“Мамзэлька” для пакалення next

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

“Мамзэлька” — так называюць у Гарадной гліняны гаршчок на адзін кілаграм збожжа. Назве — пяць стагоддзяў…

/i/content/pi/cult/293/4859/12-4.jpg

У вёсцы Гарадная прайшла фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН "Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні". З ініцыятывай "Прадоўжым жыццё палескай "мамзэлькі" выступіў аддзел культуры Столінскага райвыканкама. Мэта акцыі - захаванне і развіццё ганчарнага промыслу, а таксама самабытнасці вёскі Гарадная. Партнёрамі па рэалізацыі праекта з'яўляюцца мясцовы Цэнтр ганчарства, аддзел традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра.

Нагадаем чытачам, што пэўная работа па рэалізацыі праекта ўжо выканана. Напрыклад, у Цэнтры ганчарства ўстаноўлены шкляныя вітрыны для экспанавання традыцыйнага посуду 1950-х гадоў, пры аздабленні якога выкарыстоўваўся ангобны роспіс, што цяпер не ўжываюць. Размясціліся тут і вырабы ўдзельнікаў I Міжнароднага пленэру ганчароў. Набыты сучасны ганчарны круг, які працуе бясшумна, значна аблягчаючы працу. Прайшоў тут "круглы стол" "Адаптацыя традыцыйнага ганчарнага промыслу да сучасных умоў", а таксама "Гараднянскі кірмаш" керамікі.

У Гарадную з фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыяй прыехалі загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага АГКЦ Ларыса Быцко, метадысты аддзела Наталля Юрко і Ганна Пракаповіч, знакаміты кераміст з Брэста Васіль Логвін. Да іх далучыліся метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Людміла Пуляк, дырэктар Цэнтра ганчарства Алімпіяда Леанавец, дацэнт кафедры этналогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Лабачэўская і вядомы фотамастак Георгій Ліхтаровіч. Пад час экспедыцыі яны сустрэліся з патомнымі ганчарамі вёскі, зрабілі фотаздымкі, падрыхтавалі відэаі аўдыязапісы размоў з майстрамі пра традыцыйны занятак. Такім чынам быў зафіксаваны ўвесь працэс работы: ад нарыхтоўкі гліны да продажу вырабаў, уключаючы паездкі з таварам далёка ад дому. Зроблены таксама і запісы аўтэнтычных спеваў, якія будуць расшыфраваны музыказнаўцамі і пакладзены на ноты.

- Здавалася б, Гарадная - адзіны ў Беларусі цэнтр ганчарства, дзе ганчарны промысел існуе ў аўтэнтычным стане да цяперашняга часу,- кажа Васіль Логвін, - а мясцовыя дзеці, аказваецца, не ведаюць усяго працэсу работы з глінай. Таму неабходна паспець вывучыць і задакументаваць старыя традыцыі ганчарнага промыслу, каб перадаць вопыт і ўменне майстроў дзецям і моладзі.

 Сабраныя пад час экспедыцыі матэрыялы папоўняць музейную экспазіцыю і дадуць больш поўнае ўяўленне аб ганчарнай традыцыі Гарадной, а таксама могуць паслужыць асновай для стварэння альбома-манаграфіі пра ганчарнае мястэчка Гарадная.

Галіна ГАШЧУК

Столін