Рыхтуем навукоўцаў і “заслужаных аматараў”...

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Як ажыццяўляецца падрыхтоўка навуковых кадраў у сістэме Міністэрства культуры? Якімі крытэрыямі павінен вызначацца калектыў, які вылучаецца на званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”?

Як ажыццяўляецца падрыхтоўка навуковых кадраў у сістэме Міністэрства культуры? 

Адказвае В.ГЕДРОЙЦ, намеснік міністра культуры РБ: 
— У ВНУ культуры і мастацтва падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі праводзіцца па 11 спецыяльнасцях, зацверджаных загадамі Міністэрства культуры. Агульная колькасць аспірантаў (ад’юнктаў), дактарантаў і суіскальнікаў, якія вучацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, складае больш за 200 чалавек. Летась вучонымі галіны апублікавана больш 350 дакладаў, тэзісаў і артыкулаў, з іх 95 — у рэферыруемых часопісах.
Упершыню ў 2006 годзе навуковыя тэмы ВНУ галіны прайшлі экспертызу і зарэгістраваны ў Беларускім навукова-даследчым інстытуце сістэмнага аналізу (БелІСА) на 2006 — 2010 гг. Дадзеная акалічнасць з’яўляецца істотнай заслугай у навуковай сацыякультурнай сферы. Арганізацыю і ўкараненне навуковых даследаванняў у галіне забяспечваюць працаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, у тым ліку 416— з навуковай ступенню і званнем. Даследаванні праводзяцца па профільных кафедрах ВНУ, а таксама ў межах галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”.
Летась пры Міністэрстве культуры быў створаны каардынацыйны Савет па навуковай дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва. На пасяджэннях Савета разгледжаны пытанні аб неабходнасці правядзення параўнальнага аналізу прыярытэтных навуковых тэм і распрацовак у сферы культуры на аснове дзяржзамовы з улікам іх актуальнасці, навуковай значнасці і адпавядання сучасным прыярытэтным накірункам у беларускай культуры.
Па ініцыятыве навукоўцаў галіны 19 — 20 кастрычніка 2007 года адбылася першая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Культура. Навука. Творчасць”. Плануецца выданне галіновага навуковага рэцэнзуемага часопіса.
Навуковыя даследаванні ў галіне мастацтвазнаўства і культуралогіі абмяркоўваліся на калегіі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь у снежні 2006 г., дзе была адзначана актуальнасць накірункаў большасці навуковых тэм. Аднак, на наш погляд, мэтазгодна папярэдне зацвярджаць тэматыку дысертацыйных даследаванняў у галіне тэатральнага, кіна-, тэлемастацтва, тэхнічнай эстэтыкі і дызайну; удасканаленне якасці падрыхтоўкі навуковых кадраў у ВНУ, сістэмы працы з аспірантамі, суіскальнікамі, дактарантамі. Актуальным з’яўляецца і пытанне працаўладкавання выпускнікоў (дактарантуры) з улікам спецыфікі дысертацыйных даследаванняў. Дадзеныя пытанні з’яўляюцца прыярытэтнымі задачамі дзейнасці каардынацыйнага Савета па навуковай дзейнасці ў сферы культуры і мастацтва, работа якога поўнасцю падтрымана калегіяй Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. 

Якімі крытэрыямі павінен вызначацца калектыў, які вылучаецца на званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”? 

Адказвае В.ЧЭРНІК, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці МК:
— Званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” надаецца непрафесійнаму (аматарскаму) калектыву мастацкай творчасці (тэатральнаму, вакальна-харавому, харэаграфічнаму, музычна-інструментальнаму, цыркавому, дэкаратыўна-прыкладному, выяўленчаму і інш.), які ажыццяўляе канцэртную і выставачную дзейнасць, фальклорнаму калектыву, які мае найменне “народны (узорны) аматарскі калектыў”.
Агульнымі крытэрыямі для вылучэння калектыву мастацкай творчасці, які ажыццяўляе канцэртную і выставачную дзейнасць, на наданне звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” з’яўляюцца:
— высокі выканальніцкі ўзровень;
— стабільная творчая дзейнасць на працягу 10 гадоў;
— актыўная канцэртная дзейнасць, пастаяннае абнаўленне рэпертуару;
— неаднаразовае атрыманне лаўрэацкага звання на міжнародных і рэспубліканскіх аглядах і фестывалях народнага мастацтва, што пацвярджаюць спецыяльныя дыпломы;
— статус базавага калектыву па аказанні метадычнакансультацыйнай дапамогі ў дадзеным відзе мастацкай творчасці;
— наяўнасць рэкламна-інфармацыйнай прадукцыі аб сваім калектыве (аўдыё-, відэазапісы, запісы на электронных носьбітах, буклеты, афішы, фотаздымкі, водгукі сродкаў інфармацыі і інш.).
Званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” надаецца рашэннем калегіі Міністэрства культуры пасля прагляду мастацкай (канцэртнай, выставачнай) праграмы калектыву-прэтэндэнта спецыяльнай камісіяй адзін раз у год.
Больш поўная інфармацыя выкладзена ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 лістапада 2001 года № 1609 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку надання звання “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.