Паміж палюсамі

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Пад павелічальным шклом: ратуючы будучыню

/i/content/pi/cult/293/4852/9-6.jpg

 І зноў - пра вайну... Тэма гэтая не сыходзіць з тэатральных падмосткаў, хвалюючы сваёй пранізлівасцю і шчымлівасцю. Аб ёй - і спектакль "Каханне Лізы і Ягора" Палескага драматычнага тэатра імя Івана Мележа з Мазыра. І няхай вас не ўводзіць у зман знешняя нейтральнасць самой назвы п'есы, напісанай Георгіем Марчуком, - спектакль мазыран звяртае нас да зусім іншых аспектаў таго жахлівага перыяду айчыннай гісторыі.

У цэнтры ўвагі - гісторыя простай беларускай жанчыны Браніславы (Алена Кашаед), што ў гады вайны ратавала дзяцей з яўрэйскага гета, расказаная яе сынам. Жахлівыя і мала зразумелыя дзіцячаму розуму падзеі акупацыйнага жыцця, тыя супярэчлівыя ўражанні, якія яны пакінулі, асэнсоўваюцца сённяшнім днём - праз думкі і разважанні ўжо немаладога героя. І мы, гледачы ў зале, назіраем за імі нібыта праз глыбіню часу, якая, адначасова, становіцца для нас і павелічальным шклом, што бязлітасна высвечвае ўсе расколінкі і дэфекты чалавечых узаемаадносін.

Рэжысёр спектакля Раман Цыркін актыўна працуе з драматургічным матэрыялам, прапанаваным Георгіем Марчуком. Ён свядома "расслойвае" спектакль на асобныя пласты, скрэсліваючы павароты сюжэтных ліній амаль што да схематызму. Дзякуючы гэтаму, рэжысёр намагаецца ўпісаць бытапісную гісторыю з мноствам падзейных і псіхалагічных адгалінаванняў у структуру прытчы. Перад намі- вобраз ваеннага ліхалецця, які высвечвае характары людзей і раскрывае іх абліччы. Паралельна існуе гісторыя дзіцячага ўспрыняцця тых гадоў: у ёй маленькія шасцігадовыя Ягор (Раман Цыркін-малодшы)/i/content/pi/cult/293/4852/9-5.jpg з Лізай (Ксенія Сянюк) засяроджана і нават крыху адмежавана ад цэнтральных падзей гуляюць на авансцэне "ў домік"- заўсёдную дзіцячую забаву. Трэцім жа слоем пастаноўкі з'яўляецца сучаснае "жыццё" закадравага голасу Ягора-дарослага (Валерый Шушкевіч), што ў чарговы раз асэнсоўвае ўласны лёс ды і настроі сучаснага грамадства праз вяртанне да ўрокаў, якія ён малым атрымаў у час вайны: ад маці, ад суседзяў, ад Жыцця.

У коле "ваенных" спектакляў апошніх гадоў адметнай рысай мазырскай пастаноўкі з'яўляецца адмаўленне ад імкнення да пераасэнсавання тых жахлівых падзей: ні аўтар, ні рэжысёр не імкнуцца да гэткіх "сенсацый". Яны надзвычай канкрэтна расстаўляюць акцэнты паміж добрым і дрэнным, прымальным і недапушчальным. І ў гэткай, няхай сабе ў нечым архаічнай, форме сцэнічнага аповеду бачыцца шчырае жаданне аўтараў спектакля не проста "пагаварыць пра вайну", а сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, сказаць, што нават адкрываючы новыя факты і звесткі пра яе, нязменнымі на ўсе часы застаюцца галоўныя паняцці - Дабрыні і Чалавечнасці.

Тэатр выводзіць гледачоў у зале на размову аб каштоўнасці чалавечага жыцця. У той або іншай форме персанажы спектакля выказваюцца, сцвярджаючы гэты пастулат. Вось толькі для кожнага з іх каштоўнасць жыцця вымяраецца ў розных адзінках. У гэтым сэнсе двума палярнымі персанажамі выступаюць Яніна Піліпаўна (Алена Чыжык) і паліцай Віталь (Юрый Шмак). Адзін з іх чапляецца за жыццё любой цаной, заяўляючы, што галоўнае - клапаціцца пра ўласную скуру і дабрабыт, другая, настаўніца, лічыць, што нельга жыць на свеце без пачуцця маральнасці і справядлівасці. А паміж гэтымі палюсамі- простая жанчына, якая бачыць толькі адно: падобных да сябе жанчын, якія просяць аб самым дарагім: уратаванні іхніх дзяцей. І яна з дрыготкай у каленях і страхам у душы "змагаецца" з вайной сваім спосабам: ратуючы маленькае і пакуль што зусім безабароннае будучае чалавецтва, наш сённяшні дзень.

 На здымках: Яніна Піліпаўна ў выкананні Алены Чыжык;

Браніслава (Алена Кашаед) і Ягор (Раман Цыркін-малодшы).