Новая прастора для яркіх твораў

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

22 кастрычніка ў сценах Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага адбыўся “круглы стол” “Культурная прастора Саюзнай дзяржавы: накірункі супрацоўніцтва творчых аб’яднанняў Беларусі і Расіі”, прымеркаваны да пачатку кампаніі па вылучэнні намінантаў на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва на 2011 — 2012 гады. У мерапрыемстве прынялі ўдзел як афіцыйныя асобы з Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, так і прадстаўнікі творчых аб’яднанняў дзвюх краін.

Як зазначыла пад час свайго выступлення спецыяліст-эксперт аддзела сацыяльнай палітыкі Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Людміла Курыловіч, вельмі важным і перспектыўным накірункам увагі з'яўляецца захаванне нацыянальных культур і развіццё самабытнасці кожнай нацыі. Аб значнасці такой увагі сведчыць хаця б той факт,

што кожны год з бюджэту Саюзнай дзяржавы на мэты культурнага супрацоўніцтва выдзяляецца прыкладна 60 мільёнаў расійскіх рублёў. Але гэта - так бы мовіць, сярэдняя лічба. Прыкладам, у 2009-м Саюзная дзяржава выдаткавала на культурныя праекты 400 мільёнаў.

Другі накірунак, які сёння актыўна развіваецца, - усталяванне помнікаў. Так, летась сродкі Саюзнай дзяржавы былі выдаткаваны на два такія праекты: помнік Героям вайны 1812 года ў Полацку, што быў узноўлены і ўстаноўлены на цэнтральнай плошчы горада на месцы разбуранага ў 1930-я гады, і помнік героям супрацьстаяння ў час Першай су/i/content/pi/cult/294/4877/3-5.jpgсветнай вайны ў Смаргоні, які ўжо

створаны і чакае часу, калі мясцовыя ўлады добраўпарадкуюць тэрыторыю і ўсталююць яго на вызначаным месцы. У 2010 годзе Саюзная дзяржава падтрымала культуру і мастацтва сумай каля 110 мільёнаў, у 2011-м на такія патрэбы запланавана каля 150 мільёнаў рублёў.

 Важным фактарам супрацоўніцтва з'яўляецца заснаванне прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Прынцыпова, што яна азначае сабой той мастакоўскі ўнёсак у выглядзе твораў культуры і мастацтва, які спрыяе духоўнаму збліжэнню нашых народаў. Прыём дакументаў на вылучэнне кандыдатаў на прэмію Саюзнай дзяржавы ў міністэрствах культуры дзвюх краін, які распачаўся 1 верасня, працягнецца да 1 лютага 2011 года. Усе творы-прэтэндэнты мусяць быць апублікаванымі або публічна выкананымі да 1 сакавіка 2010 года.

Распавядаючы пра асаблівасці сёлетняга вылучэння кандыдатаў у намінанты прэміі, Людміла Курыловіч падкрэсліла: адной з прынцыпова важных задумак адносна новай кампаніі з'яўляецца неабходнасць вывядзення яе за межы дзвюх сталіц. Якраз таму і "круглы стол" было вырашана правесці менавіта ў Гродне. Неўзабаве пэўныя мерапрыемствы запланаваны ў Магілёве і Полацку, а таксама - у Санкт-Пецярбургу і Цвяры- у межах Года культуры Беларусі ў Расіі.

 Гаварылася на пасяджэнні "круглага стала" і пра тое, што далёка не ўсе накірункі творчасці аднолькава прадстаўлены ў колах намінантаў на прэмію. Прыкладам, гэта тычыцца народнай творчасці, якая ўбірае ў сябе велізарны пласт культуры нашых народаў і ўтрымлівае шмат выбітных асоб, што ствараюць яркія самабытныя творы мастацтваў, а таксама захоўваюць і прадстаўляюць узоры аўтэнтычнага традыцыйнага фальклору. За час існавання прэміі, падкрэслівалася на пасяджэнні ў Гродне, ніяк не былі праяўлены класічныя спевы, харэаграфія, балет, таксама, як не фігуравала ніводнага разу сярод намінантаў і цыркавое мастацтва.

Дарэчы, пад час мінулай кампаніі загадам дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы быў заснаваны спецыяльны Дыплом намінанта. Пагадзіцеся, сам факт, што той ці іншы твор мастацтва быў вылучаны на гэтую прэстыжную ўзнагароду, прайшоў грамадскае абмеркаванне, але "не перамог" у фінальным спаборніцтве, заслугоўвае ўвагі. І думаецца, што гэтыя дыпломы, якія, дарэчы, могуць атрымаць і намінанты ўсіх мінулых гадоў, таксама з'яўляюцца свайго роду ацэнкай плённай працы іх уладальнікаў.