А цяпер — аладкі!

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

У маленькай Барані ёсць некалькі калектываў, якія адраджаюць мясцовыя народныя традыцыі. Адным з найстарэйшых з’яўляецца ансамбль народнай музыкі і песні “Крынічанька”, што быў створаны ў мясцовым Палацы культуры ў 1988 годзе.

/i/content/pi/cult/293/4858/12-1.jpg

Калектыў спявае песні, якія былі запісаны пад час фальклорных экспедыцый па Аршанскім раёне. Гэтыя творы не апрацоўваюцца, а спяваюцца з усімі этнафанічнымі асаблівасцямі рэгіёна. Так былі сфарміраваны праграмы з купальскіх, жніўных, вясельных, калядных песень. Удзельнікамі "Крынічанькі" быў пастаўлены шчадроўскі абрад "На аладкі" паводле фальклорных запісаў ад яго ўдзельнікаў.

 У складзе ансамбля - пятнаццаць чалавек рознага ўзросту. Усе яны спяваюць, танчаць, граюць на розных музычных інструментах: гармоніку, баяне, скрыпцы, барабане, лыжках.

"Крынічанька" дае шмат канцэртаў у Оршы і па раёне, а таксама ў Віцебску, Дуброўне, Лёзне, Мінску... Калектыў браў удзел у Міжнародным фэсце фальклору "Азёрная Літва" ў г. Вісагінасе, у VI Міжнародным фестывалі "Вянок дружбы" ў Бабруйску і Міжнародным фальклорным фестывалі "Балтыка" ў Краславе, што ў Латвіі.

Пры "Крынічаньцы" існуе таксама і дзіцячы калектыў-спадарожнік "Шчодрыкі". У 2002-м апошняму было прысвоена найменне ўзорнага.

Вячаслаў ШПАКОЎСКІ, кіраўнік народнага ансамбля "Крынічанька" Барань