Спевы Шляхціча Завальні

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Учора ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі адбылася прэм’ера “Тоскі” Дж.Пучыні. А напярэдадні, сустрэўшыся з журналістамі, кіраўніцтва тэатра распавяло не толькі пра гэтую падзею.

 

Днямі балетная трупа вяртаецца з працяглых гастролей па Мексіцы, а менш чым праз месяц пакажа новы аднаактовы спектакль - "Трыстан і Ізольда" ў пастаноўцы Юрыя Траяна на музыку з твораў Р.Вагнера. Дарэчы, Ю.Траян на гастролях не толькі "кіраваў працэсам", але і... фантазіраваў над увасабленнем на нашай сцэне вобраза князя Вітаўта. Як паведаміў першы намеснік дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка, лібрэта прапанаваў Аляксей Дудараў, музыку напіша Вячаслаў Кузняцоў. На сцэне нашага Вялікага пройдзе сёлета і "пост-фінал" віцебскага Фестывалю сучаснай харэаграфіі.

Яшчэ больш навін на оперным "гасцінцы". Тэатр будзе шырока практыкаваць запрашэнне на разавыя спектаклі вядучых зорак з розных краін. Ужо 13 лістапада ў "Хаваншчыне" М.Мусаргскага выступяць заслужаная артыстка Расіі Ірына Макарава і народны артыст Украіны Валянцін Півавараў. 20га - партыяй Амеліі ў спектаклі "Баль-маскарад" Дж.Вердзі адзначыць юбілей заслужаная артыстка Беларусі Тамара Глаголева. 7- 12 снежня ў тэатры пройдзе Мінскі міжнародны Ражджэсцвенскі оперны форум. Латвійская нацыянальная опера прывязе "Травіяту" Дж.Вердзі, Новая опера імя Я.Колабава - "Севільскага цырульніка" Дж.Расіні.

Што ж да беларускіх опер, дык да "Дзікага палявання караля Стаха" Уладзіміра Солтана, што і сёння ў рэпертуары, з часам далучацца новая рэдакцыя "Сівой легенды" Дзмітрыя Смольскага, а таксама прачытанні такіх твораў, як "Ладдзя роспачы" (над ёй распачне працу кампазітар Сяргей Картэс) і "Шляхціч Завальня" (Алег Хадоска).