Імправізацыя пачынаецца

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Пра першую скрыпку, “пабочныя партыі” і дзёрзкую цішыню

/i/content/pi/cult/293/4851/8-3.jpg

Пяты Міжнародны фестываль Юрыя Башмета - гэта ўжо, можна сказаць, першы юбілей. А Другая Маладзёжная музычная акадэмія (ММА) - лічы, першае падвядзенне вынікаў і далейшыя планы. Сапраўды, абодва гэтыя буйныя форумы пакінулі шмат нагод для роздуму.

 Чаго майстар-класамі не вырашылі?

ММА сабрала 30 студэнтаў з дзесяці краін (летась - 17 з сямі). Дый надалей яе плануецца пашыраць. Сапраўды, ідэя правядзення цыкла майстар-класаў, што вянчаюцца сумесным канцэртам навучэнцаў і прафесараў, - бліскучая і папраўдзе вечная. Бо мае на ўвазе актыўны творчы абмен паміж рознымі выканальніцкімі школамі, неабходны мастацтву. Іншая справа, што формы правядзення майстар-класаў і творчых сустрэч могуць вар'іравацца, арганізацыя - паляпшацца.

Сёлета ММА, як вядома, набыла самастойнасць, аддзялілася ад фестывалю. Яе фінансавыя і асноўныя арганізацыйныя пытанні вырашаліся Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін - удзельніц СНД, а таксама Рускім канцэртным агенцтвам. Сапраўды, шыкоўны падарунак! Тым больш, што калі ад іншых краін сюды можна было накіраваць не больш за чатырох удзельнікаў, дык ад Беларусі, на правах гаспадыні, было шасцёра маладых музыкантаў. Яны атрымлівалі індывідуальныя заняткі, але прысутнічаць на гэтых майстаркласах і набірацца вопыту, навучаючыся на чужым прыкладзе, маглі ўсе ахвотныя. Адзіным выключэннем сталіся "закрытыя" ўрокі ў вакалістаў: мастацкі кіраўнік Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі Дзмітрый Удовін праводзіў іх тэт-а-тэт, але выступіў публічна з запальнай прамовай, навучаючы студэнтаў, як паводзіць сябе "ў артыстах", супрацоўнічаючы з тэатрамі і менеджэрамі./i/content/pi/cult/293/4851/8-4.jpg

У форме майстар-класаў (цалкам або часткова) праходзілі і іншыя творчыя сустрэчы - штодзень, а часам і двойчы на дзень. Вядома, за адну гадзіну, калі майстар праслухае твор або яго фрагмент, прапанаваны студэнтам, і паспрабуе штосьці ўдасканаліць у выкананні, набрацца вопыту немагчыма. Але кожны слухач такіх "курсаў", калі ён валодае творчым падыходам да ўсяго, што ні напаткае ў жыцці, зможа заўсёды знайсці штосьці асабіста для сябе: па-свойму інтэрпрэтаваць падкінутую ідэю ці, наадварот, не пагадзіцца з трактоўкай і, адпаведна, узмацніць, абгрунтаваць уласную канцэпцыю. Так што карысць ад ММА - безумоўная. Але планы на далейшы "прырост" удзельнікаў і, галоўнае, ахопленых спецыяльнасцей павінны спалучацца з такімі арганізацыйнымі "дробязямі", як павелічэнне колькасці аўдыторый (у тым ліку - для самастойных заняткаў студэнтаў), якіх у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе праводзіліся ўсе майстар-класы, не стае.

Не будзем забывацца і на тое, што яшчэ большую аддачу менавіта для нашых маладых музыкантаў здольныя прынесці майстар-класы, "размеркаваныя" ў часе па ўсім навучальным годзе, з тымі прафесарамі, якіх запрашаюць самі выкладчыкі БДАМ, арыентуючыся, што будзе больш спрыяльным для развіцця нашых нацыянальных выканальніцкіх школ. Бо задача ММА ў яе цяперашнім выглядзе, як неаднойчы падкрэсліваў артдырэктар Юрый Башмет, - сабраць лепшыя таленты для магчымага працягу навучання ў Маскве. Гэта, зразумела, цудоўна, але, на жаль, трапіўшы туды, назад амаль ніхто не вяртаецца: мегаполіс з яго развітой інфраструктурай у сферы культуры папраўдзе паглынае. А да таго ж, стварае добрую стартавую прыступку для далёкага замежжа. Яно б і няблага (якніяк, узнімаецца прэстыж краіны!), але ж - ці спрыяе далейшаму развіццю нашай уласнай культуры? Усё гэта - тыя няпростыя пытанні, якія аднымі майстар-класамі не вырашыць.

Тым не менш, менавіта ММА "прэзентавала" нам нашых лепшых маладых выканаўцаў. Сапраўдным адкрыццём стала "наша Саша" - альтыстка Аляксандра Іванова. Калі скрыпачку Кацярыну Пукст і віяланчэліста Аляксея Багрынцава даводзілася чуць крыху часцей, дык Саша грала на вялікай філарманічнай сцэне ці не ўпершыню. А звярнуць увагу на яе можна было яшчэ раней - пад час майстар-класа Ю.Башмета, калі яна скарыла сваёй тонкай музычнасцю, прыгажосцю гуку, тым бляскам у вачах, што будзе залогам далейшага паспяховага развіцця маладой выканаўцы.

Глыбока сімвалічным падалося і тое, што правядзенне ММА быццам "папярэджваў" канцэрт сімфанічнага аркестра нашага Вялікага тэатра, дзе саліравала 16-гадовая карэйская скрыпачка Эстэр Юу, якая даўно падтрымлівае сяброўскія стасункі з нашай Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гэта быў супермайста/i/content/pi/cult/293/4851/8-2.jpgр-клас! Бо ейнае выкананне найскладанага канцэрта Я.Сібеліуса вызначалася не толькі віртуознасцю (дарэчы, без ценю гэткага "голага тэхніцызму"), але і тонкім адчуваннем музыкі, і, галоўнае, зусім не дзіцячай канцэпцыйнасцю, годнай сталага выканаўцы з мужчынскай "хваткай" у разуменні драматургіі. Узрост "выдавалі" хіба нязвыкла гуллівыя, зусім не "казачна-зефірныя" флажалеты ў фінале, ды і, увогуле, надзвычай пачуццёвае прачытанне твора, у якім адбівалася не прырода Скандынавіі, а сама яе душа.

Астраномія з гастраноміяй

Прыезд удзельнікаў фестывалю Юрыя Башмета падтрымлівалі шматлікія спонсары, сярод якіх за пяць гадоў з'явіліся свае заўсёднікі. Яркіх падзей на сёлетнім фестывалі было не менш, як на мінулых. Праўда, зніклі сумесныя выступленні замежных зорак з лепшымі беларускімі салістамі (удзел у двух творах мастацкага кіраўніка фестывалю, піяніста Расціслава Крымера - па-за конкурсам): мабыць, іх замянілі дадатковыя майстар-класы зорак з нашымі студэнтамі, што ішлі не ў межах ММА. Не замовілі арганізатары да фестывалю і новы беларускі твор (у мінулыя гады такія "сусветныя прэм'еры" рыхтавалі нашы Галіна Гарэлава, Вячаслаў Кузняцоў, сёлета ж - расійская аўтарка Вікторыя Палявая). Затое на адкрыцці фестывалю ў фае філармоніі працавала выстаўка беларускага жывапісу "Музыка ў фарбах". На закрыцці выдатна выступіў наш філарманічны сімфанічны аркестр. Ім па чарзе кіравалі Юстус Франц (Германія), піяніст Аляксей Любімаў (Расія - Францыя), які ўзгадаў старадаўнюю манеру сумяшчэння саліста і дырыжора ў адной асобе, і наш Алег Лясун.

 Літаральна ў апошні момант у фестывальнай праграме ўзнік і канцэрт нашага Камернага аркестра на чале з Яўгенам Бушковым, які запрасіў саліраваць знакамітага аўстрыйскага піяніста Пауля Бадуру-Шкоду. Слухачы, бы зачараваныя, у адзін голас паўтаралі: "Так наш аркестр яшчэ не граў!" Дый такіх піяністаў мы не сустракалі, якія б, дайшоўшы да паўз, бязгучна "гралі" зверху клавішаў усю парты/i/content/pi/cult/293/4851/8-1.jpgю аркестра. І гэта прытым, што напярэдадні П.Бадура-Шкода, даведаўшыся пра ММА, правёў незапланаваную лекцыю для студэнтаў і выкладчыкаў: ажно дзве гадзіны расказваў і на ўласным прыкладзе паказваў (усё - на памяць), як лепей выконваць музыку ад барока да ХХ ст. А на развітанне падарыў ноты з уласнымі кадэнцыямі твораў Моцарта.

Сярод самых запамінальных фестывальных хвілін - надзвычай бурлівае, усхваляванае, на піку рамантыкі і эмацыйнасці, выкананне Фартэпіяннага квартэта Ё.Брамса, дзе першую скрыпку вёў Гідон Крэмер, выступленне яго ансамбля "Крэмерата Балтыка" з надзвычай "сваім" выкананнем квартэта Бетховена, пазбаўленым кантрастаў, але напоўненым пульсацыяй думкі. Увогуле, "балтыйскі" канцэрт вылучаўся надзвычай адметнай, нешараговай праграмай, пабудаванай на творах, напісаных (ці апрацаваных) вельмі стыльна, сучасна, з вялікім эстэтычным пачуццём і схільнасцю да "агучанай цішыні", а не плакатнай крыклівасці. Чым не гэткая "пабочная партыя" ў "санатна-сімфанічным" фестывальным цыкле? Своеасаблівым "жанрава-каляровым скерца" можна было лічыць канцэрт ансамбля "Хортус-Музікус", што ўшчэнт развеяў міф пра "гарачых" эстонскіх хлопцаў: ад іх мелодый эпох Сярэднявечча і Адраджэння, прасякнутых імправізацыямі, патыхала такім творчым полымем і завадным музычным гумарам, што канцэрт праляцеў вокамгненна!

Дзякуючы А.Любімаву музыка Ё.Гайдна атрымалася не размеранабюргерскай або прыпудрана-саладжавай, а гэткай задзірыстай і адначасова лёгкай, элегантнай, бы фірменны, востра паперчаны салацік з агародніны. Ёй імпанаваў і заліхвацкі Фартэпіянны канцэрт Б.Бартака, у крайніх частках якога хацелася б больш вольнасці, дзёрзкасці, атмасферы гульні ад аркестра.

... Да шостага па ліку фестывалю - роўна год. Значыць, можна пачынаць вызначацца з яго праграмай. Бо, як вядома, лепшая "імправізацыя" - тая, што была добра падрыхтавана.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"