Чарговая мастацкая выстаўка ў РДР атрымала назву "Майстар і Час" і распавядала пра творчасць майстра Васіля Сіманковіча.
Васіль Паўлавіч кіруе гуртком па лозапляценні. У экспазіцыі ён прадставіў пано, вазачкі для раслін, падносы, талеркі, выгляд якіх пацвярджае: традыцыйнае рамяство - сапраўднае мастацтва.
Васіль Сіманковіч пастаянна кажа: "Лепшы спосаб для творчага самасцвярджэння - гэта паспрабаваць навучыць свайму ўменню іншага, перадаць свае веды, досвед, каб наша традыцыя мела гарантаваны працяг". Трапіць у гурткі Дома рамёстваў і фальклору - вялікая ўдача для дзяцей і іхніх бацькоў. Сярод гурткоўцаў, да прыкладу, Саша Давыдаў - вельмі яркі талент. Стаў ён студэнтам Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, але ў вольны ад вучобы час працягвае працаваць разам са сваім настаўнікам - Васілём Сіманковічам. Гэткі ж інтарэс да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - у гурткоўцаў Юрыя Чыркова, Леаніда Конана...
Сын і дачка Васіля Паўлавіча, хоць і вучацца ва ўніверсітэтах, але не забываюцца на мастацтва, з якім калісьці пазнаёміў іх бацька. Сын па-ранейшаму працягвае займацца лозаі саломкапляценнем, а дачка - вышываннем.
Аліна БАСТАВА
Гарадок