Бонусы “Еўрабачання”

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Усе ўдзельнікі Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2010” прыедуць у беларускую сталіцу да 15 лістапада. Пра гэта карэспандэнту “К” паведаміла прэс-менеджар конкурсу Вольга Саламаха.

/i/content/pi/cult/294/4870/2-2.jpg

Не толькі арганізатару форуму - Белтэлерадыёкампаніі - давядзецца шмат папрацаваць у гэты час: каля пяцісот студэнтаў сталічных ВНУ дапамогуць замежным гасцям зарыентавацца ў Мінску, выступяць у ролі перакладчыкаў. Першым у нашу сталіцу прыедзе беларускі канкурсант Даніла Казлоў. А замежныя артысты пачнуць прыбываць у Беларусь, пачынаючы з 13 лістапада.

Тым з гледачоў, хто набыў білеты на фінал конкурсу ў "Мінск-Арэну", пашанцуе ўбачыць на свае вочы шоу еўрапейскага ўзроўню. Яны змогуць абкружыць сцэну з усіх бакоў, бо яна не будзе заключана паміж сцен. Яркім аздабленнем дзіцячага "Еўрабачання-2010" стане сумеснае выступленне двух пераможцаў дзіцячага і дарослага конкурсаў розных гадоў - Ксеніі Сітнік і Аляксандра Рыбака.

Можна сачыць за падзеяй і з экранаў тэлевізараў ды камп'ютараў. Прычым тых, хто аддасць перавагу інтэрнэт-трансляцыі захапляльнага канцэрта, чакае сюрпрыз. Яны пабачаць тое, чаго не пакажуць ні тэлегледачам, ні тым, хто знаходзіцца ў зале: для іх падрыхтуюць эксклюзіўныя здымкі з-за куліс. Таксама інтэрнэт-аўдыторыі запланавана прадэманстраваць цырымонію адкрыцця конкурсу.