Слова аб “…Крылах”

№ 43 (963) 23.10.2010 - 29.10.2010 г

Кожны мастак адчувае непарыўную сувязь з зямлёй, з якой ён знітаваны. Рэспубліканская выстаўка “Зямля пад белымі крыламі” — яскравае таму пацвярджэнне.

/i/content/pi/cult/293/4849/7-4.jpg

У рамках гэтай экспазіцыі ў слуцкай Галерэі мастацтваў, якой, дарэчы, 8 кастрычніка споўнілася пяць гадоў, дэманстраваліся работы мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Міншчыны, а цяпер з гэтай выстаўкай знаёмяцца жыхары і госці Гомеля. У адказ на Случчыну завіталі мастакі Гомельшчыны.

Такім чынам, днямі ў Слуцкай галерэі адбыўся святочны вернісаж. Прадстаўлены 44 жывапісныя, графічныя, скульптурныя і дэкаратыўныя творы больш за 30 мастакоў і скульптараў з Гомеля, Мазыра, Светлагорска.

Зямля беларуская - невычэрпная крыніца натхнення, а нашы краявіды - непаўторныя. Таму пейзажы мастакоў, у прыватнасці, творцаў з Гомельшчыны, блізкія душы чалавека, валодаюць сугучнымі ёй пачуццямі і, у той жа час, узвышаныя і таямнічыя. Гледзячы на пейзажы Р. і В. Ландарскіх, М.Казакевіча, Б.Звінаградскага, В.Ягорава, П.Фея, В.Казачэнкі, В.Сідоркіна ды іншых сапраўды сэрцам успрымаеш родную зямлю. Ёсць творы, выкананыя і ў авангарднай манеры (А.Отчык, В.Дзенісенка), але яны абуджаюць жаданне разважаць пра духоўную сутнасць свету.

Нацюрморты і кветкавыя кампазіцыі В.Баранава, П.Лук'яненкі, Л.Сцяпанавай, М.Кухарэнкі, А.Крылова, А.Гайлевіча, С.Ігнаценкі выкананы ў розных тэхніках, але іх аб'ядноўвае прыгажосць, тонкі густ, прыродная любоў да зямлі./i/content/pi/cult/293/4849/7-3.jpg

Стварэнне партрэта эпохі немагчымае без партрэта сучаснікаў. На выстаўцы прадстаўлены партрэт заслужанай артысткі Беларусі Галіны Паўлянок, які стварыла мастачка С.НаздрынПлатніцкая, а фігурныя кампазіцыі А.Двароніна, Г.Говара, І.Сямекі, Ю.Платонава падкрэслены ўсплёскамі святла і колеру, пластыкай ліній, бударажаць свядомасць.

Графіка прадстаўлена акварэллю С.Курашовай і пастэллю У.Андрыянава ды У.Кароткага. Разнастайнасць колераў, жывая трапятлівасць каларыту ўласцівыя гэтым работам. Скульптары Д.Папоў і В.Далгоў знаёмяць гледача са сваімі станковымі творамі, што вызначаюцца глыбінёй псіхалагічнага спасціжэння чалавека, вастрынёй назіральнасці ў перадачы характэрных асаблівасцей аблічча натуры. Цудоўныя і непаўторныя габелены Л.Зуевай вабяць шырокай гамай фарбаў і колераў і, у той жа час, тонкім эстэтычным густам.

Работы творцаў розных пакаленняў, стыляў і напрамкаў мастацтва ўдала спалучаюцца ў экспазіцыі і ствараюць цікавую, разнапланавую карціну сучаснай выяўленчай культуры Гомельшчыны.

Валерый АЖЭЎСКІ, навуковы супрацоўнік філіяла "Галерэя мастацтваў" Слуцкага краязнаўчага музея