Кот Нафаня і Жар-птушка

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

У Палацы культуры Маладзечна адкрылася першая персанальная выстаўка мастацкіх вырабаў Вікторыі Капуцкай пад назвай “Чароўныя вобразы”.

/i/content/pi/cult/293/4857/12-2.jpg

 Яшчэ ў пачатковай школе настаўніца Алена Грыб заўважыла ў Вікі здольнасці да малявання. Менавіта яна і параіла бацькам аддаць дзяўчынку ў мясцовую Дзіцячую мастацкую школу. Так тыя і зрабілі.

Пасля дзевятага класа Вікторыя паступіла ў Маладзечанскае музвучылішча на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у 2009-м паспяхова яго скончыла. А з восені мінулага года з'яўляецца членам народнага клубнага аб'яднанння "Майстар".

 У выставачнай зале Палаца культуры экспануюцца мастацкія вырабы з ільну, паперы, саломкі. Кожная работа адметная па-свойму. Адразу ўвагу прыцягвае яркая "Жар-птушка", не пройдзеш міма "Ляснога вартаўніка", прыпынішся і каля выцінанкі "Жаночая доля"...

Ёсць тут і пано, лялькі, мяккія цацкі. Нямала міфалагічных істот: дамавікі, кот Нафаня, павучок, мухі, кажан...

Прадстаўленыя творы аб'яднаны ідэяй адлюстравання сутнасці чалавецтва праз індывідуальнае і эмацыянальнае ўспрыманне. У работах Вікторыі вобразнасць перадаецца аўтэнтычным, сімвалічным і рэалістычным метадамі. Зрэшты, залішне казаць, што выстаўка "Чароўныя вобразы" створана на аснове беларускай міфалогіі і фальклору.

Надзея СТАНКЕВІЧ Маладзечна

На здымку: гледачамі экспазіцыі сталі мясцовыя школльнікі.