Кожны дзень — як маленькае жыццё

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Ёсць людзі, якія не толькі ўмеюць радавацца жыццю, нягледзячы на ўсе яго нягоды, але і вучыць гэтаму іншых. Для нас, мазыран, прыкладам такога жыццялюбства стала спявачка і кампазітар Валянціна Уласюк. Яе нядаўна выдадзены кампакт-дыск “Любімыя песні” стаў чарговым урокам гэтай радасці. Хаця лёс выканаўцы меў і трагічныя моманты.

 /i/content/pi/cult/122/486/Na-ludnym-mescy.jpg
Пісаць я пачала ў 1983 годзе, пасля смерці брата — чалавека, які быў для мяне вельмі блізкім, — са скрухай у голасе прызнаецца гэтая абаяльная жанчына. — Тады мой свет нібы перакуліўся дагары нагамі, і трэба было знайсці новае апірышча ў жыцці.
Тое, што Валянціна Уласюк стала шукаць суцяшэння менавіта ў музыцы, зусім невыпадкова. Яна вырасла ў творчай сям’і, і яе спеўны дэбют адбыўся гадоў мо ў пяць. Гэта менавіта пра такіх людзей кажуць: з песняй па жыцці. Дарэчы, і яе дачка Людміла стала пераемніцай сямейных традыцый: летась яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.
У пэўны момант абставіны лёсу змусілі жанчыну пакінуць родны Мазыр; месцам яе жыхарства доўгі час былі Кіеў і нават далёкі Уладзівасток. Але самым плённым перыядам у жыцці Валянціны Уласюк сталі апошнія пяць гадоў, калі яна вярнулася на радзіму і ўладкавалася працаваць у Палац культуры “Будаўнік”.
— Тут, на Палессі, мусіць, атмасфера такая, — тлумачыць крыніцы свайго натхнення Валянціна Уласюк. — Ды і людзі таксама.
Землякі адказваюць ёй удзячнасцю за яе любоў. Выступленні спявачкі на разнастайных гарадскіх мерапрыемствах нязменна суправаджаюцца апладысментамі. Таму, думаецца, знойдзецца нямала мазыран, што захочуць павіншаваць Валянціну Уласюк з яе пяцідзесяцігадовым юбілеем, які неўзабаве адсвяткуе таленавітая жанчына.
Уласна, выданне дыска і стала першай сярод прымеркаваных да юбілею ініцыятыў. Назва альбома цалкам тлумачыць яго змест: на кружэлцы змешчаны тыя песні савецкіх і беларускіх кампазітараў, якімі спявачка ўжо неаднойчы радавала нас у сваім чулым, папраўдзе жывым выкананні. Хутка павінен выйсці і яшчэ адзін дыск Валянціны Уласюк — ужо з яе ўласнымі песнямі. Плануецца, што ён будзе прэзентаваны падчас вялікага творчага вечара юбіляркі.
Відавочна, што гэты вечар збярэ аншлаг. І сярод прысутных у глядзельнай зале будзе нямала людзей маладога пакалення, з якімі спявачцы наўздзіў лёгка наладжваць сяброўскія зносіны. Бо нават са знаёмых мала хто верыць, што гэтаму абаяльнаму чалавеку вось-вось споўніцца паўстагоддзя.
Век жанчыны вызначаюць паводле яе знешняга выгляду, а век творцы — паводле ўзросту душы.
І зважаючы на гэта, можна смела сцвярджаць, што Валянціна Уласюк значна маладзей, чым
пазначана ў яе пашпарце.
“Кожны дзень трэба пражываць як маленькае жыццё”, — тлумачыць спявачка сваё крэда.

Любоў ДЗІМІНА
Мазыр