Беларускія “анклавы”

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

З нагоды гадавіны Сталыпінскай рэформы, калі адбывалася масавае перасяленне беларусаў у Прыбайкалле, Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага запланавала правесці навуковапрактычную канферэнцыю. Як паведамілі ў таварыстве, 16 — 18 снежня ў межах форуму запланавана канцэртная праграма з удзелам фальклорных калектываў, якія выконваюць песні беларускіх перасяленцаў.

/i/content/pi/cult/293/4863/14-2.jpg/i/content/pi/cult/293/4863/14-3.jpg

Абвешчаная царскім указам ад 9 лістапада 1906 г. рэформа сялянскага надзельнага землеўладання прадугледжвала пераход зямлі ў асабістую ўласнасць, а таксама перасяленне часткі сялян у Сібір і на Далёкі Усход.

 Пры гэтым, кожнаму селяніну дазвалялася выйсці з абшчыны і атрымаць у асабістую ўласнасць свой зямельны надзел. Дазвалялася таксама патрабаваць выдзялення зямлі на адным участку, куды можна было перанесці дом, і такім чынам стварыць свой хутар. Для перасяленцаў вылучаліся сродкі на праезд, кароткатэрміновыя крэдыты і бязвыплатныя грашовыя субсідыі, фарміраваліся спецыяльныя цягнікі, рыхтаваліся пункты прыёму і размеркавання перасяленцаў. За восем гадоў (з 1907 па 1914 гг.) з Беларусі ў Сібір перасялілася 335 366 чалавек і толькі каля 10% з іх вярнулася назад.

З гэтых лічбаў становіцца відавочна, што беларускія сяляне разумелі Сталыпінскую рэформу як магчымасць набыцця зямлі на бязмежных прасторах Сібіры. Маючы вялікія сям'і і маленькія зямельныя надзелы, нашы суайчыннікі ўспрынялі заклік агітатараў аб перасяленні ў Сібір як магчымасць выжывання.

Такім чынам узнікалі цэлыя анклавы размешчаных блізка адна ад адной беларускіх вёсак. У прыватнасці, паводле архіўных даных, толькі ў Тулунскім раёне Іркуцкай вобласці з 157 вёсак, утвораных пад час правядзення Сталыпінскай рэформы, 124 вёскі былі беларускія. І сёння ў іх можна пачуць беларускае слова, убачыць захаваныя абрады і звычаі.