Каб павялічыць прыбытковасць

№ 44 (964) 30.10.2010 - 05.11.2010 г

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1504 ад 18 кастрычніка для арганізацый культуры вызначаны нарматывы “забеспячэння культурнай дзейнасці”. Яны пачнуць дзейнічаць з 1 студзеня.

 

У адпаведнасці з нарматывамі дакладна акрэслена колькасць спектакляў і канцэртаў для кожнай з устаноў.

Мяркуецца, да прыкладу, што Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Беларускі акадэмічны музычны тэатр, дзяржаўныя тэатры камунальнай формы ўласнасці, а таксама дзяржаўныя арганізацыі кінематаграфіі (іх падраздзяленні, занятыя тэатральнай дзейнасцю) павінны правесці не менш за 240 спектакляў (канцэртаў) у год; дзяржаўныя тэатры рэспубліканскай формы ўласнасці - не менш як 280; дзяржаўныя цыркі - не менш за 140 прадстаўленняў. Як зазначана ў пастанове Савета Міністраў, пры выкананні нарматываў дзяржаўныя датацыі на падтрымку творчых калектываў будуць вяртацца ў бюджэт "прапарцыянальна нявыкананай колькасці спектакляў (канцэртаў, прадстаўленняў, паказаў фільмаў)".

Дадзеныя нарматывы не ўзяты са столі, а ўстаноўлены індывідуальна. Пры гэтым улічваўся вопыт работы мінулых гадоў і ўмовы дзейнасці арганізацый культуры. Нарматывы разлічваліся, зыходзячы з канкрэтных памераў рабочага тыдня, працоўнага водпуску творцаў, спецыфікі іх працы і г. д.

Палажэнне прадугледжвае, што атрыманыя даходы ад культурнай і іншых відаў дзейнасці не будуць уплываць на аб'ём бюджэтных сродкаў, выдаткаваных у рамках нарматыўнага фінансавання. Норма будзе стымуляваць арганізацыі культуры да павелічэння ўласных прыбыткаў.