Другі міжраённы

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Прайшоў год з часу правядзення сумеснага міжраённага семінара бібліятэчных работнікаў Навагрудскай і Карэліцкай ЦБС. Сёлета гэты вопыт прадоўжаны. На базе Навагрудскай і Іўеўскай ЦБС адбыўся чарговы міжраённы семінар “Арганізацыя якаснага абслугоўвання насельніцтва аграгарадкоў”. Яго ўдзельнікі — прадстаўнікі 25 аграгарадоцкіх бібліятэк абодвух раёнаў, з іх 13 устаноў — на Навагрудчыне, у ліку якіх — чатыры публічныя цэнтры прававой інфармацыі і пяць мультымедыйных цэнтраў.

/i/content/pi/cult/293/4856/12-3.jpg

 

За два дні наведана шэсць аграгарадоцкіх устаноў: Усялюбская сельская бібліятэка, Цэнтр сацыяльна значнай інфармацыі, Ладзеніцкая сельская і Пятрэвіцкая сельская бібліятэкі Навагрудскай ЦБС; Юрацішкаўская гарпасялковая, Ліпнішкаўская бібліятэка-краязнаўчы цэнтр, Геранёнская сельская бібліятэка Іўеўскай ЦБС, а таксама абедзве цэнтральныя ўстановы.

Кожная з іх "абараняла" свой прыярытэтны накірунак дзейнасці. У Навагрудскай ЦБС прадэманстравана работа па рэалізацыі інфармацыйнай, адукацыйнай і культурна-масавай задач. Бібліятэкары правялі майстар-класы па забеспячэнні насельніцтва сацыяльна значнай інфармацыяй, фарміраванні культурна-маральнага асяродка вёскі. Калегі з Іўеўшчыны паказалі дзейнасць па адраджэнні і захаванні народнай спадчыны, выхаванні ў дзяцей патрыятычных пачуццяў і беражлівых адносін да прыроды.

Бібліятэкары аграгарадкоў Навагрудскай ЦБС самастойна ствараюць электронныя прэзентацыі, выдаюць памяткі, буклеты, бібліяграфічныя паказальнікі. Усё гэта было прэзентавана калегам з Іўеўшчыны. Паказаны электронныя прэзентацыі вёсак Уселюб і Пятрэвічы. Ладзеніцкая СБ пахвалілася сваімі выданнямі па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяродку.

 Кіраўніцтва аддзелаў культуры і ЦБС, а таксама загадчыкі аддзелаў цэнтральных раённых бібліятэк казалі аб арганізацыі ўстаноў у аграгарадках. Былі абмеркаваны канцэпцыя фарміравання фондаў, а таксама новыя магчымасці абслугоўвання, звязаныя з укараненнем публічных цэнтраў прававой інфармацыі. Засяроджвалася ўвага на асобе бібліятэкара: менавіта ад яго падрыхтаванасці залежыць якасць абслугоўвання чытачоў. Пад час сустрэчы былі паказаны спецыяльныя і агульнакарыстальніцкія сайты для бібліятэкараў.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ,

 загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэкі