Марыкс, “Машэка” і …

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

У Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Беларуская драматургія на Купалаўскай сцэне”, прысвечанай 90-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/293/4853/9-1.jpg

У аснову юбілейнай экспазіцыі пакладзены эскізы, макеты, касцюмы, афішы, праграмы і фотаздымкі спектакляў па п'есах б/i/content/pi/cult/293/4853/9-2.jpgеларускіх драматургаў.

У музеі можна пазнаёміцца з эскізамі дэкарацый да спектакляў "Кастусь Каліноўскі" і "Машэка" 20-х гг. ХХ ст. знакамітага тэатральнага мастака Аскара Марыкса, з эскізамі касцюмаў да спектакляў "Паўлінка" і "Прымакі" 1940-х гг. Барыса Малкіна, з эскізамі дэкарацый да спектакляў "Кацярына Жарнасек", "Пяюць жаваранкі", "Выбачайце, калі ласка!" 1940 - 60 гг. мастака Івана Ушакова... Наведвальніку выпадае магчымасць пабачыць унікальныя фотаздымкі 1920-х гг. з фондаў музея.

 Выстаўка імкнецца ахапіць увесь перыяд развіцця беларускай драматургіі на Купалаўскай сцэне, таму, акрамя рарытэтных матэрыялаў 20-30-х гг. мінулага стагоддзя яна змяшчае эскізы і макеты да спектакляў апошняга дзесяцігоддзя, такіх, як "Пінская шляхта", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хам". Запомніліся на адкрыцці выстаўкі і выступленні колішняга шматгадовага мастацкага кіраўніка тэатра, народнага артыста Беларусі Валерыя Раеўскага, заслужанай артысткі Беларусі Зінаіды Зубковай, загадчыка музея трупы Клары Мізгайла. Яны падзяліліся з наведвальнікамі сваімі ўспамінамі аб творчым жыціі тэатра.

Таццяна КАНДРАТОВІЧ, навуковы-супрацоўнік экспазіцыйнага аддзела музея

На здымках: сцэна са спектакля "Машэка" (1923 г.);

Стэфанія Станюта ў ролі Дзіяны ў спектаклі "Дурная для іншых, разумная для сябе" (1940 г.).