Карнавал у прадчуванні балю

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Да 20 лістапада, калі Мінск стане сталіцай дзіцячага “Еўрабачання”, засталося яшчэ багата часу, але флюіды гэтай падзеі адчуваюцца і сёння. Сур’ёзная заяўка на самы арыгінальны, крэатыўны і густоўны “трыб’ют” конкурсу ўжо пададзена. Чарговы этап “ажыўлення” карцін Андрэя Смаляка адбыўся з удзелам беларускіх герояў дзіцячага “Еўрабачання”. Зазначым, іх выявы, поруч з іншымі героямі цыкла, упрыгожаць найпрэстыжнейшыя выставачныя залы Беларусі ўжо ў самым бліжэйшым часе. “Якія?” — запытаецеся вы. Як кажуць аўтары, гэта пакуль сакрэт.

/i/content/pi/cult/293/4861/13-1.jpg

Гульня ў пераўвасабленне

Пахмурны будзённы дзень пакідаў мала надзей на прыемныя сюрпрызы. Прадзершыся праз звыклы для цэнтра Мінска тлум, збочваю ў арачку на праспекце Незалежнасці, хутка знаходжу патрэбны адрас, націскаю на званок - і апынаюся ў звычайнай кватэры, высокія столі якой дазволілі ператварыць яе ў фотастудыю.

 - Ну што, хіба я не падобная да бельгійскай прынцэсы? - з парога чую словы Святланы Стацэнка.

Знакаміты "трэнер", чые выхаванцы двойчы прыносілі нашай краіне перамогу на дзіцячым "Еўрабачанні", прыдзірліва параўноўвала свой адбітак у люстэрку з жывапісным партрэтам спадкаемкі бельгійскага трона, які стаяў побач.

- Напэўна, у нас з Яе Высокасцю Астрыд вельмі розныя жыццёвыя клопаты, але ў ейным вобразе я пачуваюся ўтульна, - рэзюмавала яна. І сапраўды, новае амплуа ёй пасавала ідэальна - мабыць, не толькі стараннямі мадэльера ды візажыста. Хіба што тыпова заходні стыль прынцэсы быў дапоўнены славянскай абаяльнасцю ды эмацыйнасцю.

Доўгая і тэхнічна складаная фотасесія не стаміла яе ўдзельнікаў. Яна ператварылася ў карнавал, аднолькава захапляльны для мадэлей і арганізатараў, для дзяцей і дарослых.

Карнавал, з уласцівай яму атмасферай бурлівай ды нязмушанай творчасці, здавён стаў "кодавым словам" мастацкай практыкі Андрэя Смаляка. Дзякуючы крэатыўным і арганізатарскім здольнасцям жонкі, музы і сутворцы мастака Вольгі, якая і выступіла аўтарам ідэі ажыўлення карцін, дух карнавалу набыў новае, аб'ёмнае вымярэнне, пакінуўшы плоскасць палатна. Вобразы жывапісных палотнаў апынуліся ў рэчаіснасці, а рэальныя людзі, у сваю чаргу, часова ператварыліся ў жывапісныя вобразы.

Зрэшты, назіраючы за ходам фотасесіі, можна было лёгка пераканацца ў тым, што гэты праект існуе зусім не дзеля фармальных эксперыментаў. Мастак паслядоўна кіруецца яшчэ адным сваім крэда: дарыць людзям радасць. Бо карнавал- гэта не навуковая канферэнцыя. Галоўная яго мэта - насыціць сваіх удзельнікаў яркімі ўражаннямі ад гульні ў дзівосныя пераўвасабленні.

 На правакацыйную ў нечым прапанову паспрабаваць сябе ў новым вобразе ахвотна адгукнуліся тыя, хто прызвычаіўся пільна сачыць за ўласным іміджам. Пад час мінулай фотасесіі ўдзельнікамі карнавалу стала сям'я Мірных, у пазамінулую - сям'я Ярмоленкаў...

 - Такім знакамітага лідэра "Сяброў" вы яшчэ ніколі не бачылі, ці не так?- мастак паказвае здымак Анатоля Ярмоленкі ў выглядзе героя "Чырвонага віна".

Андрэй Смаляк адразу дадаў, што ўдзельнікі яго праекта - не проста мадэлі, функцыя якіх абмяжоўваецца выкананнем чыёйсьці волі. Для мастака важныя моманты непасрэднай спантаннай творчасці і сутворчасці. І ён шчыра радуецца, калі прапанова "паствараць разам" знаходзіць водгук у яго герояў./i/content/pi/cult/293/4861/13-2.jpg

Дробязі - у фокусе 

Тандэм Смалякоў у кулуарах часам абвінавачваюць у "танным піяры". У якасці контраргумента адносна "таннасці" варта прывесці нават не тыя сумы, у якія абыходзіцца гэты праект (кожны вобраз патрабуе касцюма!), а адну малазначную, на першы погляд, дэталь.

У камандзе, што арганізоўвала фотасесію, была і флейтыстка Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Таццяна Кармазінава. Яе заангажавалі на здымкі з адзінай мэтай: прафесійна "паставіць пальчыкі" тым героям, якія будуць пазіраваць з гэтым улюбёным інструментам мастака, але "па жыцці" ім не валодаюць. Ці шмат хто звярнуў бы ўвагу на такую дробязь, як камбінацыя пальцаў Андрэя Кунца або Юры Дземідовіча? Але датклівы перфекцыянізм, уласцівы гэтаму праекту, не пакідае месца нават для самых нязначных недапрацовак.

"У нашым родзе ўсе галасістыя"

 У кухні, часова ператворанай у грымёрку, дарослыя абмяркоўвалі шматлікія рацэпты перамогі на "Еўрабачанні": аналізавалі мінулы досвед, дзяліліся ўласнымі гіпотэзамі і спрачаліся, ці сапраўды шакалад /i/content/pi/cult/293/4861/13-4.jpgтак ужо шкодзіць голасу, як пра гэта хтосьці дзесьці сказаў. А ў самым кутку сядзеў сціплы і нешматслоўны хлопчык з кубкам гарбаты і пірожным. Да дыскусій дарослых ён ставіўся на дзіва спакойна, хаця яны тычыліся найперш менавіта яго. Складалася ўражанне, нібы беларускі ўдзельнік сёлетняга дзіцячага "Еўрабачання" Даніла Казлоў зусім не пераймаецца тымі страсцямі і хваляваннямі, без якіх не абыходзіцца ніводзін такі конкурс.

- На сцэне я ўжо і сёння пачуваюся даволі ўпэўнена, - без усялякага апломбу кажа спявак. - Хаця, вядома, над нумарам яшчэ трэба працаваць і працаваць.

 Гледзячы на гэтага сціплага хлапчука, было цяжка ўявіць яго ў цэнтры ўсеагульнай увагі мільёнаў гледачоў. Але сам Данік не баіцца згубіцца або разгубіцца на сцэне "Мінск-Арэны".

- Па шчырасці, для мяне нават страшней, калі меней людзей, - прызнаўся юны спявак. - А ў вялікай зале, наадварот, пачуваюся больш упэўнена.

Жыццё ў Данілы цяпер вельмі напружанае. На здымкі ён прыехаў адразу пасля рэпетыцыі. А потым - адразу на цягнік і ў родную Жабінку, за тры сотні кіламетраў ад Мінска. І гэтак, прынамсі, раз на тыдзень, калі не часцей. На праблемы ў школе Данік не скардзіцца: адносіны з аднакласнікамі за апошні час асабліва не змяніліся.

- Гэта надзіва светлы хлапчук!- падзялілася Вольга Смаляк сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Данікам. - Ён выпраменьвае столькі добрай энергіі!

Данілу не ўласцівая і яшчэ адна фобія, якой так часта пужаюць юных спевакоў дарослыя: страта голасу. "У нашым родзе ўсе галасістыя", - кажа ён.

За час здымак Даніла паспеў трохі пасябраваць са сваім папярэднікам- Юрам Дземідовічам. Ён таксама не мае боязі страціць голас. І, здзіўляючы сваёй грунтоўнасцю, распавядае пра тое, што галоўнае - працягваць метадычна працаваць над сабой./i/content/pi/cult/293/4861/13-3.jpg

Пад час здымак Юру па завядзёнцы называлі "Чароўным трусікам". Хаця ад гэтай сваёй "візітоўкі" ён ужо адмовіўся: маўляў, надта шмат яна выклікае разнастайных праблем.

- Ксюша Сітнік абрала менавіта карціну "Пасля балю", - тлумачыць Андрэй Смаляк, пакуль фатограф Мікіта Бязрукаў змяняе фон, чакаючы новага героя. - Яна ўжо нібы зжылася з гэтым вобразам.

Калі пільна прыгледзецца, паміж фотаздымкам і карцінай можна знайсці адно адрозненне. Белая сукенка недарэмна поўнасцю хавае правую нагу Ксеніі: іначай глядач убачыў бы гіпс (на жаль, незадоўга да здымак Ксюша атрымала траўму). Другое адрозненне заключалася ў самой атмасферы: "кавер-версію" карціны, у адрозненне ад арыгінала, трэба было б назваць іншым чынам: не "Пасля балю", а "Напярэдадні..." або "У прадчуванні...". І гэта болей адпавядала б рэаліям.