Хто на новенькага?

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Крыху больш за месяц Полацк будзе насіць высокае званне Культурнай сталіцы Беларусі-2010. Які горад наступным атрымае такі статус, абвесцяць на святочным гала-канцэрце ў Мінску. Ён адбудзецца ў снежні. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела культуры Полацкага гарвыканкама Іна Шаховіч у гутарцы з карэспандэнтам “К”.

 

Падзея дасць магчымасць мінчанам пазнаёміцца з мастацтвам горада, які ўвесь год насіў пачэснае званне першай Культурнай сталіцы краіны. Чакаецца экспазіцыя з фондаў Полацкага Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, канцэрт мясцовых выканаўцаў, выступленне Заслужанага калектыву краіны - аматарскага тэатра "Пілігрым".

А што ж чакаецца ў самім Полацку? Днямі адкрыўся Фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі", які распачаў польскі творца Раман Пяруцкі. 10 лістапада чакаецца выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра ў Палацы культуры "Полацк-Шкловалакно". Пазней у Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур выступяць члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, завітаюць сюды і вядомыя літаратары.

Палачане не толькі прымаюць гасцей, але і паказваюць сябе. Акцёры тэатра "Пілігрым" сёння дэманструюць свой талент у гастрольным туры па ўсёй вобласці, а ў лістападзе накіруюцца на фестываль у Ніжні Ноўгарад.