавалася б, ніякіх аб'ектыўных прычын тут няма ўвогуле.

Намеснік міністра культуры Віктар Кураш звярнуў увагу і на яшчэ адзін бар'ер паміж аб'ектам спадчыны і зацікаўленым інвестарам: адсутнасць патрэбнай дакументацыі на большасць з такіх помнікаў. На ягоную думку, юрыдычную працэдуру перадачы закінутых аб'ектаў новым уласнікам неабходна максімальна спрасціць. Па словах Ігара Чарняўскага, да яго ўжо неаднойчы звярталіся патэнцыйныя інвестары, якія не здолелі атрымаць вычарпальнай інфармацыі аб парадку перадачы таго або іншага аб'екта ў прыватную ўласнасць непасрэдна "на месцы" - ад уласніка або ў райвыканкаме.

Не новай таксама была і праблема правядзення неадкладных мер па прэвентыўнай кансервацыі закінутых гістарычных будынкаў, і перадусім- менавіта сядзіб. Пра тое, што з дапамогай руберойда і негабляваных дошак можна выратаваць унікальныя скарбы нашай спадчыны, у апошнія гады шмат казалі (у тым ліку і з нашых старонак) і Ігар Чарняўскі, і іншыя аўтарытэтныя спецыялісты. Цяпер да іх далучыўся і начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Рыгор Шостак, які меў слова на пасяджэнні калегіі. Няўжо толькі ўмяшальніцтва органаў аховы правапарадку можа прымусіць уласнікаў помнікаў спадчыны ставіцца да сваіх вызначаных заканадаўствам абавязкаў усур'ёз?

 Увага да дыялога

Супрацоўнік Генпракуратуры таксама рашуча асудзіў практыку зносу помніка спадчыны пад выглядам яго рэстаўрацыі, якая з'яўляецца прамым парушэннем беларускага заканадаўства. На думку Рыгора Шостака, адказнасць за ахову спадчыны ў тым або іншым раёне павінен несці не метадыст аддзела культуры, чые магчымасці і паўнамоцтвы гранічна абмежаваны, але каардынацыйны савет, які ўзначальваў бы намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Дарэчы, на абласным узроўні падобны досвед ужо існуе на Брэсчыне, укараняецца ён і ў іншых рэгіёнах.

Начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк прапанаваў стварыць Рэспубліканскі міжведамасны савет па пытаннях аховы гісторыкакультурнай спадчыны на ўрадавым узроўні, а таксама выступіць з ініцыятывай разгляду гэтай праблематыкі на адным з пасяджэнняў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Прапанаваўшы канкрэтныя шляхі ўзаемадзеяння ў сферы аховы спадчыны паміж Міністэрствам культуры і Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, Павел Латушка таксама адзначыў і неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі. Старшыня адной з іх - Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры - Антон Астаповіч меў слова пад час пасяджэння калегіі, выказаўшы крытычныя заўвагі на адрас Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па ахове гісторыкакультурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Адзначыўшы слушнасць некаторых з іх - такіх, як запрашэнне да ўдзелу ў пасяджэннях Рады незалежных экспертаў,- міністр культуры, у той самы час, заклікаў грамадскія арганізацыі да больш канструктыўнага дыялогу працы з дзяржаўнымі органамі ў сферы аховы спадчыны.

■ ■ ■

У сваім заключным слове на пасяджэнні калегіі міністр культуры краіны Павел Латушка адзначыў неабходнасць умацавання ролі ўпраўлення па ахове спадчыны і рэстаўрацыі і выказаў спадзяванне, што значную метадычную дапамогу ў гэтай сферы будзе аказваць Інстытут беларускай культуры, які неўзабаве распачне работу.

У той самы час, міністр культуры заклікаў да большай ініцыятыўнасці і спецыялістаў, у чые функцыі ўваходзіць ахова спадчыны ў рэгіёнах. Павел Латушка пагадзіўся з прапановай Генеральнай пракуратуры аб неабходнасці распрацоўкі рэгіянальных праграм па ахове спадчыны і выказаўся за пашырэнне практыкі адміністратыўных спагнанняў або нават узбуджэння крымінальных спраў у тых выпадках, калі абгрунтаваныя заканадаўствам прадпісанні ўпарта ігнаруюцца ўласнікамі.

- Мы ўсе цудоўна разумеем, што наша спадчына- гэта фундамент мінулага, які акрэслівае сучаснае. Гэта ацэнка развіцця нашай нацыі мінулых стагоддзяў. Але тое, як выглядае сёння той фундамент,- гэта ацэнка развіцця і сённяшняга дня нашай нацыі. Мы маем чым ганарыцца, шмат што было зроблена нашымі папярэднікамі ў справе аховы спадчыны, шмат што робіцца і сёння. Але, пры гэтым, існуе і нямала недасканаласцей, якія мы павінны выправіць. Спадзяюся, што гэтае пасяджэнне калегіі прынясе канкрэтныя вынікі, - завяршыў сваё выступленне Павел Латушка.